Вялікае абнаўленне

Больш чым у два разы ў параўнанні з мінулым годам сёлета кіраўніцтвам райспажыўтаварыства выдзяляецца сродкаў на рэканструкцыю і абнаўленне аб’ектаў арганізацыі. Па словах кіраўніка раённага спажывецкага таварства Надзеі Мурашкі, на гэтыя мэты запланавана выдаткаваць амаль паўтара мільярда рублёў.


Толькі на абнаўленне рэстарана “Белая Русь” па праграме развіцця Прыпяцкага Палесся з інавацыйнага фонду Белкаапсаюзу будзе выдзелена 500 мільёнаў рублёў. Яшчэ палову ад гэтай сумы ў рэканструкцыю рэстарана ўкладзе Жыткавіцкае райпа. Пасля капітальнага рамонту ва ўстанове грамадскага харчавання зменіцца не толькі ўнутраны інтэр’ер, але і будзе ўстаноўлена новае абсталяванне, што дасць магчымасць прапанаваць паслугі не толькі вечарам, але і днем. У прыватнасці, гарачыя комплексныя абеды для ўсіх жадаючых.


Зараз актыўна вядзецца абнаўленне сталовай “Палессе”. Пасля заканчэння рамонтных работ у яе будынку пачне працаваць сучасны прадуктовы магазін з барам і летняй пляцоўкай. Чакае сваёй рэканструкцыі і магазін “Гастраном”, што знаходзіцца побач са сталовай. Пасля рамонту ён таксама памяняе сваю спецыялізацыю, тут будзе весціся гандаль будаўнічымі матэрыяламі.


Вялікія рамонты на гандлёвых аб’ектах будуць праведзены райпа і ў сельскіх населеных пунктах. Гэта тычыцца ў першую чаргу тых, якія сёлета зменяць свой статус на аграгарадкі. Такіх у раёне тры.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.