Добрыя тэмпы. Належная якасць

Паспяховая праца жывёлаводаў КСУПа “Коленскае” па вытворчасці прадукцыі падчас мінулага зімова-стойлавага перыяду ў многім тлумачыцца добрай кармавой базай, якую здолелі тут стварыць. Каб грамадская жывёлагадоўля і будучай зімой таксама давала добрую аддачу, у гаспадарцы зараз старанна рупяцца на сенакосных угоддзях. Аб тым, як праходзіць корманарыхтоўчая кампанія ў сельгаспрадпрыемстве, расказвае намеснік дырэктара Валянцін ПЯШЭВІЧ.


— Валянцін Васільевіч, сёлета корманарыхтоўшчыкі вашай гаспадаркі забяспечваюць даволі добрыя тэмпы на касьбе траў першым укосам. Што гэтаму спрыяе?


— Найперш, я назваў бы грунтоўную тэхнічную падрыхтаванасць. Механізатары дбайна аднесліся да рамонту замацаваных за імі машын і агрэгатаў. Да таго ж перад касавіцай мы купілі некалькі адзінак новай тэхнікі. Гэта шыроказахопная касілка КПР-9, граблі. Таму працавалі на ўсіх участках корманарыхтоўчага канвеера раўнамерна і рытмічна. Яшчэ б хацелася адзначыць працу механізатараў. На касьбе траў праяўляюць стараннасць Мікалай Гулюта, Канстанцін Фларыновіч, на прасаванні Эдуард Ярмоліч, Міхаіл Пяшэвіч, Мікалай Шапавалаў, Васіль Шакалян, на здрабненні і адвозцы масы Аляксандр Дрынеўскі, Валянцін Ярмоліч, Віктар Арцёмьеў, Уладзімір Ханеня, Васіль Пяшэвіч, Уладзімір Ханеня, Аляксандр Кароткі, Уладзімір Гулюта. На зграбанні і варушэнні травы працуюць Канстанцін Козел і Станіслаў Козел, а на трамбоўцы траншэй Мікалай Жук, Леанід Кандора, Генадзь Хільман. Скажу дзякуй і нашаму повару Святлане Пяшэвіч, якая забяспечвала ўсіх удзельнікаў корманарыхтоўкі гарачымі абедамі.


— Раскажыце, калі ласка, аб цяперашнім плёне працы вашых корманарыхтоўшчыкаў?


— Уборку траў мы практычна завяршаем. Яны скошаны на 760 гектарах, адведзеных для назапашвання травяністых кармоў. Пад павеці закладзена больш трохсот тон сена і амаль дзве тысячы тон сенажу, 550 тон сіласу. Нам патрабуецца назапасіць гэтых кармоў адпаведна 1000 і 4800 тон. Менавіта на гэтыя віды фуражу зроблены акцэнт падчас уборкі траў першым укосам. Сілас мы закладваем у сваёй большасці толькі з кукурузы. Яе плошчы сёлета павялічаны. Нарыхтаваны цяпер сянаж з траў будзе скармлівацца ў сумесі з кукурузным сіласам. Збалансаванне рацыёнаў жывёлы дазволіць атрымаць большую аддачу ды пазбегнуць перарасходу кармоў на адзінку прадукцыі. Цяпер гэта мае не меншае значэнне, чым забеспячэнне росту вытворчасці.


— Апошняе сведчыць, што корм патрэбна закладваць высокай якасці. Як абстаяць справы ў гаспадарцы з гэтым крытэрыем, тым больш што надвор’е было даволі неўстойлівым?


— Калі пры закладцы травяной масы не забяспечваецца патрэбная якасць, то навошта такая работа патрэбна. Часы, калі стаяла праблема накарміць жывёлу хоць чым небудзь, даўно прайшлі. Цяперашні ўзровень вытворчасці таго ж малака патрабуе зусім іншых падыходаў, у тым ліку і пры стварэнні кармавой базы. Таму ўсё падпарадкавана таму, каб корм атрымаўся якасным. Уся травяная маса закладваецца толькі з кансервантамі. Кругласутачна вядзецца трамбоўка траншэй. Для гэтага ў нас дастаткова энерганасычанай тэхнікі. Якой якасці закладзены корм, таксама адбіваецца на расцэнцы аплаты механізатараў. Таму ў нашай гаспадарцы няма такога, што траншэя закладваецца некалькі тыдняў. Стараюцца зрабіць гэта за лічаныя дні, бо за гэта прадугледжаны дадатковыя стымулы. Што тычыцца надвор’я, то сапраўды яно спрыяла не вельмі. Але наракаць толькі на яго немагчыма. Цяперашні тэхнічны ўзровень нашай гаспадаркі дазваляе назапашваць якасны корм і пры неспрыяльных пагодных умовах. Галоўнае, правільна арганізаваць увесь вытворчы працэс, зацікавіць людзей. Думаю, нам сёлета гэта ўдалося.


— Як вынікае з вашай размовы, грамадскі статак будзе забяспечаны на зіму добрымі кармамі. Але ж многія механізатары на сваіх падворках таксама трымаюць каровак. Ці акажа дапамогу гаспадарка і ім забяспечыць сваіх рагуль сенам?


— Гэта адна з умоў стымулявання людзей. Кожнаму работніку, хто мае карову, на падворак будзе завезена спрасаванае сена. Іначай і нельга. Скажу так, людзі працуюць з рання да позняга вечара на грамадскім сенакосе, а, думаеце, душа за ўласнае ў іх не баліць. Баліць, ды яшчэ як. І калі сельгаспрадпрыемства акажа дапамогу свайму работніку, то ад гэтага будзе толькі карысць агульнай справе.


— Дзякую за гутарку.


Запісаў С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.