Мець дастатковы запас

Механізатару Андрэю Сінілу з камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Чырвоны Бор” летась усяго нямнога не хапіла, каб увайсці ў тройку прызёраў абласнога працоўнага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў. Таму сёлета Андрэй Анатольевіч працуе на сенакосных угоддзях з падвоенай энергіяй, каб палепшыць свой мінулагодні вытворчы здабытак.


Кормаздабываючы комплекс, які замацаваны за Андрэем, уключаецца ў работу ўжо з шасці гадзін раніцы. І першая задача — накасіць масы на корм жывёле. Яе патрэбна нямала — больш паўсотні тон у дзень. Бо кормяць на стойле не толькі маладняк, але і дойны статак на новым малочнатаварным комплексе. Выканана гэтая работа, і корманарыхтоўшчыкі бяруцца за асноўную справу. Магутная машына, падуладная працавітым рукам яе кіроўцы, упэўнена рухаецца па сенажаці, паглынаючы адзін за другім валкі правяленай травы. Другі год як Андрэй Анатольевіч сеў за штурвал комплекса. Канешне, цяпер працаваць намнога лягчэй, бо вопыт нейкі накапіўся. Усё ж добры настаўнік у яго летась быў — бацька Анатоль Фёдаравіч. У яго вопыту намнога больш, таму і дапамагаў асвойваць складаную тэхніку. І цяпер яны працуюць разам. Бацькаў КЗР на другім канцы толькі што зрабіў разварот, каб заняць новы валок. Таму Андрэю працуецца спакойна, можна спадзявацца на падтрымку, калі ў тым наспее неабходнасць у любую хвіліну. Ды і калегі таксама дапамогуць, бо ўсе зацікаўлены ў канчатковым выніку — хутчэй запоўніць траншэю масай. Да кормаздабываючых комплексаў бесперапынна пад’язджае тэхніка для загрузкі масай, а потым гэтак жа хутка кіруецца да траншэі на разгрузку. У месцы закладкі травяністых кармоў праца кіпіць кругласутачна. Нават тады, калі кормаздабываючая тэхніка пакідае сенажаць, тут застаюцца два энерганасычаныя трактары, якія заняты трамбоўкай. Гэта адна з умоў закладкі якаснага корму. Немалаважнае значэнне адыгрываюць і тэрміны закладкі травяністага корму. Каб яны вытрымліваліся, сельгаспрадпрыемства на дапамогу запрасіла кормаздабываючы атрад з райагратэхсервісу. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм дапамагае на касьбе траў. Яно выдзеліла КСУПу трактар з касілкай. Гэта ў дадатак да сваіх двух, на якіх працуюць Сяргей Цімашчэня і Уладзімір Агіевіч. Яны механізатары маладыя, але гэта на касьбе перакрываюць стараннасцю. Усё ж яны рыхтуюць фронт работ для кормаздабываючага звяна, якое занята назапашваннем сенажу. Для гэтага корму патрэбна найперш правяліць травяную масу. Таму і ў Аляксандра Купрацэвіча, які працуе з граблямі, клопатаў хапае.


— Зараз вядзем нарыхтоўку з траў першага ўкосу сена, сенажу і сіласу, — расказвае дырэктар гаспадаркі Сяргей Макарэвіч. — Першачарговае значэнне надаем назапашванню першым відам корму, бо асноўны аб’ём сіласу будзе пакладзены ў траншэі з кукурузы. Асноўная ж задача для нашых корманарыхтоўшчыкаў — як мага хутчэй убраць травы першым укосам, каб атрымаць паўнацэнны другі.


Што на гэтым засяродзіў увагу кіраўнік, зразумець няцяжка. Плошча сенакосных угоддзяў у гаспадарцы паменшала па прычыне павелічэння пасеваў кукурузы і зерневых культур. Кармоў жа патрэбна нарыхтаваць шмат. Толькі аднаго сена больш тысячы тон і дзве з паловай тысячы сенажу і дваццаць пяць тысяч тон сіласу. Без добрага травастою такую задачу выканаць няпроста. Таму адразу пасля ўборкі траў на сенакосы ў якасці падкормкі ўносяцца мініральныя ўгнаенні. Гэтую работу выконвае Анатоль Макарэвіч.


У “Чырвоным Бары” ў гэтыя дні ўсё падпарадкавана, каб назапасіць грамадскаму статку на зімоўку дастатковую колькасць кармоў. Таму дзякуючы старанням мясцовых працаўнікоў фуражны запас штодзённа цяжэе на сотні тон.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.