Не словам, а дзейснай справай

Падтрымліваць ці не падтрымліваць развіццё прыватных гаспадарак вяскоўцаў? Адказ на гэтае пытанне для кіраўніка сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба заўсёды быў адназначным — дапамагаць людзям ва ўсім. І гэтая ўзаемасувязь паміж фермерам і вяскоўцамі штогод не толькі ўмацоўваецца, але і ўдасканальваецца.


Дзейсная дапамога прыватным гаспадарам ад сялянскай гаспадаркі аказваецца пастаянна. Жыхары вёсак Хільчыцы і Бярэжцы не маюць ніякіх клопатаў з сяўбой сваіх прысядзібных участкаў. Людскія соткі, а гэта ў асноўным пенсіянераў, засаджваюцца тэхнікай і працаўнікамі сялянскай гаспадаркі. Прычым для большасці людзей гэтая работа выконваецца бясплатна. Догляд за пасевамі таксама ўжо не адзін год ляжыць на сялянскай гаспадарцы. А гэта і апрацоўкі ад пустазелля, ад хвароб, ад каларадскага жука. Уносяцца на людскія палеткі і неабходныя дозы мініральных угнаенняў.


А вось работнікі сялянскай гаспадаркі ўвогуле не маюць участкаў з бульбай. Гаспадарка забяспечвае восенню іх ужо гатовай са сваіх палеткаў. Як зазначыў кіраўнік Міхаіл Шруб, такі падыход пры забеспячэнні людзей бульбай мае шмат станоўчага. Найперш, у чалавека з’яўляецца вольны час, які ён можа скарыстаць для іншых патрэб. А па-другое, больш эфектыўна выкарыстоўваецца зямля, якая ўведзена ў севазварот сялянскай гаспадаркі. Усё ж ураджайнасць на людскіх сотках намнога ніжэйшая чым на фермерскім палетку. А менавіта і гэтая велічыня адыгрывае не апошняе месца, колькі тон клубняў будзе завезена на падворак работніка. У некаторых набягае да дзесяці тон бульбы, а з такім набыткам можна і адкорм не аднаго парсючка весці і іншай жыўнасці.


Прысядзібныя ўчасткі — не адзінае, чым сялянская гаспадарка дапамагае вяскоўцам. Напрыклад, усім работнікам выдзяляецца зерне. Надзяляюць ім і пенсіянераў па льготнай цане. На млыне гаспадаркі яго жадаючыя могуць перамалоць на муку. — Мы плануем у бліжэйшы час увогуле выдзяляць людзям па іх жаданні не толькі зерне, але і гатовы камбікорм ці муку, — расказвае Міхаіл Рыгоравіч. — Абсталяванне неабходнае ў нас ёсць, рэцэпты таксама. Таму здольны прыгатаваць камбікармы і для каровак, і для птушкі, і для свіней. Лічу, што гэта таксама будзе добрай падтрымкай прыватных гаспадарак на нашай тэрыторыі.


У планах таксама адкрыць гандлёвую кропку, каб прадаваць прыватнікам і якасны насенны матэрыял, і мінеральныя ўгнаенні, і іншыя неабходныя людзям тавары. Неабходнасць у гэтым таксама маецца.


Не застаюцца без дапамогі і ўласнікі кароў. Сялянскай гаспадаркай выдзяляецца выпас для жывёлы. Для асемянення тут маюць і штатнага тэхніка-асемянатара. З кармамі на зіму таксама праблем няма. Пенсіянерам і іншым вяскоўцам, хто не працуе ў гаспадарцы, выдзяляецца скошаная трава, а сваім работнікам сена завозіцца на падворак. Практычна ўсё гэта робіцца бясплатна.


Усе гэтыя падыходы, якія прымяняюцца кіраўніцтвам па падтрымцы прыватных гаспадарак, менавіта і спрыяюць развіццю апошніх.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.