Спяшаецца на дапамогу

Было гэта ў 1982 годзе… Ніна Хаміцэвіч толькі прыехала пасля заканчэння Баранавіцкага медвучылішча да месца свайго размеркавання на пасаду загадчыцы Беразнякскага ФАПа. Яшчэ і рэчы распакаваць толкам не паспела, як да маладога фельчара паступіў выклік аб дапамозе. Выпадак і для вопытнага спецыяліста не радавы аказаўся, у чалавека надарыўся інфаркт. Дзяўчына спалохалася не на жарт, але вяскоўца выратавала, аказала патрэбную дапамогу, накіравала ў бальніцу. Сама ж у той дзень сабрала рэчы і збегла з Беразнякоў — вярнулася да бацькоў, якія жылі непадалёку ў суседнім Салігорскім раёне. Дні са тры прыходзіла пасля такога здарэння ў сябе. Усё ж самалюбста пераважыла страх. І бацькоў, якія на той час працавалі таксама ў сістэме аховы здароўя, падвесці таксама не хацелася. Сваім учынкам Ніна як бы здраджвала сямейнай прафесіі. Таму яна вяртаецца ў Беразнякі.


Шмат гадоў прайшло ўжо, як Ніна Канстанцінаўна ўзначальвае ў гэтым населеным пункце фельчарска-акушэрскі пункт. Нямала было ў яе медыцынскай практыцы складаных сітуацый, але фельчар кіраваўся падчас іх толькі адным правілам: дапамагчы чалавеку. У памяці Ніны Канстанцінаўны раз за разам усплываюць успаміны пра розныя выпадкі са сваёй прафесійнай дзейнасці. Памятае, як хворы сын скалоў віламі сваю маці. І фельчару прыйшлося шукаць машыну, каб адправіць у райцэнтр параненую жанчыну і яе сына на лячэнне. Але ж нямала і прыемнага ўспамінаецца. Гэта, калі ёй даводзілася прымаць роды прама ў вясковых хатах.


— А што зробіш, вёска наша далёка ад райцэнтра знаходзіцца, і скорая не заўсёды змагла дабрацца аператыўна на выклік, — расказвае Ніна Канстанцінаўна. — Апошні раз дапамагала парадзісе гадоў пяць назад, тады дзяўчынка нарадзілася.


Цяпер у Беразняках у асноўным пражываюць людзі пажылога веку. Зразумела, што хваробы ім дакучаюць вельмі часта. Адпаведна звяртаюцца да свайго фельчара: прыходзяць на прыём у ФАП, выклікаюць на дом. І фельчар заўсёды адгукаецца на гэтыя звароты. Цяпер Ніна Канстанцінаўна разумее, што з прафесіяй яна не памылілася, што яна патрэбна людзям. Вяскоўцы за клопаты пра іх здароўе ставяцца да Ніны Канстанцінаўны з павагай. У прафесійнае свята медыкаў многія з іх завітаюць да яе або патэлефануюць, каб павіншаваць і ў чарговы раз аддзячыць за клопаты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.