Адслужу як трэба і вярнуся

Пачаліся адпраўкі ў беларускае войска


 У гэтыя дні амаль для сотні юнакоў з нашага раёна армейская служба становіцца рэаліяй іх жыцця. Вясенне-летняя прызыўная кампанія выйшла на завяршальны этап, пачынаючы з 15 ліпеня прызыўнікі з Жыткавіцкага райваенкамата накіроўваюцца ў вайсковыя злучэнні.


 — Пры заданні сорак сем юнакоў на службу намі падчас гэтай прызыўной кампаніі накіроўваецца каля сотні, — падводзіць вынікі прызыўной кампаніі начальнік аддзялення прызыву Алег Брэеў.


— Як бачна з прыведзеных лічбаў, заданне перавыканана. Больш дзевяноста чалавек будуць праходзіць тэрміновую службу, а сем — у рэзерве. Першыя дзве каманды намі накіраваны ў вучэбную часць пад Барысавам. Служыць гэтыя хлопцы будуць у танкавым батальёне і 120 у механізаванай брыгадзе. Яшчэ нашы землякі папоўняць вайсковыя злучэнні, што дыслацыруюцца ў Віцебску, Брэсце, Баранавічах і іншых гарадах краіны.


Сучаснай арміі патрабуюцца моцныя фізічна салдаты. Таму падчас гэтага прызыву супрацоўнікі райваенкамата даволі сур’ёзна аднесліся да адбору кандыдатаў, якія пойдуць на службу. Найперш гэта тычыцца стану здароўя будучых салдат. Як зазначыў Алег Валер’евіч, усе прызыўнікі прайшлі медыцынскія агляды, калі патрабавалася, то і паглыбленыя. Хаця ў цэлым стан здароўя юнакоў жадае быць лепшым, падчас чарговага прызыву кандыдатаў для праходжання службы ў тых жа мабільных сілах адабрана намнога болей прызыўнікоў. Гэта таксама станоўчы момант цяперашняга прызыву.


Што ў райваенкамаце час адправак хлопцаў на службу, здагадацца не цяжка. Аб гэтым сведчыць вялікі натоўп людзей: бацькі, радня, сябры, якія збіраюцца тут з першымі промнямі сонца, каб развітацца з будучымі салдатамі. У іх позвах прапісаны дакладны час, пяць гадзін раніцы, калі патрэбна з’явіцца ў камісарыят. Зразумела, што пазніцца нікому не хочацца, тым больш што ў прызыўнікоў яшчэ нямала клопатаў перад адпраўкай. Патрабуецца прайсці апошняе медыцынскае абследаванне ва ўрача, запоўніць анкеты, атрымаць ваенныя білеты і інструктаж, як сябе паводзіць. За гэтымі афіцыйнымі абавязковымі працэдурамі работнікі райваенкамата Алег Брэеў і Уладзімір Кабраль стараюцца падтрымаць хлопцаў добрым словам, даць ім карысныя парады на першы час. Усё ж бачна, што юнакі хвалююцца, бо наперадзе ў іх зусім іншае адрознае ад цывільнага жыццё.


 Сярод будучых салдат нямала і такіх, хто скончыў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Цяпер прыйшла пара выканаць свой грамадзянскі доўг і ім. З гэтай катэгорыі і жыткаўчанін Павел Раковіч. Ен занончыў Гомельскі тэхнічны універсітэт імя Сухога. Па словах хлопца, ён спадзяецца, што армейская служба для яго не будзе марнай стратай часу, на ёй атрымае нямала патрэбных навыкаў і пастараецца прынесці карысць грамадству.


— Шкадую толькі аб адным, што не трапіў у больш элітныя вайсковыя злучэнні, не дазволіла здароўе. Канешне, бацькі хвалююцца за мяне, усё ж адзін я ў іх, але думаю так, пяць гадоў чакалі, калі вучыўся ва ўніверсітэце, пачакаюць яшчэ год. Галоўнае, каб усё склалася на службе добра, — зазначае Павел.


Яго маці, Алена Фёдараўна Раковіч, таксама верыць у гэта.


— Цяжка перадаць мацярынскія пачуцці, але я ўпэўнена, мой сын стане добрым салдатам, — расчулена кажа жанчына. — Ен скончыў універсітэт, мае дыплом, ніколі не быў у апошніх радах. Вучыўся добра і спортам займаўся, мяркую, і ў арміі таксама не падвядзе. Сорамна за яго не будзе.


На жаль, не ўсе так хлопцы і іх бацькі адказна ставяцца да вайсковай службы. Па словах Алега Валер’евіча, шаснаццаць чалавек не з’явілася на прызыўныя мерапрыемствы. Але ў гэтых хлопцаў таксама яшчэ ёсць час выправіць памылку і пайсці на службу. Адпраўкі ў войскі нашых землякоў працягнуцца да канца месяца.


А першыя каманды хлопцаў ужо даехалі да месца прызначэння і для іх пачаліся вайсковыя будні. Цяпер кожны з іх спадзяецца на сустрэчу з роднымі, з якімі развіталіся падчас адпраўкі ля райваенкамата, у часці падчас прыняцця прысягі.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.