Берагуць песенную спадчыну

Як хутка бяжыць час… Здаецца толькі ўчора свой першы канцэрт давалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Тураўскага гарадскога Дома культуры, а ўжо народнаму ансамблю народнай песні ветэранаў працы “Залаты ўзрост” 10 гадоў споўнілася. Дзе толькі не пабывалі самадзейныя артысты за гэтыя гады. Не было ні аднаго свята, каб яны не давалі канцэрты ў бальніцы, аддзяленні сястрынскага догляду, маланаселеных пунктах, сенажацях і радавалі людзей сваёй песняй. Яны ўсюды і заўсёды былі жаданымі гасцямі, іх заўсёды прымалі з цеплынёй. А калі запяюць народныя песні, такія блізкія сэрцу, то з такім замілаваннем людзі слухаюць, што забываеш і на гады, і на хваробы, а ў душы яшчэ доўга гучыць песня. Яны сваім выкананнем зачароўваюць гледача, нездарма ім далі найменне “народны”. За гэтыя гады крэдам калектыва стала — захаванне, зберажэнне традыцый і звычаяў палешукоў і перадача іх маладому пакаленню.
Рэпертуар бяруць свой, мясцовы, песні наваколля Турава. У ансамблі 11 жанчын, якімі кіруе з дня заснавання прафесіянал сваёй справы Наталля Барысаўна Волкава — вялікі аматар і знаўца народнай песні. А акампаніятар — Фёдар Ігнатавіч Батура. Жанчыны, улюбёныя ў песні, з вялікім задавальненнем ходзяць на рэпетыцыі. Для іх вялікае свята сабрацца разам і выказаць у песні свой настрой, сваю любоў да жыцця. Гэта Кацярына Найдзенка, Яўгенія Квяткоўская, Вольга Кулеш, Валянціна Базылевіч, Валянціна Леўкавец, Ванда Хаванская, Любоў Радзіёнава, Ганна Кашпей, Ганна Страх, Тамара Бруй.
Наталля Барысаўна і сама, калі дзе пачуе народную песню, на ўсё забывае ад захаплення, стараецца перанесці ў рэпертуар ансамбля. Парадніла песня калектыў, зрабіла адной дружнай сям’ёй. Яны не могуць жыць адна без адной. Усё — і праца, і радасць, і гора дзеляць пароўну, збіраюцца і гуртам дапамагаюць адна адной. Вялікую дапамогу ансамблю дае акампаніятар Фёдар Ігнатавіч Батура. Гэта вельмі таленавіты мастак — гарманіст. Як расцягне мяхі баяна, дык жанчыны адразу ж маладзеюць на сцэне. Асобна трэба адзначыць Яўгенію Квяткоўскую, якая выконвае прыпеўкі, ёй кожны можа пазайздросціць. Негледзячы на гады, яна і прытупне, і крутнецца, а Фёдар Ігнатавіч зробіць такую варыяцыю, што ўсё хадуном ходзіць. Калектыў з кожнага фестывалю прывозіў граматы, дыпломы, займаў прызавыя месцы. Нездарма людзі кажуць, што гэта тураўскія мадонны. Толькі такія людзі могуць жыць і працаваць на святой зямлі Кірылы Тураўскага.
Мы жадаем далейшых творчых поспехаў ансамблю, доўгіх гадоў жыцця і здароўя ўдзельнікам, бадзёрасці і радасці, каб яны яшчэ доўга радавалі сваімі песнямі і музыкай душы і сэрца людзей, каб заўсёды займалі першыя прызавыя месцы! Поспехаў вам ва ўсім!
К. БЛОЦКАЯ,
г. Тураў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.