Чыгунка працуе стабільна

Чыгунка працуе стабільна. Аб гэтым упэўнена выказваецца начальнік станцыі Жыткавічы Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Белянок. І ў кіраўніка для такой высновы ёсць важкія падставы, якія падмацоўваюцца вытворчымі здабыткамі, што дасягнуты калектывам за першае паўгоддзе. За гэты перыяд станцыяй Жыткавічы абслужана больш 50 тысяч чалавек, пагружана 423 тысячы тон розных грузаў, што складае 8800 вагонаў. Аб’ёмы пагрузкі ўзраслі на 28 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Павялічаны і продаж пасажырскіх білетаў. Увогуле, станцыя Жыткавічы па Гомельскім аддзяленні па пагрузцы розных грузаў трывала займае чацвёртае-пятае месца.


— Несумненна, гэта дасягнута дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з нашымі партнёрамі, якія актыўна карыстаюцца нашымі паслугамі, — адзначае Аляксандр Іванавіч. — Сярод іх такія буйныя калектывы як “Гомельаблдарбуд”, торфабрыкетны завод, ААТ “Жыткавічлес”, Жыткавіцкія лясгас і хлебная база. А яшчэ паспяховая праца ў многім залежыць і ад стараннасці нашага калектыва.


На цяперашні час калектыў станцыі Жыткавічы налічвае каля сотні чалавек. Гэта людзі розных прафесій: машыністы і пуцейцы, работнікі, якія абслугоўваюць устаноўкі аўтаматыкі і сувязі, працаўнікі грузавога цэха і білетных кас, вагоннікі, рушэнцы, пуцейцы. Вось гэтыя спецыялісты і выконваюць увесь той значны аб’ём работ, забяспечваюць бяспеку руху на сталёвых магістралях. Сярод іх нямала работнікаў, якіх па праву можна лічыць прафесіяналамі. Сярод такіх дзяжурныя па станцыі Мікалай Васільевіч Маскальчук і Генадзь Анатольевіч Варанцоў. Чыгунцы кожным з іх аддадзена больш дваццаці гадоў жыцця. Неаднаразова за свой прафесіяналізм яны адзначаліся рознымі ўзнагародамі як ад мясцовай улады, так і кіраўніцтва чыгункі. Сёлета яны ідуць на заслужаны адпачынак. Але на змену вопытным работнікам прыходзіць моладзь, якая пастаянна ўліваецца ў працоўны калектыў пасля заканчэння навучальных устаноў, вызначаецца стараннем і працавітасцю. Гэта Вольга П’яўка, Таццяна Шчур, Яўген Камароў, Пётр Галавач.


— Яны толькі асвойваюць свае спецыяльнасці, — адзываецца аб маладых спецыялістах начальнік станцыі, — але, калі меркаваць па тым, як яны гэта робяць, з упэўненасцю магу сказаць, што стануць годнай зменай нашым ветэранам. Хочацца павіншаваць усіх чыгуначнікаў і ветэранаў з прафесійным святам, пажадаць усім моцнага здароўя, шчасця і, як кажуць чыгуначнікі, зялёнай вуліцы ва ўсіх справах.


Падрыхтаваў С.МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.