Даніна павагі

Ва ўрачыстай абстаноўцы быў адзначаны Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) у Ленінскім сельсавеце. Паважаных ветэранаў з навакольных вёсак у Ленінскі цэнтр культуры даставілі на легкавых аўтамабілях старшыня сельскага Савета Васіль Нямчэня і настаўнік мясцовай сярэдняй школы Анатоль Мініч.


Загадчыца цэнтра культуры Людміла Чопчыц разам са сваімі калегамі падрыхтавала цудоўны канцэрт мастацкай самадзейнасці з нумарамі на ваенную тэматыку. Удзел у ім прынялі школьнікі, настаўнікі, ветэраны працы.


Святочны стол для ветэранаў быў накрыты дзякуючы спонсарскай дапамозе прыватнага прадпрымальніка Валянціны Давідовіч. За ім і ўспомнілі франтавікі і партызаны сваё баявое мінулае. За актыўны ўдзел у партызанскім руху Сцяпан Ждановіч, якому цяпер 91 год, быў узнагароджаны граматай, падпісанай Сталіным. 85-гадовы Аляксандр Шаціловіч быў паранены ў адным з баёў, узнагароджжаны ордэнам Славы II ступені. 86 гадоў споўнілася Розе Гіраз — партызанцы атрада імя Аляксандра Неўскага, у якім камандзірам быў яе старэйшы брат Аляксандр. У брыгадзе Гуляева Роза Канстанцінаўна дастаўляла параненых у медпункт, была разведчыцай. З цікавасцю слухалі яе ўспаміны як маладыя, так і дарослыя.


Яшчэ доўга ўспаміналі ветэраны Вялікую Айчынную. Яны дзякавалі кіраўніцтву краіны за пастаянны клопат пра іх. І яшчэ раз прыйшлі да агульнай высновы: значыцца, не здарма ваявалі.


А. РУДЗІНСКАЯ, старшыня ветэранскай арганізацыі Ленінскага сельсавета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.