Дом, дзе жыве дружба

Арганізаванай сіле, стваральнай энергіі нашых пенсіянераў можна толькі па-светламу пазайздросціць і ўзяць гэта на ўзбраенне маладзейшаму пакаленню. Паабяцаюць — абавязкова выканаюць. Заплануюць — зробяць. І разам, дружна, з добрым настроем, з аптымізмам.


У гэтым можна было яшчэ раз пераканацца на нядаўняй іхняй сустрэчы, прыўрочанай да сціплага юбілею — 5-годдзя клуба “Дружба” раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Не сакрэт, сёння ўсім нам, і ў першую чаргу пажылым людзям, часам не хапае душэўнай цеплыні, вобразна кажучы, святла ў акенцы. І тое, што людзі могуць паразмаўляць адзін з другім, нешта цікавае ўспомніць, пасмяяцца, паспяваць — вельмі важна. Гэта дапамагае пераадольваць жыццёвыя цяжкасці.


Пра тое, як нарадзілася ідэя стварэння гэтага клуба, хто быў яго ініцыятарам, расказала нязменная актывістка, першы старшыня клуба Марыя Ярмош. Менавіта для арганізацыі культурнага правядзення вольнага часу, паляпшэння псіхалагічнага стану людзей улетку 2005 года пры тэрытарыяльным цэнтры і быў адкрыты для пенсіянераў клуб “Дружба”. На працягу года практычна адначасова пры клубе пачаў сваю дзейнасць ансамбль “З песняй па жыцці”. Была таксама створана валанцёрская група з чатырох чалавек — Вольгі Рудэнковай, Марыі Грышчэні, Евы Месніковіч і Веры Смольскай. Яны наведвалі дома адзінокіх пажылых людзей, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, аказвалі ім пасільную дапамогу, віншавалі з юбілейнымі датамі і каляндарнымі святамі. Клуб ствараўся пры аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму, загадчыкам якога тады працавала светлай памяці Ларыса Чэркас.


 Што і казаць, за пяць гадоў існавання клуба зроблена нямала. Удзельнікі ансамбля “З песняй па жыцці”, напрыклад, наведалі вялікую колькасць населеных пунктаў раёна і парадавалі іх жыхароў сваімі канцэртамі. Яны не раз пабывалі ў палатах сястрынскага догляду гарадоў Тураў і Жыткавічы. Дарэчы, пра плён работы энтузіястаў-ветэранаў можна было даведацца з фотастэнда “Будні і святы валанцёраў”.


Змястоўным было выступленне перад шматлікімі прысутнымі дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Таццяны Казловай. Яна яшчэ раз звярнулася да гісторыі клуба, яго здабыткаў, назвала актыўных яго ўдзельнікаў. А тут і сапраўды ёсць кім ганарыцца. Узяць нястомную працаўніцу Зінаіду Доладцаву. Усё жыццё прысвяціла яна прафесіі майстра лесу. І зараз не сядзіць на месцы. Як толькі наступае сезон, яна ўжо ў лесе, збірае грыбы, ягады. Любіць чытаць кнігі, шмат часу аддае выхаванню ўнучкі Ніна Гарбатоўская. Таксама дастойна выхоўвае сваіх унукаў былы стаматолаг Надзея Галавач. Вельмі любіць спяваць, вясёлая, жыццярадасная Феня Мархотка. Добрыя, спагадлівыя людзі дзядуля і бабуля Васіль і Людміла Жогалі. Гасціннасцю вызначаецца Ганна Галавач, якая любіць вырошчваць кветкі. Марыя Грышчэня — удзельніца ансамбля, член валанцёрскай групы, любячая маці і бабуля. Якіх толькі кветак не пабачыш на падворку Веры Смольскай — вязня вайны, прыкладнай гаспадыні. Першая актывістка, умелая апавядальніца Вольга Рудэнкова захапляецца чытаннем баек, удзельнічае ў кожным мерапрыемстве. І заўсёды побач з ёю муж Сяргей Рудэнкоў — верны спадарожнік жыцця. У бягучым годзе іх сямейная пара адзначыла залатое вяселле. Ва ўсім любіць парадак Ева Мясніковіч — удзельніца ансамбля “З песняй па жыцці”, актывістка і проста добры чалавек. Цёплыя, добрыя словы былі выказаны таксама на адрас Вольгі Кіслай, Таццяны Урэнцавай, Вікторыі Яхно, Надзеі Лядвіг.


Так, удзельнікі клуба “Дружба” па-ранейшаму застаюцца маладымі душой, жыццярадаснымі, энергічнымі, у калектыве падтрымліваюць адзін другога, разам пераадольваюць адзіноту. Кожны раз яны з задавальненнем наведваюць клуб, з вялікай стараннасцю рыхтуюцца да чарговага мерапрыемства. Час, праведзены імі разам, сапраўды для кожнага свята сэрца і душы.


Нельга не адзначыць і той станоўчы факт, што клуб папаўняецца, колькасць яго ўдзельнікаў з кожным годам расце. Прыемна таксама бачыць у яго калектыве не толькі жанчын, але і мужчынскую палавіну. На сённяшні дзень колькасць удзельнікаў клуба вырасла да 40 чалавек. Зусім нядаўна яго ўдзельнікамі сталі муж і жонка Уладзімір і Галіна Крот, Валянціна Механікава, Галіна Бандзюк. І ярка праявілі свае таленты, у чым пераканаліся ўсе прысутныя.


Пра работу клуба расказала яго старшыня Вольга Рудзянкова. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Казлова ўручыла клубу грамату.


Варта сказаць, што пры цэнтры працуе некалькі клубаў і ў кожным з іх ёсць свае актывісты. Адзін з іх — актыўны ўдзельнік клуба “Тонус” Анатоль Гулюта, чалавек творчы, які піша вершы. Ен быў запрошаны на юбілейны вечар і выступіў перад прысутнымі са змястоўнай прамовай. Шчыра павіншавала юбіляраў таксама метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры Ніна Шагун. Многія ўдзельнікі клуба расказалі пра найбольш яркія моманты ў жыцці калектыва, пра тое, што найлепш запомнілася ў іх сумеснай рабоце.


У выкананні ансамбля “З песняй па жыцці” пад акапанемент музычнага кіраўніка цэнтра Людмілы Янучок прагучалі песні “Як за Донам, за ракой”, “Вочы чорныя”, “А зазюля ўсё куе”, “Варэнікі” і іншыя. Удзельнікі клуба “Дружба” ўдзячныя за спонсарскую дапамогу прадпрымальнікам Людміле Чыкіда і Анатолю Шакаляну. І, канечне ж, свята ўпрыгожылі дзве абаяльныя вядучыя — Марына Бакуновіч і Таццяна Цімашчэня.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.