Едзе аўталаўка ў вёску

Пра свайго мужа Канстанціна Аксана Рослік кажа так: “Гэта мая надзейная апора і ў жыцці, і ў працы”. Як паказала далейшае знаёмства з гэтай сямейнай парай, так яно і ёсць, бо Рослікі заўсёды разам, нават працуюць сямейным падрадам.


Жыткавіцкае спажывецкае таварыства імкнецца прадаставіць свае паслугі жыхарам нават самых маленькіх вёсачак раёна. Выкананнем гэтай задачы і заняты паўсядзённа Аксана Мікалаеўна і Канстанцін Іванавіч. Яны працуюць на аўталаўцы і абслугоўваюць больш дзесятка так называемых неперспектыўных сельскіх населеных пунктаў: Пасека, Буйкавічы, Ацкаванае, Чарацянка, Загорбашша, Вязаў Лес, Карчаватка, Малыя Сцяблевічы, Цімашэвічы, Палосцевічы, Ельна і Буда. Кожны дзень муж і жонка выбіраюцца на замацаваным за імі аўтамабілі па адным з маршрутаў. Але пакуль у дарогу Рослікам патрэбна яшчэ нямала папрацаваць у райцэнтры. Тут галоўны клопат загрузіццца таварамі. Для гэтага іх магазін на колах аб’язджае сем — восем кропак таварыства, каб загрузіцца таварамі. Рослікі стараюцца, каб іх асартымент быў разнастайным. Цяперашняе абсталяванне аўталаўкі дазваляе перавозіць і рыбу, і мясныя вырабы, і марожанае, і хлеб, і многія іншыя прадукты. Завозіць аўталаўка вяскоўцам тавары і пад заказ, нават складаную бытавую тэхніку. Такія заказы Рослікі бяруць з ахвотай, бо гэта спрыяе выкананню месячнага плана па тавараабароту. А ён у аўтамагазіна складае сорак мільёнаў, што даволі нямала.


Вяскоўцы добра ведаюць, калі да іх прыедзе аўталаўка. Таму ў вызначаны час прыходзяць на тое месца, дзе яна спыняецца. З Аксанай і Канстанцінам вітаюцца, як са старымі знаёмымі. Гандаль у іх ідзе бойка. Не абыходзіцца і без жартаў, якімі сыпле Канстанцін Іванавіч, каб разрэкламаваць тавар. Жыхары, а гэта ў асноўным людзі пажылыя, на гэта рэагуюць вельмі прыхільна, стараюцца як мага больш пагутарыць з вадзіцелем аўталаўкі. Хаця Рослікам і не да размоў, яны заняты абслугоўваннем пакупнікоў, але размову з людзьмі падтрымліваюць. Ветлівае абыходжанне — гэта адна з састаўных паспяховай працы сямейнай пары. Задаволіўшы попыт вяскоўцаў, аўталаўка не спяшаецца з’язджаць у другі населены пункт. Канстанцін Іванавіч дапамагае развезці тавары, якія людзям занесці не па сілах на падворкі. Сам занясе і ў хату гаспадарам. За такую дапамогу людзі вельмі ўдзячны вадзіцелю аўталаўкі. Дарэчы, пакуль жонка гандлюе, бабулі просяць дапамагчы мужчыну штосьці і адрамантаваць са сваёй бытавой тэхнікі. Канстанцін Іванавіч і ў гэтым не адмаўляе. Таму і паважаюць гэтую сямейную пару жыхары населеных пунктаў, якія абслугоўваюцца Рослікамі.


Рабочы дзень у работнікаў аўталаўкі цягнецца да позняга вечара, менавіта ў такі час выязджаюць яны з апошняга населенага пункта свайго маршруту. Наперадзе дарога дадому. Яна мужу і жонцы заўсёды здаецца карацейшай. Пакуль Канстанцін ставіць у гаражы машыну, Аксана ўпраўляецца з хатнімі справамі. А потым разам зноў бяруцца за працу: патрэбна палічыць выручку за дзень, скласці справаздачы. Адным словам, выканаць усю папяровую работу. Тут асноўны цяжар кладзецца на плечы Аксаны.


Заўтра іх аўталаўка ў чарговы раз паедзе на вёску, павязе неабходныя тавары людзям. У важнасці сваёй справы Рослікі не сумняваюцца, таму і стараюцца выконваць яе сумленна і старанна.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.