На станоўчы вынік

Як ладзяцца справы ў структурным падраздзяленні Жыткавіцкага спажывецкага таварыства “Тураўскі каапгандль”? Яго кіраўнік Раіса Санец, каб найбольш доказна прадэманстраваць адказ на гэтае пытанне, гасцінна запрашае ў адзін з буйнешых магазінаў Турава “Замкавы”. Нават беглае знаёмства з асартыментам тавараў уражвае. Ад іх, так бы мовіць, паліцы ломяцца. Разнастайнасць таксама ўнушальная. А яшчэ і прадаўцы вызначаюцца надзвычайнай ветлівасцю. Нездарма за мінулы месяц тавараабарот па гэтым магазіне склаў амаль дзвесце мільёнаў, і гэта нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю.


— Канечне, не ўсюды так паспяхова ладзяцца справы, — расказвае Раіса Рыгораўна, — але стараемся, каб станоўчымі вынікамі ў працы радавала як мага больш нашых магазінаў.


Як гэта выходзіць у кааператараў Тураўшчыны, можна меркаваць па такіх лічбах. За пяць месяцаў структурнае падраздзяленне атрымала 91 мільён рублёў прыбытку. Прагнозны паказчык за гэты тэрмін выкананы на 115 працэнтаў. Нездарма адасобленае структурнае падраздзяленне “Тураўскі каапгандаль” у ліку лепшых па сістэме Жыткавіцкага спажывецкага таварыства. І заслуга кіраўніка падраздзялення тут даволі значная, бо менавіта Раіса Рыгораўна (на здымку злева) з’яўляецца, так бы мовіць, рулявым і капітанам, які вызначае не толькі курс, але і стратэгію развіцця (загадчыца магазіна “Замкавы” Алена Пракаповіч на здымку справа).


У сістэме кааперацыі Раіса Рыгораўна не навічок. Прайшла шлях ад радавога бухгалтара да кіраўніка структурнага падраздзялення. Увогуле ж пра хлеб работніка спажывецкай кааперацыі даведалася з маленства. Прадаўцом магазіна працавала яе маці, таму дзяўчынка часта бывала ў яе на рабоце, дапамагала выконваць нескладаныя аперацыі. Найбольш яны тычыліся раскладкі тавараў. Падабалася ёй гэтае захапленне. Гады ішлі, а дзяўчыне ўсё больш падабалася прафесія работніка гандлю. Таму і невыпадкова, што паступаць пайшла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум. Дарэчы, і сын Раісы Рыгораўны таксама вырашыў падтрымаць сямейную дынастыю — зараз атрымлівае неабходную адукацыю, каб працаваць у сістэме спажывецкай кааперацыі. Вопыт працы ў кааперацыі дапамагае Раісе Рыгораўне спраўляцца са сваімі абавязкамі кіраўніка. Яны ж не такія і лёгкія.


Зона абслугоўвання АСП “Тураўскі каапгандаль” даволі вялікая. Гандлёвыя кропкі падраздзялення размешчаны ў населеных пунктах не толькі ў тураўскай частцы раёна, але і на жыткавіцкай зоне, у прыватнасці, у пасёлку Чырвоная Зорка і аграгарадку Кольна. Нядаўна колькасць магазінаў павялічылася за кошт перадачы гандлёвых аб’ектаў гандлёва-вытворчага комплексу “Сцвіга”. Як прыцягнуць пакупніка тут ведаюць дасканала. Найперш, каб тавараў у крамах было дастаткова. Іх завозяць пастаянна ад самых розных вытворцаў. Падбор кадраў таксама адыгрывае сваю ролю, а яшчэ тое, што пастаянна клапоцяцца аб эстэтычным выглядзе сваіх магазінаў, стараюцца аснашчаць іх самым сучасным абсталяваннем. Таму і ёсць станоўчы вынік. Прычым не толькі ў гандлі, але і ў закупачнай дзейнасці, па аказанню платных паслуг. Напрыклад, у сістэме тураўскага каапгандлю адкрыта і паспяхова працуе цырульня. Надаецца ўвага эканоміі і зберажэнню. Як лічыць Раіса Рыгораўна, гэта таксама вельмі моцна ўплывае на канчатковыя вынікі, заўсёды ж хочацца, каб яны былі толькі станоўчымі.


С. БЕЛКА. Фота В.КІЖНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.