Навучальныя ўстановы прыхарошваюцца

Зараз — пара бесклапотнага адпачынку для школьнікаў. Але і ў гэты час жыццё ў навучальных установах не заціхае. Дарослыя прыкладваюць усе намаганні, каб падрыхтаваць належным чынам школы і дзіцячыя садзікі да новага вучэбнага года. Як зазначыў намеснік начальніка аддзела адукацыі Генадзь Бароўскі, зараз самыя буйныя рамонты школ вядуцца ў будучых аграгарадках Бялёў, Дзякавічы, Ленін.


— Штогод дзяржавай на правядзенне рамонтаў у навучальных установах будучых аграгарадкоў выдаткоўваюцца немалыя грошы, — гаворыць Генадзь Піліпавіч. — У гэтым годзе на капітальны рамонт трох нашых аб’ектаў: вучэбна-педагагічных комплексаў у Бялёве, Дзякавічах і Леніне выдзелены адзін мільярд дзвесце дваццаць мільёнаў рублёў. Усе гэтыя сродкі прапарцыянальна раздзелены паміж школамі і зараз актыўна асвойваюцца. І зроблена ўжо нямала.


Сапраўды, гэта так. Напрыклад, над будынкам Бялёўскага ВПК абноўлена дзве тысячы квадратных метраў дахавага пакрыцця, заканчваецца замена вокан як у школе, так і ў дзіцячым садзіку. Грандыёзную будоўлю нагадвае і Дзякавіцкі вучэбна-педагагічны комплес “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Тут вядзецца абсталяванне памяшкання для дзіцячага садзіка, які запланавана размясціць у будынку школы. Капітальна ўзяліся будаўнікі і за спартыўную залу, якая доўгія гады па прычыне сваёй непрыгляднасці была выключана з навучальнага працэсу. Мяняюцца таксама вокны, касметычныя рамонты вядуцца ў іншых памяшканнях будынка. Значныя аб’ёмы рамонтных работ і па Ленінскаму ВПК. Тут заменяць тысячу метраў квадратных дахавага пакрыцця, адрамантуюць спартыўную залу, санвузлы, правядуць добраўпарадкаванне будынка звонку. Па словах Генадзя Бароўскага, бюджэт з’яўляецца не адзінай крыніцай фінансаванння рамонтных работ у вышэйзгаданых навучальных установах. Акрамя гэтага, навучальныя ўстановы выйшлі са сваімі праектнымі ініцыятывамі ў ЕС/ ПРААН, якія мелі поспех. Для іх рэалізацыі выдзелены грошы Ленінскаму ВПК 25 тысяч долараў, Бялёўскаму — шэсць тысяч васемсот, Дзякавіцкаму — дваццаць тры тысячы. Сродкі пакуль не паступілі ўстановам, але яны чакаюцца. Выдзеленых фінансаў хапае толькі на тое, каб зрабіць самае неабходнае. Таму ўстановы адукацыі самі стараюцца зарабіць пэўныя сумы грошай для правядзення рамонтаў.


Увогуле, як адзначалася намеснікам начальніка адукацыі райвыканкама, сёлета, акрамя як на рамонт навучальных аб’ектаў, у аграгарадках фінансіруюцца работы яшчэ на 13 установах раёна. Сумы розныя, вагаюцца ад трох да трохсот мільёнаў рублёў. У рамках рэалізацыі праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся на базе САШ №1 райцэнтра запланавана стварыць музей М.Гамолкі. На гэта выдзяляецца трыста мільёнаў і работы распачынаюцца. Што тычыцца рамонтных работ у школах, то вялікія планы рэалізуюцца і ў Юркевічах. Тут даўно наспела неабходнасць у дзіцячым садзіку. Цяпер гэтая праблема вырашаецца, закупляюцца матэрыялы і пачынаюцца работы па абсталяванню дзіцячага садзіка ў памяшканні школы. А над спальным корпусам гімназіі будзе праведзены рамонт даха.


Увага абнаўленню дзіцячых садзікаў надаецца не меншая чым школам. Вялікі аб’ём работ будзе зроблены ў дашкольных навучальных установах аграгарадкоў Дуброва і Людзяневічы, пасёлка Чырвонае. Не сядзяць без справы і ў іншых установах адукацыі. Тэхнічны персанал, настаўнікі фарбуюць, чысцяць, наводзяць парадак у саміх установах адукацыі і на іх тэрыторыі паўсюдна, расказвае Генадзь Піліпавіч. Завяршыцца ўсе работы павінны ў жніўні, калі спецыяльныя камісіі будуць правяраць гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года. Прыёмкі цяпер запланавана правесці практычна на пачатку жніўня, і гэта вельмі добра, бо будзе яшчэ час выправіць недахопы, якія выявяць правяраючыя. Але першага верасня ўсе сорак сем устаноў адукацыі раёна прымуць сваіх выхаванцаў абноўленымі і прыгожымі.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.