Поспех не праміне

Ад спякоты, здавалася, замерла ўсё наваколле. Толькі не змаўкаюць рухавікі магутных чырвоных машын, якія бесперапынна рухаюцца па жытнёвым палетку. Чарговы праход камбайна і выжатая палоска збажыны ператвараецца ў пахучы валок саломы. Іх ужо многа на палетку ляжыць. Гэта сведчыць, што працуюць хлебаробы з самага рання. І сонечнаму надвор’ю механізатары радуюцца найбольш, бо гэта спрыяе ўборцы хлеба.


— У нашых камбайнах цудоўныя ўмовы для працы, — зазначае механізатар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Бялёў” Генадзь Жогаль. –У кабінах устаноўлены кандыцыянеры, таму спёкі тут не адчуваецца. Проста нармальны рабочы рэжым.


Свой камбайн Генадзь Мікалаевіч з напарнікам Генадзем Іванавічам Галавачом атрымалі практычна напярэдадні жніва.І ўжо заявілі аб сабе ва ўнутрагаспадарчым працоўным спаборніцтве важкім намалотам. Хаця, як лічаць камбайнеры, справа ў такі час не ў тым, хто будзе першым, а хто другім, галоўнае — убраць зерне, і каб машына працавала гэтак жа надзейна да канца ўборкі. Толькі неабыякавы камбайнеры і да таго, як ладзяцца справы ў іх калег. На палетках гаспадаркі працуе чатыры камбайнавыя экіпажы, і кожны з іх імкнецца дабіцца за дзень максімальнай выпрацоўкі. Таму і не дзіўна, што за дзень у сельгаспрадпрыемстве ўбіраюць каля дзесяці працэнтаў плошчы з зерневымі культурамі. А пра намалот камбайнеры і вадзіцелі даведваюцца наступнай раніцай на спецыяльным экране. Работнікі бухгалтэрыі не толькі паспяваюць занесці туды лічбы намалоту, але і падлічаны за працу заробак. Таму ва ўдзельнікаў жніва ёсць добрая магчымасць параўнаць свой плён працы з калегамі, зрабіць неабходныя вывады. Нездарма ж у гаспадарцы працоўнае саперніцтва паміж камбайнавымі экіпажамі і вадзіцелямі, занятымі на адвозцы зерня, праходзіць даволі востра. Адрывы мінімальныя. Таму не губляюць надзеі стаць лідэрамі і камбайнавыя экіпажы ў складзе Мікалая Чэркаса і Віктара Уханава, Анатоля Чмыхуна і Уладзіміра Шульгі, Віталя Чмыхуна і Аляксандра Макарэвіча. Сярод вадзіцеляў стараннем на хлебным палетку вызначаецца Міхаіл Савіч, Уладзімір Руды і Сяргей Савіч.


— У гаспадарцы ўсё зроблена, каб арганізавана і ў сціслыя тэрміны ўбраць збажыну, — гаворыць выконваючы абавязкі кіраўніка сельгаспрадпрыемства Уладзімір Ачапоўскі. — Парк уборачных машын за апошнія гады значна абноўлены, таму нагрузка на адзін камбайн складае 150 гектараў, што нават ніжэй за сярэднераённы паказчык. Людзі таксама праяўляюць старанне. Змаглі зацікавіць іх матэрыяльна. Пры намалоце 50-60 тон за дзень камбайнавы экіпаж атрымлівае больш за дзвесце тысяч рублёў зарплаты. Усе ўдзельнікі жніва забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Працуе ў гаражы душавы пакой.


Відавочна, што ўсе гэтыя захады і даюць належны плён. Па тэмпах жніва КСУП “Бялёў” у ліку лідараў раёна. Тут уборка перайшла, так бы мовіць, свой экватар. Ды і па ўраджайнасці бялёўскія хлебаробы таксама не апошнія ў раёне. Па дваццаць пяць цэнтнераў з гектара ў сярэднім намалочваюць. Хаця ёсць нямала ўчасткаў, аддача ад якіх большая.


— Атрымліваем тое, што і планавалі, — зазначае Уладзімір Уладзіміравіч. — З 605 гектараў, якія нам патрэбна ўбраць, мяркуем атрымаць 1530 тон зерня.


З кожным днём у сельгаспрадпрыемстве становіцца ўсё больш убраных палеткаў ад збажыны. Абмалочанае зерне паступае на сушыльную гаспадарку. Па словах загадчыка збожжатока Паўла Галавача, добра ладзіцца справа і на гэтым аб’екце ўборачнага канвеера. Усё зерне, якое паступае за дзень, а гэта сто дваццаць — сто трыццаць тон, своечасова перапрацоўваецца на дзвюх сушылках і КЗСе, ачышчаецца, кладзецца на захоўванне, адпраўляецца ў лік дзяржзаказу. На таку вялікую дапамогу дарослым аказваюць дзеці. Гэта ў гаспадарцы традыцыя, калі ў гарачы час жніва вучні мясцовай школы дапамагаюць парадкаваць вырашчаны ўраджай. Хаця на загадчыка тока і кіраўніка гаспадаркі кладзецца вялікая адказнасць, усё ж патрабаванні з боку заканадаўства да працаўладкавання дзяцей намнога ўзраслі, але яны ідуць насустрач школьнікам. Таму зараз на таку працуе больш дваццаці рабят. Больш таго за плённую працу падчас урачыстай лінейкі ў школе самым старанным уручаюць прэміі.


Жніво ў КСУПе “Бялёў”, вобразна кажучы, ідзе па добра наезджанай дарозе. І ва ўсіх яго ўдзельнікаў ёсць упэўненасць, што паспяховым будзе канец гэтай нялёгкай кампаніі. Дзеля гэтага і працуюць.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.