Працаваць Тэхналагічна

На таварнай ферме “Кольна” камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Коленскае” нядаўна здадзена ў эксплуатацыю яшчэ адно памяшканне для ўтрымання маладняку. У гэтыя дні туды засяляюць гадаванцаў.


У новым памяшканні ўсё зроблена так, каб працаваць тэхналагічна і атрымліваць высокія прывагі цялят. Для гэтага тут усё прадумана. Найперш, што цяляты будуць утрымлівацца бяспрывязна на мяккай саламянай падсцілцы. Працэс гноевыдалення прадугледжаны механізаваны. Жывёла мае свабодны выгул на вуліцу. У сукупнасці такая форма ўтрымання дазваляе стварыць у цялятніку добры мікраклімат. Механізаванае ў новым памяшканні будзе і кармленне. Кармавыя сталы, якія збудаваны і ўнутры памяшкання, і на вуліцы, гэта дазваляюць рабіць без перашкод.


Дарэчы, гэта не першае памяшканне, якое дзейнічае ў сельгаспрадпрыемстве па вышэйзгаданаму прынцыпу. Перавагі так званых лёгкіх канструкцый ферм у гаспадарцы апрабавалі яшчэ летась, калі запусцілі ў эксплуатацыю аналагічны цялятнік. Нават суровая зіма не перашкаджала яго насельнікам набіраць у вазе і добра сябе адчуваць. Таму, як толькі прыйшла вясна, распачалі ўзводзіць яшчэ адну падобную ферму. Усе работы праведзены гаспадарчым спосабам і вельмі хутка. Затраты на гэта не такія і вялікія, бо ў асноўным будаўнічыя матэрыялы выкарыстоўваюцца з тых аб’ектаў, якія ўжо не дзейнічаюць. Напрыклад, тыя ж пліты для падмурку памяшкання, на кармавыя сталы і падлогу таксама выкарыстоўваюцца з разабраных аб’ектаў былога ваеннага гарадка. Набыць іх сельгаспрадпрыемству дапамог старшыня райвыканкама Мікалай Какора, за што мясцовае кіраўніцтва яму вельмі ўдзячна. Таму і атрымалася, як кажуць, і танна, і сярдзіта.


Новыя цялятнікі характарызуюцца вялікай умяшчальнасцю, у кожным з іх месціцца па дзве сотні галоў жывёлы. Для сельгаспрадпрыемства гэта мае істотнае значэнне, бо жывёлы на грамадскіх фермах прыбаўляецца, і яе патрэбна размясціць з камфортам і не інакш. Пры вялікай вялікай скучанасці дабіцца станоўчага выніку надзвычай цяжка. А новыя памяшканні дазваляюць пазбягаць такога негатыву. Несумненна, што ўзвядзенне новых цялятнікаў вырашае не толькі задачы вытворчага характару, але і эканамічнага. На іх абслугоўванне патрабуецца менш рабочых рук, электраэнергіі. Цяпер для сельскай гаспадаркі, калі адчуваецца недахоп добрых і спрактыкаваных кадраў жывёлаводаў, гэта таксама вельмі важна, як і скарачэнне затрат на вытворчасць адзінкі прадукцыі. Таму за апошнія гады ў КСУПе “Коленскае” і робіцца шмат па рэканструкцыі старых фермскіх памяшканняў. Як упэўнена кіраўніцтва гаспадаркі, толькі з такімі падыходамі можна працаваць у жывёлагадоўлі тэхналагічна і эфектыўна.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.