Прыйшоў час зажынак

Хлеб для беларусаў заўсёды быў і з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю. Гэта падмацоўваецца значнай колькасцю традыцый і абрадаў, праз якія народам выказваецца пашана хлебу, нялёгкай працы хлебароба. Усё гэта давялося ўбачыць на раённым свяце “Зажынкі”, якое прайшло ў мінулую суботу ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Коленскае”.


Ужо з самай раніцы на месцы правядзення свята было шматлюдна. Час ад часу спакой хлебнай нівы парушаў магутны гул тэхнікі, якая размясцілася на ўзмежку палетка ля ЖМЗ і рыбгаса “Чырвоная Зорка”. Яе вельмі шмат. Толькі адных збожжаўборачных машын восем. А яшчэ і аўтамабілі для перавозкі зерня, трактары з прэсам для ўборкі саломы, агрэгатамі для апрацоўкі глебы і сяўбы. Тут з’явілася і канцэртная пляцоўка. У прыродны ландшафт зеляніны недалёкага лесу і жаўцізны хлебнай нівы гарманічна ўпісаліся чырвань камбайнаў і сінь трактароў, а таксама стужак і кветак.


Музыкай і песнямі, а яшчэ радаснымі ўсмешкамі сустракалі працаўнікі КСУПа “Коленскае” гасцей, удзельнікаў раённага свята “Зажынкі”. Іх прыехала нямала. Гэта прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Мікалаем Какорам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Нінай Рамановіч, духавенства — з епіскапам Тураўскім і Мазырскім Стэфанам, кіраўнікі і спецыялісты ўсіх гаспадарак Жыткаўшчыны, райсельгасхарчу, райкама прафсаюза АПК, абслугоўваючых сельгасвытворчасць арганізацый. Усе госці з вялікай цікавасцю агледзелі сучасную тэхніку сельгаспрадпрыемства. Уражвала такая вялікая колькасць машын і агрэгатаў, а яшчэ больш тое, што ўвесь тэхнічны парк практычна новы. Сапраўды, у КСУПе “Коленскае” за апошні час многае зроблена па яго абнаўленню. Толькі ў гэтым сезоне на мясцовых збожжавых палетках будзе працаваць чатыры новыя зернеўборачныя машыны, якія набыты гаспадаркай літаральна перад самым жнівом. Зразумела, што такое папаўненне вельмі радуе галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Бердзічаўца.


 — Жніво для кожнага хлебароба з’яўляецца вялікім святам, бо падчас яго ён бачыць плён сваёй працы за год, — адзначае Уладзімір Пятровіч. — Сёлетні ўраджай працаўнікам нашай гаспадаркі даўся нялёгка з-за пагодных умоў, ды і цяжка атрымаць на бедных землях вялікую аддачу. Але мы настроены ўбраць вырашчанае без страт і ў сціслыя тэрміны. Толькі б надвор’е спрыяла, а астатняе для плённай працы ў нас усё маецца.


Святочны і бадзёры настрой і ў камбайнера гаспадаркі Мікалая Шапавалава. Па выніках мінулагодняга жніва яго экіпаж стаў пераможцам унутрыгаспадарчага працоўнага спаборніцтва. Сёлета ён нацэлены палепшыць свой вытворчы здабытак па намалоту, але як і кожны селянін наперад загадваць не любіць. Хаця і свой камбайн грунтоўна падрыхтавалі з напарнікам, і настрой адпаведны маюць, так бы мовіць, проста рвуцца ў бой.


За размовамі з працаўнікамі час прабег непрыкметна. І вось ужо ў наваколлі гучаць узнёслыя вершаваныя радкі вядучай, якія нагадваюць, што свята пачынаецца. У гэтых пранікнёных словах уся любоў да хлебаробскай справы, да роднай зямлі, да людзей, якія вырасцілі ўраджай. Таго, што складае асновы святыні і бяссмерця нашага народа, — каравай хлеба. Урачыста яго ўручаюць старшыні райвыканкама. Пад гукі Дзяржаўнага гімна камбайнеры М. Шапавалаў і У. Петрушкевіч узнімаюць Сцяг працоўнай славы. І гэта невыпадкова, бо наперадзе іх чакае нялёгкая праца, ад якой і будзе залежаць поспех. Нездарма старшыня райвыканкама Мікалай Какора ў сваім выступленні на свяце менавіта акцэнтаваў увагу прысутных на гэтым аспекце.


— Пачынаецца адказны момант ў рабоце аграпрамысловага комплексу раёна, мы падышлі да ўборкі збажыны, — гаварыў Мікалай Міхайлавіч. — Я звяртаюся да ўсіх кіраўнікоў, спецыялістаў, працаўнікоў гаспадарак і раённага звяна належным чынам аднесціся да выканання сваіх абавязкаў, бо ад гэтага будзе залежаць плён нашай працы. Зрабіць жа патрэбна нямала: убраць збажыну на больш чым трынаццаці тысячах гектараў, намалаціць трыццаць восем тысяч тон зерня.


Гэта намнога болей чым летась. Як далей зазначалася кіраўніком раёна, задачы стаяць не з лёгкіх, але іх рэальна выканаць.


Так, у гэтыя дні прыйдзецца працаваць практычна з ранку да ночы, але без такой самааддачы немагчыма будзе выканаць галоўны абавязак хлебароба: убраць без страт вырашчаны ўраджай, — адзначыў Мікалай Какора. І тут важна не толькі старанне механізатараў, але і надзейная падтрымка іх сямей.


Таму словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў ад старшынь райвыканкама прагучалі не толькі ў адрас удзельнікаў жніва, але і родных ім людзей.


Шчырыя і цёплыя словы пажаданняў выказалі ўдзельнікам зажынак і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Наўныка і дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Коленскае” Валянцін Карпаў. Яны выказалі надзею, што Жыткаўшчына сёлета будзе мець, дзякуючы належнаму старанню, важкі каравай. А вось ветэран працы, былы кіраўнік цяперашняга КСУПа “Коленскае” Віктар Жураўлёў, звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, пажадаў не толькі плёну ў працы, але і папрасіў, каб механізатары выконвалі правілы бяспекі падчас работ, бо ад гэтага залежыць іх здароўе.


Хвалюючых на свяце момантаў было вельмі шмат. Адзін з іх — прыняцце ў камбайнерскую сям’ю раёна маладых механізатараў. Упершыню за штурвалы ўборачных машын і аўтамабіляў сёлета сядзе каля дзесятка хлопцаў. Гонар, што ім даручана такая адказная справа, як убіраць хлеб, і хваляванне адначасова ад гэтага абвастралі пачуцці хлопцаў. Яны адчувалі ўсю ўрачыстасць дзеі, і ад праяўленай увагі на іх тварах чыталася пэўная разгубленасць. Але яна не перашкодзіла Мікалаю Хільману ўпэўнена заявіць прысутным, што, нягледзячы на маладосць, ён будзе старацца на палетку апраўдаць званне хлебароба, бо кіраўніцтва гаспадаркі аказала яму давер, замацаваўшы за ім новы камбайн.


Свята працягваецца малебнам і асвячэннем тэхнікі, якія правёў епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфан. І адразу пасля гэтага з поля са спевамі і пругкімі першымі снапамі збожжа выходзяць жнейкі. Самадзейныя артысткі з Чэрніцкага сельскага клуба ўручаюць снапы кіраўніку раёна і іншым гасцям свята. Велічна ўзнімаецца ў руках важкі сноп, нібы сімвал таго, што сёлета Жыткаўшчына будзе хлебам. А ён, як вядома, усяму галава. Кожнаму ўдзельніку свята было прапанавана пакаштаваць пышнага караваю ды запіць яго шклянкай хлебнага квасу. Зноў жа сімвалічная дзея, якая павінна надаць сілы хлебаробам для будучай працы. А над хлебнай нівай ужо лунаюць песні пад гукі гармоніка ў выкананні самадзейных артыстаў Кольненскага сельскага Дома культуры і Чэрніцкага сельскага клуба. Прыгожа і стройна пяюць жанчыны. Іх галасы глушыць іншая музыка: гул рухавікоў камбайнаў, якія механізатары выводзяць на палетак. Цяпер настаў іх час. Час плённай працы, каб пасля яе зноў сабрацца на яшчэ больш відовішчнае свята “Дажынкі”. Такая ўжо традыцыя ў нашага народа, што там, дзе ёсць хлеб, там абавязкова гучыць і песня.


С. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКАХ: у час правядзення свята “Зажынкі”.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.