Пуцёўка ў самастойнае жыццё

Урачыста, святочна прайшоў выпускны вечар ва ўстанове адукацыі “Жыткавіцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №182 сельскагаспадарчай вытворчасці”. Хаця слова “вечар” і мела да гэтага добра арганізаванага мерапрыемства ўскосныя адносіны: яно пачалося апоўдні, і ў зале гарадскога Дома культуры мікрараёна Жыткавічы-1, вобразна кажучы, не было дзе яблыку ўпасці.


На гэтае хвалюючае свята былі запрошаны бацькі, прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “БРСМ”, выпускнікі вучылішча мінулых гадоў, ветэраны вайны і працы. Зала маляўніча ўпрыгожана паветранымі шарамі, на сцяне нельга не заўважыць яркі плакат “Выпуск – 2010”. Пад фанаграму гімна вучылішча на сцэну выходзяць вядучыя Алег Злобіч і Алена Шыўко.


 — Мы рады вітаць на нашым свяце цяпер ужо былых навучэнцаў выпускных груп, бацькоў, інжынерна-педагагічны калектыў вучылішча, а таксама ўсіх гасцей.


З памятным днём выпускнікоў віншавалі і жадалі ім усяго найлепшага ў далейшым самастойным жыцці дырэктар ДПТВ-182 Уладзімір Друк, намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч, старшыня прафкама работнікаў АПК Віктар Дашкевіч, першы сакратар раённага камітэта грамадскай арганізацыі “БРСМ” Станіслаў Магер, бацькі выпускнікоў, куратары, майстры вытворчага навучання і многія другія.


Першымі на сцэну былі запрошаны навучэнцы, якія закончылі вучылішча з адзнакай. І да гонару ўстановы адукацыі, яе інжынерна-педагагічнага калектыву варта зазначыць, што такіх паспяховых хлопчыкаў і дзяўчынак тут у гэтым выпуску нямала.


Сярод іх Марына Ярмош, Ігар Ярмоліч, Дзмітрый Панчэня, Вадзім Кебец, Андрэй Сяргейчык, Анжаліка Тамашова, Ірына Закаблук, Алег Злобіч, Алена Шыўко і многія іншыя. Высокі гонар уручыць сваім выхаванцам дыпломы з адзнакай быў прадстаўлены дырэктару вучылішча Уладзіміру Друку. Для іх прагучаў музычны нумар. На сцэну для ўручэння дыпломаў запрашаюцца іншыя навучэнцы груп, майстры вытворчага навучання, а таксама куратары, якія гавораць сваім падапечным цёплыя словы ў добры шлях. Сярод выпускнікоў вучылішча нямала навучэнцаў, якія прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, адстойвалі гонар свайго калектыву ў спартыўных спаборніцтвах, на конкурсах мастацкай самадзейнасці. Яны таксама былі названы і адзначаны.


Заключнае слова было прадстаўлена кіраўніку калектыву. Як сказаў, звяртаючыся да сваіх выпускнікоў Уладзімір Іосіфавіч, гэта незабыўны дзень у вашым жыцці. Вы пачынаеце вялікую дарогу працоўнага жыцця. На вас з надзеяй глядзяць вашы бацькі, майстры, выкладчыкі, увесь горад, уся наша краіна. Не забывайце ніколі пра гэта і ў добры шлях!


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.