Сакрэт доўгажыхарства

1910 год. Гэта адзіная дата, якая прапісана ў пашпарце Любові Навумаўны Пашынскай, сведчанне яе нараджэння. Пра дзень з’яўлення на свет жанчыны ніякіх дакументальных звестак няма. Але гэтая акалічнасць не перашкодзіла Любові Навумаўне адзначыць нядаўна свой стогадовы юбілей.


Бабуля Люба нават разгубілася, калі з мужам яе пляменніцы, цяпер у іх хаце жыве юбілярша, парог пакойчыка пераступілі прадстаўнікі мясцовай і раённай улады, каб павіншаваць з такой знамянальнай датай. Седзячы на канапе, бабулька пільна вывучала прыйшоўшых, старалася распазнаць, хто гэтыя людзі.


— Не пазнаю нікога, — прамовіла бабуля.


Гаспадару дома, Івану Мікалаевічу Купрацэвічу, прыйшлося патлумачыць, што людзі чужыя, прыехалі з раёна, каб павіншаваць яе з юбілеем. Прысутнасць блізкага чалавека супакоіла Любоў Навумаўну, надало ёй упэўненасці. Калі ж прыйшла і пляменніца, то бабуля і зусім падбадзёрылася. Уважліва яна выслухала словы віншаванняў і пажаданняў ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталлі Макарэвіч, яе намесніка Уладзіміра Гулюты, старшыні Марохараўскага сельсавета Генадзя Лесько, дырэктара раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяны Казловай. З належнай удзячнасцю прыняла кветкі і падарунак, якія ёй былі ўручаны.


Паступова Любоў Навумаўна асвоілася, разгаварылася з прысутнымі.


 — Наша бабуля яшчэ маладзец, — гаворыць Іван Мікалаевіч, — многае са свойго жыцця памятае, і расказвае нам. Клопату ад нас да сябе вялікага не патрабуе. Нават сама лекі прымае.


Бясспрэчна, што гасцей найперш цікавіў сакрэт даўгалецця. У Любові Навумаўны ён просты. У яе родзе доўга жылі дзед і прадзед. Адзін з іх нават да ста дваццаці дажыў. А яшчэ шмат працавала. Як расказала Любоў Навумаўна, яшчэ ў дзевяноста чатыры гады яна сама жыла ў сваёй хаце, абслугоўвала сябе, хадзіла па ягады і грыбы.


 — Ля маёй вёскі лес вакол, — гаворыць бабуля, — дык я часта туды хадзіла па яго дарункі. Нават яшчэ гадоў шэсць назад. Збіраю ягады ці грыбы, адчую, што робіцца дрэнна, — хутчэй выбягаю на дарогу. Гэта, каб у выпадку чаго людзі хутчэй знайшлі. Цяпер жа ногі баляць, хадзіць амаль не магу.


Родам Любоў Навумаўна з вёскі Бобрык суседняга Петрыкаўскага раёна. Там жа ўсё жыццё адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы. Была і даяркай, і паляводам. Так што нагрузка нагам заўсёды была вельмі вялікая. На ўласных нагах Любоў Навумаўна дайшла і да Германіі, і назад на радзіму. А было гэта так. Паслалі яе туды пасля вайны за коньмі для калгаса. Вось і дабіраліся пешшу ў асноўным. Толькі не давялося прыгнаць коней дадому. У Польшчы бандыты напалі. Цудам ёй удалося выжыць. Коней і конюхаў пастралялі. Увогуле пра палякаў у бабулі Любы не вельмі добрыя ўспаміны. Добра яна памятае вайну з імі, як яны стралялі і глуміліся над людзьмі.


 — Шмат гора і смерцяў прынеслі і фашысты, — расказвае Любоў Навумаўна. — Толькі тым і ратаваліся, што хаваліся ад іх у балоце. А там, ведаеце, жыццё якое: холадна і сыра ў зямлянцы, голад пастаянна дакучаў.


Многа выпрабаванняў выпала на яе долю. Цяпер, лічыць юбілярша, жыццё пражыта, колькі яшчэ засталося, толькі аднаму Богу вядома.


С. БЕЛКА


Фото В. КИЖЕВ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.