Свята ў азёрным краі

З нецярпеннем чакалі жыхары Юркевіцкага сельсавета свята вёскі “Родны кут блакітных азёр”, якое рыхтавалася да другой суботы ліпеня. І вось нарэшце наступіла тая доўгачаканая раніца.


 Тэрыторыя Азёрнаўскага цэнтра культуры па-святочнаму ўпрыгожана шарамі, рознакаляровымі флажкамі. На вуліцы відаць бадзёрыя плакаты: “Запрашаем на свята вёскі”, “Квітней, мая Беларусь!”. Па-святочнаму аформлена і цэнтральная пляцоўка. З дзесяці гадзін гучыць фанаграма песень беларускіх кампазітараў. З паловы адзінаццатай скамарохі, зазывалы заклікаюць усіх жыхароў вёскі Баравая, пасёлка Азёрны на свята. У адзінаццаць гадзін гучыць фанаграма лірычнай песні “Жураўлі на Палессе ляцяць”. На сцэну выходзяць вядучыя дырэктар Азёрнаўскага цэнтра культуры Уладзімір Субат і сакратар Юркевіцкага сельсавета Надзея Рамановіч.


 — Як не любіць цябе, край мой сасновы,


      Першую зелень лугоў і палёў,


     Свежасць калючую раніц вясковых,


      Гоман і шум заліўных салаўёў!


Немагчыма забыць той куток, дзе ты нарадзіўся, які аддзячыў цябе цяплом і радасцю, дзе ты адчуваеш сябе найбольш утульна. Гэты куточак ты нясеш у сваім сэрцы праз усё жыццё, цераз усе цяжкасці і выпрабаванні лёсу. І як бы ні склаўся гэты лёс, куды б ні занеслі цябе шляхі-дарогі, ты заўсёды будзеш з удзячнасцю ўспамінаць сваіх сяброў, аднавяскоўцаў, сцежкі дзяцінства. Тую старонку, дзе, здаецца, неба становіцца вышэй, а прасторы — больш шырокімі.


Гучыць фанаграма песні “Белая Русь”, выбягаюць скамарохі, выходзяць русалкі, а цар Нептун, стукнуўшы трызубам аб зямлю, загадвае:


— Правесці вясёлае свята вёскі ў гонар працаўнікоў рыбнай гаспадаркі! Пець, гуляць, танцаваць, весяліцца…


Над вёскай такое ж неба, як і шмат дзе. І тыя ж птушкі ў ім, і белыя, як камячкі ваты, аблокі, і той жа вецер шапоча зялёнай лістотай. Можа, толькі людзі тут больш ветлівыя, і адкрытыя, як і паўсюль у глыбінцы. Цёпла ад іх усмешак, добразычлівасці, шчырасці. Сапраўды, дзіўны, цудоўны край, добрыя, працалюбівыя людзі. Яднае іх любоў да роднага краю, да сваёй работы, сваіх дзяцей.


Свята вёскі, якое сабрала вялікую, дружную сям’ю, адкрывае старшыня Юркевіцкага сельсавета Алена Шпакевіч.


А тым часам побач з возерам Белае шумяць стогадовыя меднастволыя сосны. І такая ціша, такі спакой вакол. Добра тут летам і восенню, у пару бабінага лета, калі адлятаюць у вырай птушкі. Хто пабыў на возеры, той ужо ніколі не застанецца раўнадушным да яго. Нездарма ж возера Белае было выбрана асяродкам для стварэння рыбгаса на базе былой памешчыцкай гаспадаркі ў 1929 годзе. Жыхары вёскі заўсёды будуць помніць знакамітага кіраўніка рыбгаса Васіля Рыбалку, яго пераемнікаў Дзмітрыя Сергіенку, Віктара Дашкевіча. Слова для выступлення было прадастаўлена сённяшняму кіраўніку адкрытага акцыянернага таварыства “Доследны рыбгас “Белае” Мікалаю Яраховічу. Ен павіншаваў усіх са святам, адзначыў лепшых работнікаў і ў першую чаргу юбіляраў.


У час святкавання не была забыта і слаўная дата — 65-я гадавіна перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, названы прозвішчы ветэранаў пасёлка Еўдакіі Макарэвіч, Мікалая Медзведзюка, вязняў Надзеі Ганчук, Ефрасінні Прылуцкай.


Шмат людзей добрасумленна працуе ў мясцовай рыбнай гаспадарцы. Яны застаюцца жывым прыкладам для моладзі. Лепшых працаўнікоў “блакітнай нівы” ўшанавалі дырэктар рыбгаса “Белае” Мікалай Яраховіч і старшыня прафкама Любоў Сініла.


У пасёлку Азёрны пражывае 80 сямейных пар. Сорак і болей гадоў у шчасці і радасці, выпрабаваннях і іх пераадоленнях пражылі сем’і, якія пад дружныя апладысменты былі запрошаны на сцэну.


  Параўнаць Вас з чым, не знаю,


  Дзе эпітэты мне ўзяць!


  Можа, з прыгажосцю мая,


  Пышным бэзам Вас назваць?


  Я з жыццём Вас параўнаю,


  І ў гэты дзіўны дзень


  Песняй звонкай павітаю,


  Што з глыбінь душы ідзе.


Гэтымі паэтычнымі, узнёслымі словамі віталі на свяце шматлікія маладыя сем’і. І сапраўды, сям’я — пачатак, апора і надзея, падтрымка ў радасці і горы. Бо толькі на любові трымаецца ўсё жывое.


Жанчына. Маці, мама… Колькі цяпла тоіць у сабе гэтае магічнае слова, якім называюць самага дарагога і блізкага чалавека. Былі названы маці, якія выхоўваюць трох і болей непаўналетніх дзяцей. Не былі забыты і аднавяскоўцы-юбіляры.


З кожным годам усё прыгажэй становяцца гарады, пасёлкі, вёскі нашага Палесся. Не выключэнне і вёска Баравая, пасёлак Азёрны. Былі падведзены вынікі конкурсу на лепшае падвор’е. Пераможцамі сталі Уладзімір Францавіч Сініла, Раман Аляксандравіч Рункевіч, Валянціна Рыгораўна Прылуцкая. Аб’яўлены і пераможцы конкурсу “Лепшы кулінар”. Свята шырокімі хвалямі разлілося па рыбацкаму пасёлку. Працавалі гандлёвыя кропкі, спартыўная пляцоўка, “вясёлая” рыбалка, людзі частаваліся юшкаю, шашлыкамі, іншым смакоццем.


Спонсарскую дапамогу вёсцы і пасёлку аказаў прадпрымальнік з Мікашэвічаў Андрэй Сергіевіч. Самы актыўны ўдзел у правядзенні свята вёскі прыняла метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры Ніна Шагун. І, канечне ж, свята немагчыма было без удзелу ў ім калектываў мастацкай самадзейнасці Азёрнаўскага цэнтра культуры, народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Стрэчанне” Грабаўскага сельскага дома народных традыцый, салістаў народнага вакальнага гурта “Нядзеля” Жыткавіцкага гарадскога Дома культуры (мікрараён Жыткавічы-1) Марыны Царыкевіч і Іны Купчанка.


С. ВІЛЬЧЫК.


НА ЗДЫМКАХ: у час правядзення свята “Родны кут блакітных азёр”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.