“Тут карані, адсюль вытокі…”

Цудоўнае мерапрыемства правялі супрацоўнікі раённай бібліятэчнай сістэмы нядаўна ў вёсцы Пагост. Вечар-сустрэча з вядомымі людзьмі — ураджэнцамі населенага пункта — “Тут карані, адсюль вытокі…” прайшоў даволі эмацыянальна і цёпла.


Любое мерапрыемства, якое ладзіцца ў вясковым клубе, для мясцовых жыхароў з’яўляецца вялікай падзеяй. Таму зала падчас іх правядзення заўсёды поўная. Так было і на гэтай вечарыне, ва ўстанову культуры прыйшло шмат людзей, каб паслухаць сваіх знакамітых землякоў. Іх, выбітных людзей, з гэтай невялікай вёсачкі на беразе Прыпяці вельмі багата. Сем навукоўцаў дала гэтая зямля. Сярод іх Мікалай Саскевіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, Леанід Кузьміч, кандыдат філалагічных навук, Васіль Леўкавец, кандыдат біялагічных навук, Іван Раманоўскі, кандыдат гістарычных навук, Леанід Леўкавец, кандыдат тэхнічных навук і іншыя. А яшчэ ж ёсць выхадцы, якія сваёй сумленнай працай дабіліся значных поспехаў у іншых сферах жыцця. Цэлую плеяду настаўнікаў выхавала Пагосцкая школа, кіраўнікоў розных узроўняў. Вось такіх людзей і запрасілі на сваю малую радзіму. Няхай і не ўсе, але некаторыя адгукнуліся. Адзін з іх навуковец, кандыдат фізіка-матэматычных навук, супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Мікалай Саскевіч. Дарэчы, гэты чалавек не толькі дасягнуў многага ў навуцы, але яшчэ шмат зрабіў для захавання краязнаўчай спадчыны. Гэтая яго дзейнасць была адзначана Людмілай Крондай, дырэктарам бібліятэчнай сістэмы раёна, якая ўручыла падарунак і павіншавала з юбілеем. З 1993 года ён з’яўляецца адказным сакратаром праўлення Тураўскага навукова-асветніцкага таварыства. І гэтая сустрэча ў значнай ступені адбылася па ініцыятыве Мікалая Аляксеевіча. Яму было прыемна і радасна звяртацца са сцэны да сваіх землякоў, расказваць, як яму ўдалося дабіцца поспеху ў жыцці. Ен прадэманстраваў нават сваё вынаходніцтва ў галіне лазарнай фізікі, якое прыносіць практычную карысць у гаспадарчай дзейнасці.


Жыццятворнай крыніцай для яго стала атмасфера роднай вёскі, якая склалася тут стагоддзямі, а ўменне плённа працаваць і імкненне да пазнання новага далі бацькі і настаўнікі. Дарэчы, як лічыць Мікалай Аляксеевіч, гэтыя тры фактары сталі трывалай асновай жыццёвага поспеху не толькі для яго, але і іншых выхадцаў з Пагоста. І гэта так. Напрыклад, бацькі Мікалая Аляксеевіча Аляксей Васільевіч і Еўдакія Рыгораўна — простыя сяляне, яны імкнуліся, каб іх дзеці сталі адукаванымі людзьмі. Менавіта яны і прывілі прывычку сыну жыць і працаваць, так бы мовіць, са знакам якасці. Бо так жылі самі. І маці, і бацька Саскевіча, дзе б ні працавалі, заўсёды былі ў ліку лепшых работнікаў. Перадалося гэта і сыну. Паспяхова ён заканчвае Пагосцкую школу, а потым з залатым медалём і Азяранскую. Хлопец з палескай глыбінкі паступае ў Маскоўскі ўніверсітэт. Гэта доказ работ, што ў школе яго навучалі цудоўныя настаўнікі высокай кваліфікацыі. Варта зазначыць, што пра сваіх педагогаў з цеплынёй гаварылі ўсе, хто прыйшоў на гэтую сустрэчу. Для многіх настаўнікі Пагосцкай школы сталі прыкладам пры выбары прафесіі. У прыватнасці, для Ганны Дудзіч, настаўніцы біялогіі вышэйшай катэгорыі гімназіі горада Пінска. Трыццаць шэсць гадоў мэтанакіраванай працы далі свой плён. Пачынаючы з 1991 года, вучні Ганны Данілаўны з’яўляюцца нязменнымі ўдзельнікамі і пераможцамі гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Пастаянны навуковы пошук і асабіста-арыентаванае навучанне, па меркаванню гэтага педагога, і ляжыць у аснове поспеху яе дзейнасці. Абрала ж прафесію настаўніцы Ганна Данілаўна пад уздзеяннем былога дырэктара школы Васіля Нічыпаравіча Маркевіча, якому было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Сорак два гады свайго жыцця гэты няўрымслівы, адданы настаўніцкай справе чалавек прысвяціў навучанню і выхаванню маладых пакаленняў пагастчан. 29 гадоў ён быў дырэктарам мясцовай школы. Не адно пакаленне аднавяскоўцаў ён вывеў на шырокі шлях жыцця, укладаючы ў дзіцячыя душы свет разумення, дабрыні і чалавечнасці. На вечарыне сказаць слова, прысвечанае памяці вялікага майстра педагагічнай працы і добрага чалавека, папрасілі яго ўдаву Валянціну Пятроўну Маркевіч.


Шмат удзячных слоў у адрас гэтага чалавека выказала і Надзея Меляшчэня, настаўніца матэматыкі Жыткавіцкай САШ №4. Для яе таксама педагогі вясковай школы былі прыкладам добрасумленных адносін да прафесіі.


Пра многіх на вечарыне было сказана шмат добрых і цёплых слоў. І гэта станоўча адбілася на атмасферы свята, якую стваралі яго вядучыя Віталь Кондраў і Валянціна Ахрамовіч. Ды і прысутнасць прадстаўніка раённай улады Валерыя Рагалевіча, намесніка старшыні райвыканкама, і кіраўніка мясцовага сельвыканкама Міхаіла Аліфераўца таксама надало сваё адценне вечарыне. Для Івана Раманоўскага, кандыдата гістарычных навук, намесніка загадчыка кафедры сусветнай і айчыннай гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аўтара шэрагу навуковых прац, як і іншым гасцям гэтая цеплыня сустрэчы стала прыемнай нечаканасцю. Таму Іван Фёдаравіч вельмі шчыра дзякаваў арганізатарам вечарыны, што яны змаглі яе арганізаваць, і ён атрымаў ад мерапрыемства вялікае задавальненне.


Як паказала вечарына, шмат таленавітых людзей выйшла з вёскі Пагост, якія сваім стараннем уславілі гэты край. І не толькі навуковымі адкрыццямі, але і песенным майстэрствам. Гэта яшчэ раз на вечарыне прадэманстравалі самадзейныя артысты мясцовага ансамбля “Міжрэчча”, якія адорвалі сваімі канцэртнымі нумарамі і знакамітых гасцей, і сваіх аднавяскоўцаў.


Думаецца, не патрэбна шукаць нейкага “пагосцкага фенамену”, што столькі знакамітых выбітных людзей з адной вёскі выйшла. Сакрэт поспеху, як падаецца, вельмі просты: усё гэта ад стараннай працы.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.