Умовы для адпачынку

У гэтыя дні будынак Бялёўскага сельскага Дома культуры значна амалоджваецца. Таму калектыў установы зараз актыўна дапамагае будаўнікам.


— Праца нялёгкая, але радасна, што у нас робіцца капітальны рамонт, якога мы чакалі даўно. Будынак узведзены яшчэ у канцы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, і значных капіталаўкладанняў з таго часу пакуль не было, — зазначае загадчык Кацярына Макарэвіч.


— Летась адрамантавалі танцавальную залу, а цяпер над нашай установай новы дах, памянялі і вокны, яшчэ будуць абнаўляць актавую залу і фае. Так што больш сучасным і прыгожым стане наш Дом культуры.


Хаця ва ўстанове і вядуцца будаўнічыя работы, але яе калектыў ніколькі не забываецца на свой асноўны абавязак — арганізоўваць і ладзіць адпачынак для вяскоўцаў. Зараз вельмі папулярныя маладзёжныя дыскатэкі, частыя госці і рабяты са школьнага аздараўленчага лагера. І дарослыя таксама наведваюцца ва ўстанову культуры. Па словах загадчыцы, ёй хацелася, каб апошнія больш актыўна прыходзілі на мерапрыемствы. Для ўсіх катэгорый насельніцтва тут знаходзіцца занятак па душы. Гэтаму спрыяе мноства гурткоў і грамадскіх аб’яднанняў, што працуюць пры ўстанове.


Гонар і візітоўка Бялёўскага Дома культуры яго самадзейны ансамбль “Весялуха”. Зараз у гэтага калектыва вельмі напружаны перыяд, яго ўдзельнікі пастаянна рэпетыруюць, бо маюць намер атрымаць званне “народнага”. Разам з тым самадзейныя артысты вядуць актыўна канцэртную дзейнасць. Пляцоўкай для іх выступленняў з’яўляецца не толькі сцэна роднай установы культуры, але і пакоі адпачынку на фермах і машынна-трактарным двары, а таксама сенажаці і палеткі мясцовага сельгаспрадпрыемства. Для ансамбля ўжо стала традыцыяй віншаваць працаўнікоў гаспадаркі з днём нараджэння і са святамі, ладзіць для іх мерапрыемствы, звязаныя з каляндарна-абрадавымі традыцыямі. Частыя госці самадзейныя артысты і ў хатах ветэранаў, дзе таксама даюць для пажылых і заслужаных людзей маленькія канцэрты.


Яшчэ адзін значны накірункак у дзейнасці калектыва Бялёўскага сельскага Дома культуры — гэта навядзенне прыгажосці на тэрыторыі ля сваёй установы. Дзякуючы працавітым рукам загадчыка ўстановы Кацярыны Макарэвіч, мастацкага кіраўніка Алены Шруб, прыбіральшчыцы Валянціны Жогаль (на здымку) створана вакол Дома культуры шмат малых архітэктурных формаў, пасаджана мноства кветак на клумбах. Гэта, як лічыць кіраўнік, таксама сродак па выхаванню у насельніцтва культурных паводзін. І такі падыход дзейнічае, людзі адчуваюць, што ўсе старанні работнікаў мясцовай установы культуры накіраваны для таго, каб жыхары мелі паўнацэнны і змястоўны адпачынак. А ў прыгожым месцы гэта заўсёды атрымліваецца прыемней.


С. МИКАЛАЕЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.