Умовы для вытворчасці

На малочнатаварнай ферме “Возера” КСУПа “Бялёў” у гэтыя дні з’явілася вялікая колькасць дарожнай тэхнікі. Як патлумачыў выконваючы абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства Уладзімір Ачапоўскі, спецыялісты дарожнай арганізацыі вядуць асфальтаванне тэрыторыі фермы. Як паказвае рэчаіснасць, у гэтым ёсць вялікая неабходнасць: патрэбны добры пад’езд да малочнага блока, у кароўнікі, каб дастаўляць туды кармы. Увогуле, асфальтаванне тэрыторыі — гэта не адзінае дасягненне, што робіцца ў гэтым вытворчым аддзяленні вышэйназванай гаспадаркі па паляпшэнню ўмоў працы і адпачынку жывёлаводаў.


Гэта бачыш адразу, як толькі заходзіш у памяшканні. Яшчэ нядаўна праведзены рамонт у бытавых памяшканнях, абноўлены кабінеты спецыялістаў. Нават камп’ютар устаноўлены, што дазваляе ветэрынару і заатэхніку на больш высокім узроўні вырашаць вытворчыя і тэхналагічныя працэсы. Малочны блок таксама адрамантаваны, для ахалоджвання малака закуплена новая халадзільная ўстаноўка. Зманціраваны на ферме і малакаправод. А яшчэ нядаўна аператары вялі даенне ў вёдры.


Укладзеныя грошы на абнаўленне фермы даюць і адпаведную аддачу. На цяперашні час гаспадарка з’яўляецца лідэрам па надою малака на карову ў раёне. Сярэднясутачны надой тут складае больш чым па пятнаццаць кілаграмаў, прычым, са значнай прыбаўкай да мінулага года. На гэта станоўча паўплывала не толькі мадэрнізацыя, але і добрая арганізацыя вытворчых працэсаў. Да пашавага перыяду ў сельгаспрадпрыемстве падрыхтаваліся добра. Найперш, забяспечылі статак шматкампанентнымі выпасамі. Яны ўсе размешчаны паблізу фермы. У гэтым таксама ёсць свае плюсы. Хаця і вядзецца кругласутачная пасьба жывёлы, але на дойку каровы прыганяюць на ферму. Гэта дазваляе больш плённа працаваць па паляпшэнню якасці малочнай прадукцыі. Усё ж, калі даілі ў палявых умовах, хоць і рэдкія, але надараліся збоі.


Вынікі работы малочнай галіны КСУПа “Бялёў” — гэта штодзённая і мэтанакіраваная праца саміх жывёлаводаў. Стараннасць і адказнасць за даручаны ўчастак работы, прафесіяналізм — вось тыя асноўныя рысы, якія ўласцівы калектыву малочнатаварнай фермы “Бялёў”. Многія работнікі гэтага структурнага падраздзялення выходзілі пераможцамі і раённага, і рэспубліканскага працоўнага спаборніцтва. І сёння яны пацвярджаюць сваё высокае майстэрства. Напрыклад, Антаніна Віткоўская. Летась яна надаіла ад кожнай каровы сваёй групы больш чым пяць тысяч кілаграмаў малака. І зараз яе дасягненне адно з лепшых у раёне. За пяць месяцаў бягучага года надой ад каровы па яе групе склаў 2149 кілаграмаў. Не горшыя паказчыкі і ў іншых аператараў машыннага даення гаспадаркі.


Хочацца заўважыць, што добрая праца пастаянна заахвочваецца кіраўніцтвам гаспадаркі. Гэта яшчэ адзін крок па павелічэнню вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Па завяршэнні года ўсе жывёлаводы, якія выканалі свае планавыя заданні, атрымліваюць даволі салідныя прэміі. Усе ўмовы працоўнага спаборніцтва даводзяцца да кожнага працаўніка праз інфармацыйныя куткі, а таксама на сходзе калектыву.


Гаворачы пра справы працаўнікоў малочнатаварнай фермы “Возера”, нельга не адзначыць і той факт, што многае яны робяць і па добраўпарадкаванню тэрыторыі свайго вытворчага падраздзялення. Кветкі і малыя архітэктурныя формы тут ужо даўно звычайная з’ява. Усё гэта падтрымліваецца рукамі жывёлаводаў у належным парадку пастаянна. Гэтая акалічнасць таксама дысцыплінуе і станоўча сказваецца на культуры вытворчасці прадукцыі.


В. ДАШКЕВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.