“Змей” пад віламі правасуддзя

Нехта са знакамітых людзей сказаў, што вёску стварыў Бог, а горад — д’ябал. У нейкім сэнсе і асабліва як на колішні час, на маю думку, гэта сапраўды так. У горадзе было і на сягоння застаецца больш спакус, мацнейшай цяга да раскошы, ад якой да шматлікіх чалавечых заган усяго адзін толькі крок. Толькі п’янства і распуста ўжо даўно дакаціліся і да некалі сарамлівага сяла. Як і шматлікія забойствы, якімі цяпер ужо нікога не здзівіш. Вось чаму звычайным стаў малюнак, калі ў вёсках адзінокія жанчыны-пенсіянеркі кладуцца спаць, паклаўшы сякеру пад ложак, а то і пад падушку.


… Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда разглядала гэтую справу па крадзяжы і забойству вясковай пенсіянеркі незвычайна доўга: распачаўшы яе ў адным месяцы, канчатковую кропку паставіла, вынесла свой вердыкт толькі ў сярэдзіне наступнага. Моцны трапіўся суддзі ды дзяржаўнаму абвінаваўцу “арэшак”-падсудны, неаднойчы асуджаны, які змалку “паліраваў” нары як беларускіх калоній, так і паспеў паспытаць казённага хлеба ў адной з турмаў Расійскай Федэрацыі. Васіль Завугольны (імёны і прозвішчы ў гэтай гісторыі зменены) у свае сорак пяць гадоў меў за плячыма немалы крымінальны стаж і карыстаючыся гэтымі ведамі, уласнай практыкай, з першых дзён пасяджэнняў і разбіральніцтва пачаў, вобразна кажучы, “трэніраваць” суд, вышукваць самыя розныя лазейкі, выкідваць у камеры своеасаблівыя кульбіты, каб як мага надалей адтэрмінаваць свой апошні судны дзень. Толькі ж нездарма ў народзе заўважана: хапае воўк – хапаюць і воўка…


А трагедыя адбылася 12 студзеня 2010 года паміж 18 і 24 гадзінамі ў адной з самых аддаленых вёсак Жыткаўшчыны, за якой пачынаецца ўжо суседні Лельчыцкі раён. Як сведчаць скупыя, дакладныя радкі крымінальнай справы, Завугольны з мэтай завалодання маёмасцю пажылой, паважанай у вёсцы Кацярыны Пятроўны Жабрэйка, 1908 года нараджэння, выбіў дзверы дома і запатрабаваў у яе спіртное і грошы. Пасля яе адмовы ён наўмысна, з мэтай забойства, ведаючы пра яе пажылы ўзрост, нанёс не меней пяці ўдараў па твары, ад чаго бабулька ўпала на ложак, накрыў яе твар падушкай, прычыніўшы механічную асфіксію, ад чаго яна і памерла. Зрабіўшы сваю жудасную справу, злачынца забраў грошы ў суме 386100 рублёў, дзве пляшкі гарэлкі коштам 7940 рублёў кожная, бутэльку віна коштам 4220 рублёў і жаночыя боты коштам 25000 рублёў, усяго на агульную суму 431160 рублёў.


У судовым пасяджэнні абвінаваўца сваю віну прызнаў толькі па частцы крадзяжу. Пасля наведвання бацькоў ён прыехаў у райцэнтр і пасля распіцця спіртнога, маўляў, па невядомай для яго прычыне развярнуўся і зноў накіраваўся ў зваротны шлях, у вёску. Прыехаўшы, пайшоў у бок дома бацькоў, але пабачыў, што ў хаце іх суседкі К.П. Жабрэйка гарыць святло і накіраваўся туды. Уваходныя дзверы ён штурхнуў плячом і тыя адчыніліся, а наступныя адчыніла сама гаспадыня. Ен папрасіў выпіць спіртнога, Кацярына Пятроўна пайшла ў другі пакой і вынесла бутэльку гарэлкі. Як сцвярджаў далей Завугольны, калі К.П. Жабрэйка ішла міма “буфета”, то дзверцы яго расчыніліся, і ён заўважыў на палічцы грошы. Бабуля прасіла, каб ён не краў іх, тады ён штурхнуў яе рукой у грудзі і тая ўпала спіною на ложак. Ен забраў грошы, спіртное і боты, паклаў яе ногі на ложак і пайшоў. Яна, маўляў, яшчэ была жывая і дыхала…


Нягледзячы на частковае адмаўленне сваёй віны Васілём Завугольным, яна пацвярджаецца паказаннямі пацярпелай (а ёй на судзе была дачка загінуўшай) і сведкаў. Так, дачка загінуўшай засведчыла, што ў апошнія гады маці дрэнна чула, але памяць у яе была добрая. Пенсію яна атрымлівала 9-13 чысла кожнага месяца. І дзверы “буфета” ў доме заўсёды зачыняліся на зашчапку, самаадвольна яны адчыніцца не маглі… Сацыяльны работнік па догляду за К.П. Жабрэйка пасведчыла, што напярэдадні забойства на твары Кацярыны Пятроўны яна ніякіх сінякоў і драпін не бачыла, а вось на другі дзень сінякі ў яе сапраўды былі. Да таго ж, па яе словах, пажылая гаспадыня тымі студзеньскімі зімовымі днямі звычайна зачыняла дзверы знутры каля 17 гадзін, як пачынала змяркацца, і тым больш нікому іх не адчыняла.


Загадчыца мясцовага аддзялення сувязі ў судовым працэсе патлумачыла, што менавіта 12 студзеня 2010 года яна выдала К.П. Жабрэйка праз давераную асобу пенсію ў памеры 386100 рублёў і што ў вёсцы няма сакрэту ў тым, калі выдаецца пенсія людзям, што пайшлі на заслужаны адпачынак. Слоў няма, ведаў пра тое і Васіль Завугольны… Прыціснуты паказаннямі сведкаў, іншымі матэрыяламі двухтомнай крымінальнай справы, Завугольны звіваўся пад віламі правасуддзя быццам змей. Ен пачаў скардзіцца на правалы памяці, на расстройства псіхікі. Успомніў дзве чэрапна-мазгавыя траўмы. Адна, маўляў, адбылася з ім у школьным дзяцінстве, калі ён з сябрамі на матацыкле збілі дзвюх дзяўчынак, у выніку чаго ён моцна стукнуўся галавой. Другую ён атрымаў ужо будучы дарослым і працуючы на Гомельскім конезаводзе. Не ўтрымаў на повадзе жарабца, які доўга цягнуў яго па зямлі, у выніку чаго Завугольны стукнуўся галавою аб бардзюр. Суду давялося выклікаць з Гомеля медэкспертаў – псіхолага і псіхіятра, якія заключылі, што В. Завугольны ніякімі псіхічнымі захворваннямі не пакутаваў, мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Аб’ектыўных даных за сфарміраваны ў яго сіндром залежнасці ад алкаголю не маецца, у прымяненні прымусовых мер бяспекі і лячэння ён не мае патрэбу, можа самастойна абараняць свае правы і інтарэсы ў крымінальным працэсе. Медыцынскіх дакументаў аб перанесеных ім траўмах экспертам прадстаўлена на было. І нават калі б ён сапраўды перанёс указаныя траўмы, то яны не аказалі б ніякіх уздзеянняў на яго псіхіку. Ен у стане падрабязна ўзнавіць усе падзеі, што адбыліся перад інкрымінуемым дзеяннем і пасля яго. Правалы ж у памяці, калі такія і маюць месца, звязаны выключна з ужываннем алкаголю, а не з расстройствам псіхікі.


Трэба было ўжо даваць апошняе слова В. Завугольнаму і вызначыцца з мерапй яго пакарання, але той напярэдадні чарговага судовага пасяджэння ў камеры загнаў сабе цвік у жывот, зноў адтэрмінаваўшы на некалькі дзён свой прысуд. Толькі колькі вяровачцы не віцца, а канец будзе…


Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда прыгаварыла В. Завугольнага да пазбаўлення волі на тэрмін 18 гадоў і 2 месяцы з канфіскацыяй маёмасці з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі строгага рэжыма. Акрамя таго, на карысць пацярпелай – дачкі загінуўшай пенсіянеркі спагнана грашовая кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў, а таксама пошліна ў даход дзяржавы ў суме 105 тысяч рублёў.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.