Аграгарадок “Ляскавічы” стане цэнтрам новага фестывалю

17 — 18 верасня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, бадай, на мяжы з Жыткаўшчынай, пройдзе этнаграфічны фестываль “Покліч Палесся”. Ён заснаваны ў адпаведнасці з распараджэннем Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Гомельскі аблвыканкам, Міністэрства культуры краіны, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, Петрыкаўскі райвыканкам.


Свята дакладна называецца так: Першы адкрыты народна-этнаграфічны фестываль “Покліч Палесся”. Ладзіццца яно дзеля падтрымкі і развіцця мясцовай традыцыйнай культуры: фальклору, традыцый і абрадаў, промыслаў і рамёстваў, нацыянальнай кухні. У ім бяруць удзел прадстаўнікі 11 рэгіёнаў Прыпяцкага басейна: нашага Жыткавіцкага, гаспадара — Петрыкаўскага, Нараўлянскага, Мазырскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Ельскага, Хойніцкага раёнаў Гомельшчыны, Столінскага, Пінскага і Лунінецкага раёнаў Брэстчыны. На думку арганізатараў такой важнай падзеі, гэты фестываль будзе спрыяць рэалізацыі сацыяльна-культурных праектаў Дзяржпраграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гады.


У фестывалі прымаюць удзел лепшыя дарослыя аматарскія калектывы і індывідуальныя выканаўцы, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастакі і фотамастакі, а таксама, ў якасці гасцей, — прафесійныя творчыя калектывы Беларусі.


У рамках праграмы фестывалю “Покліч Палесся” — урачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю, канцэртныя выступленні мастацкіх калектываў, кірмаш палескіх рамёстваў, конкурсы рэгіянальных падворкаў і нацыянальнай кухні, выстаўкі-прэзентацыі найбольш цікавых рэалізуемых сацыяльна-культурных праектаў у раёнах дадзенага рэгіёну, фотавыстава, прэзентацыя кіна- і відэаматэрыялаў, мастацкіх твораў, якія адлюстроўваюць прыроду, быт і культуру Палесся. Арганізатары спадзяюцца, што фестываль стане своеасаблівымі агледзінамі і штуршком для далейшага развіцця сучаснага аматарскага мастацтва, захавання гісторыка-культурнай спадчыны.


Як паведаміла “НП” дырэктар цэнтра фальклору Ганна Лой, у пралозе на галоўнай сцэне будуць выступаць народны сямейны ансамбль “Абібок”, народны ансамбль народнай песні “Сваты”, народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Міжрэчча” Пагосцкага сельскага клуба з абрадам “Жаніцьба коміна”. На паддвор’і Жыткавіцкага раёна будуць выступаць народны ансамбль народнай песні “Жытніца” гарадскога цэнтра культуры, фальклорна-этнаграфічнага калектыў “Спасаўка” Чэрніцкага сельскага клуба-бібліятэкі. Прымуць удзел у свяце таксама і майстры народнай творчасці раёна. Так, Надзея Меляшчэня, Дзмітрый Меляшчэня, Дзмітрый Таненя – прадставяць вышыўку карцін крыжыкам, Марына Царыкевіч прадставіць узоры бісерапляцення, Міхаіл Мельнічэнка, Анатоль Макарэвіч, Уладзімір Макарэвіч прапануюць гледачам і пакупнікам свае творы — разьбу па дрэве, Алена Радчэня прадставіць свой рукатворны саламяны цуд – вырабы з саломкі, Таццяна Хітракова — вырабы са скуры, а Анастасія Мірановіч — лозапляценне. Вольга Шчур з вёскі Людзяневічы прапануе на суд гледачоў фларыстыку, а Валянціна Арлянская прадстаўляе вырабы са скуры і з атласных стужак прыгожыя карціны. Гэтаксама прымуць удзел у фестывалі ўстановы адукацыі нашага раёна.


“Покліч Палесся” стане конкурснай пляцоўкай, на якой хоць і ў атмасферы добрасуседства і прыязнасці, усё ж такі будзе ісці спаборніцтва. Неабходна сказаць, што ўмовамі фестывалю прадугледжваецца ўдзел аматарскіх мастацкіх калектываў і выканаўцаў з аўтэнтычным ці стылізаваным фальклорам рэгіёна, кірмашы па продажы вырабаў традыцыйных рамёстваў, стварэнне рэгіянальных падворкаў з адлюстраваннем этнаграфічнай самабытнасці. Прадстаўнікі кожнага раёна-ўдзельніка змогуць параўнаць свае пляцоўкі з суседзямі, зрабіць высновы на будучае.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.