Лепшая “Кніга казак” выраблена юнымі жыткаўчанамі

Дзень беларускага пісьменства нясе ў сабе глыбокі выхаваўчы патэнцыял. Педагагічныя калектывы нашага раёна добра разумеюць, што, жывучы на зямлі вялікага асветніка Кірылы Тураўскага, немагчыма заставацца абыякавым да культурнай спадчыны, пакінутай нам знакамітым земляком.


Установы адукацыі штогод традыцыйна ў першай дэкадзе верасня праводзяць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства. Сёлета дэкаду адкрывае першы ўрок, тэма якога “Зямля бацькоў — мая зямля!”. У школьных бібліятэках арганізуюцца выставы творчасці пісьменнікаў-землякоў, выставы-конкурсы школьнага насценнага друку. Класнымі кіраўнікамі падрыхтаваны класныя гадзіны, прысвечаныя беларускім асветнікам Францыску Скарыне, Ефрасінні Полацкай, Сымону Буднаму, ну і, вядома ж, Кірылу Тураўскаму. Напоўненыя гонарам за свайго знакамітага земляка, штогод актыўны ўдзел у правядзенні Дня пісьменства прымаюць навучэнцы ўстаноў адукацыі г.Турава. І бягучы год не з’яўляецца выключэннем. У гарадскім плане правядзення свята ўстановам адукацыі адведзена значнае месца. Вядомы ў раёне драматычны гурток САШ № 2 г.Турава “Спадчына” рыхтуе для гледачоў свята “Маленне і пропаведзь К. Тураўскага пра чалавечую душу і цела”. На працягу навучальнага года ў школе рэалізоўваліся вучнёўскія праекты “Мой край — мая Радзіма”, а першага верасня вынікі працы над праектамі будуць прадстаўлены на першым уроку.


На свяце Дня беларускага пісьменства ўстановы адукацыі тураўскай зоны раёна будуць прадстаўлены імітаванымі сельскімі сядзібамі, з адпаведным афармленнем. Вучні рыхтуюць канцэрты народнай творчасці, выставы дзіцячай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.


У красавіку ў абласным Палацы дзіцячай творчасці дзяцей і моладзі “Юнацтва” праходзіў абласны конкурс дзіцячай творчасці “Кніга казак”, у якім актыўны ўдзел прынялі выхаванцы Жыткавіцкага Дома дзіцячай і юнацкай творчасці. “Кніга казак”, вырабленая выхаванцамі гуртка “Калаж” (кіраўнік Хітракова Т.В.), заваявала дыплом другой ступені. Кніга ўвайшла ў абласную экспазіцыю, якая будзе прадстаўлена на рэспубліканскім свяце Дня пісьменства ў г.Хойнікі. Падобная кніга таксама была выраблена і вучнямі Браніслаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад –базавая школа і зараз займае годнае месца ў школьнай бібліятэцы.


Т. РУСАЯ, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.