Мудрасць настаўніка – перамогі дзяцей

Напярэдадні новага навучальнага года, Дня ведаў у вялікай зале раённага цэнтра культуры адбылася жнівеньская нарада педагагічных работнікаў. Вядучыя прадставілі ганаровых гасцей свята: старшыню райвыканкама Мікалая Какору, старшыню раённага Савета дэпутатаў Ніну Рамановіч, намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Рагалевіча, загадчыцу аддзела адукацыі Ганну Лукашэвіч, вядучага інспектара ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алену Сураву, старшыню раённай ветэранскай арганізацыі Адама Аліфяровіча, старшыню райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Пятра Кальцова.


З цікавасцю заслухалі прысутныя выступленне старшыні Жыткавіцкага райвыканкама М. Какоры. Пасля сваёй прамовы Мікалай Міхайлавіч уручыў граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, раённага выканаўчага камітэта загадчыцы дзіцячага сада-ясляў №1 горада Жыткавічы Ганне Панкінай, настаўніцы пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі “Дзякавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Любові Чэркас, дырэктару Перароўскай базавай агульнаадукацыйнай школы Іне Дарафей, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Чырвоненскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Валянціне Купрацэвіч, гімназіі горада Жыткавічы, Дуброўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, Чырванаборскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, Людзяневіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, Браніслаўскаму вучэбна-педагагічнаму комплексу дзіцячы сад-базавая школа, яслі-саду №1 горада Жыткавічы, Людзяневіцкаму дзіцячаму саду.


2010 год, як вядома, аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам якасці. У дасягненні гэтай мэты адукацыя адыгрывае важнейшую ролю. Дык якой жа павінна быць сучасная школа, каб паспяхова дасягнуць пастаўленыя дзяржавай мэты? Якіх поспехаў дасягнула сістэма адукацыі раёна? І якія задачы нам трэба яшчэ вырашыць? Слова для даклада было прадстаўлена начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Г. Лукашэвіч.


Як адзначыла Ганна Акімаўна, сучасныя тэндэнцыі ў развіцці дашкольнага выхавання аб’яднаны адным важным крытэрыем — яго якасцю, якая непасрэдна залежыць ад узроўню прафесіянальнай кампетэнтнасці спецыялістаў. Захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей садзейнічае стварэнне сеткі аздараўляльных груп. На базе 5 санаторных груп сваё здароўе ўмацоўвалі 84 дзіцяці. Пра эфектыўнасць іх работы сведчыць вывад 70 працэнтаў гэтых дзяцей з гэтых груп у групы агульнага прызначэння. На вырашэнне праблемы накіравана работа міжведамаснага каардынацыйнага савета па прафілактыцы захворванняў дзяцей, на пасяджэннях якога ўзнімаюцца найбольш актуальныя пытанні ўзаемадзеяння органаў аховы здароўя і адукацыі. Гэтыя меры дазволілі за 6 месяцаў бягучага года знізіць узровень захворваемасці на 20 працэнтаў, толькі гэтага недастаткова для дасягнення стабільных вынікаў.


Галоўнай мэтай дашкольнай адукацыі з’яўляецца задавальненне запытаў сям’і і на адукацыю дзяцей, і павышэнне яе якасці. Таму перад сістэмай дашкольнай адукацыі ўзнікла неабходнасць не проста ўдасканальваць адукацыйны працэс, але і забяспечваць умовы для прадукцыйнай пазнавальнай дзейнасці, якая забяспечвае максімальнае развіццё індывідуальных, творчых здольнасцей дзяцей з улікам іх стану здароўя, асаблівасцей развіцця, інтарэсаў, схільнасцей і патрэб. З гэтай мэтай з 1 верасня 2010 года на базе ясляў-сада №4 горада Жыткавічы будзе адкрыты дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. З мэтай далейшага павелічэння працэнта ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй плануецца рэарганізаваць Юркевіцкую САШ у вучэбна-педагагічны комплекс. У планах таксама адкрыццё інтэграванай групы ў Верасніцкім дзіцячым садзе, а таксама 4 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі на базе агульнаадукацыйных устаноў, якія будуць наведваць дзеці дашкольнага ўзросту.


Праведзены аналіз забеспячэння дашкольных устаноў сродкамі выхавання, навучання, вучэбна-нагляднымі дапаможнікамі, гульнямі і гульневым абсталяваннем, камп’ютарнай тэхнікай, электроннымі сродкамі навучання, спартыўным інвентаром паказаў, што забяспечанасць па раёну склала 48 працэнтаў. А гэты паказчык ніжэй абласнога на 12 працэнтаў.


Ахоп навучэнцамі агульнай сярэдняй адукацыяй склаў 95 працэнтаў. Важным паказчыкам тут з’яўляюцца выступленні школьнікаў на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. Так, у 2009-2010 навучальным годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы раёна заваявалі 8 дыпломаў, у тым ліку 4 дыпломы другой ступені, якія атрымалі навучэнцы САШ №1 горада Жыткавічы і Азяранскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа па працоўнаму навучанню, САШ №2 горада Жыткавічы па біялогіі і Верасніцкай САШ па нямецкай мове. Былі да таго ж атрыманы 4 дыпломы трэцяй ступені: па беларускай і нямецкай мовах дыпломаў удастоены навучэнцы гімназіі горада Жыткавічы, па біялогіі — САШ №2 райцэнтра, па працоўнаму навучанню — САШ №3 горада Жыткавічы. Двое навучэнцаў раёна ўвайшлі ў склад абласной каманды на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды. Палепшаны вынікі выступленняў раённай каманды на абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 4-8 класаў.


Як паказваюць вынікі, найбольш удала нашы хлопчыкі і дзяўчынкі выступаюць па вучэбных прадметах прыродазнаўчага цыкла, нямецкай мове, працоўнаму навучанню. Разам з тым на працягу апошніх пяці гадоў мы не маем выніковых выступленняў па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, астраноміі, правазнаўству, англійскай мове. Пры гэтым нізкія вынікі навучэнцы паказваюць ужо на раённым узроўні. А ўсё гэта сведчыць аб адсутнасці эфектыўнай, мэтанакіраванай дзейнасці па фарміраванні інтарэсу навучэнца да пэўнага прадмета ў агульнаадукацыйных установах. Мерапрыемствы па рабоце з адоранымі дзецьмі ў шэрагу школ носяць бессістэмны характар. Нягледзячы на тое, што з мэтай развіцця і падтрымкі інтарэсу школьнікаў да вывучэння шэрагу вучэбных прадметаў у раёне штогод арганізуецца ўдзел дзяцей ў міжнародных і рэспубліканскіх інтэлектуальных конкурсах “Жураўлік”, “Каласок”, “Зубраня”, “Лінгвісцёнак”, “Інфамышка”.


Развіццю творчага патэнцыялу навучэнцаў і іх вучэбнай матывацыі, прафесіянальнага самавызначэння садзейнічае выкананне школьнікамі работ даследчага характару. Школьныя даследчыя грамадствы створаны практычна ва ўсіх установах. У мінулым навучальным годзе імі было ахоплена 733 навучэнцы. А вынікі штогод падводзяцца на канферэнцыі школьнікаў “Інтэлект будучыні”.


Сур’ёзным экзаменам застаюцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Аднак насцярожвае той факт, што асобныя навучэнцы паказваюць нізкія вынікі нават на рэпетыцыйным тэсціраванні. Таму ў новым навучальным годзе неабходна ўдасканальваць сістэму работы педагогаў па павышэнні якасці ведаў навучэнцаў і ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Неабходна актыўней стымуляваць тых педагогаў, якія творча працуюць з інфармацыйнымі тэхналогіямі.


У выніку мэтанакіраванай работы над зместам адукацыі атрыманы нядрэнныя здабыткі. У асноўным ва ўсіх установах навучэнцы пацвердзілі свае веды на выпускных экзаменах. 3,2 працэнта выпускнікоў, якія завяршылі навучанне на ўзроўні агульнай базавай адукацыі, атрымалі пасведчанні з адзнакай, 20 выпускнікоў (4,4%), што завяршылі навучанне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, атрымалі медалі: 19 – залатыя, 1 – сярэбраны. Для параўнання: у папярэднім навучальным годзе гэта лічба склала 2,1 працэнта. Пахвальнымі лістамі за асобыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў было ўзнагароджана 86 навучэнцаў (19%), а ў 2009 годзе – 15 працэнтаў. Арганізавана работа па ахове правоў дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апякунства бацькоў. На Жыткаўшчыне пражывае 169 дзяцей дадзенай катэгорыі. Адкрыты 4 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, у якіх выхоўваецца 31 дзіця. 76 дзяцей знаходзяцца на выхаванні ў прыёмных сем’ях, 62 – у апякунскіх.


У сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 108 дзяцей з 50 сем’яў. Работа з дзецьмі дадзенай катэгорыі вядзецца на аснове планаў дапамогі і планаў аховы правоў непаўналетніх, зацверджаных кіраўніцтвам устаноў. Аднак гэтыя планы шмат дзе па сённяшні дзень носяць фармальны характар, для іх рэалізацыі не прыцягнуты спецыялісты другіх службаў і ведамстваў, дзеці, прызнаныя маючымі патрэбу ў дзяржаўнай ахове і адабраныя ў бацькоў, змяшчаюцца ў дзіцячы сацыяльны прытулак. У 2009-2010 навучальным годзе рэабілітацыю ў прытулку прайшло 41 дзіця. У выніку мэтанакіраванай міжведамаснай работы з дзецьмі і бацькамі ў біялагічныя сем’і вернута 22 дзіцяці.


Аддзелам адукацыі была арганізавана работа 367 гурткоў, у якіх занята 88,5 працэнта навучэнцаў. Найбольшая колькасць гурткоў спартыўнага і мастацкага накірунку. На жаль, праблемнай застаецца арганізацыя тэхнічных гурткоў.


Аглядам спартыўна-масавай і аздараўленчай работы ва ўстановах адукацыі стала 22-я раённая круглагадовая спартакіяда моладзі. У ходзе яе правядзення добрую спартыўную падрыхтоўку прадэманстравалі зборныя каманды школьнікаў САШ №2, 3 горада Жыткавічы, Мілевіцкага, Браніслаўскага, Малешаўскага ВВК школа-сад, Дуброўскай САШ. Адукацыйны працэс у раёне ажыццяўляюць 943 педагагічныя работнікі. За апошнія 3 гады назіраецца станоўчая дынаміка павышэння іх адукацыйнага цэнзу. Вышэйшую адукацыю маюць 91 працэнт педагогаў. Цякучасць кадраў невысокая – 3,5 працэнта.


У сваім выступленні старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Пётр Кальцоў падкрэсліў тое, што ўвесь час удасканальваецца механізм рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін цераз пагадненні і калектыўныя дамовы, якія дазваляюць дасягнуць згоды па важнейшых пазіцыях на прынцыпах сацыяльнага партнёрства. Менавіта ў іх закладзены механізм ўплыву на пытанні аплаты працы, матэрыяльнага стымулявання, стварэння бяспечных умоў працы. Узмоцнена сацыяльная абарона работнікаў галіны, канкрэтызаваны і запланаваны асобныя гарантыі маладым спецыялістам, асобам, якія працуюць па кантракту, вучацца без адрыву ад вытворчасці. Павышана роля выбарных органаў прафсаюза пры ўстанаўленні, змяненні, спыненні працоўных праваадносін.


Грамадскі кантроль на месцах ажыццяўляюць 43 камісіі прафкамаў і 6 грамадскіх інспектараў. Аднак многія мерапрыемствы вырашыць немагчыма без фінансавай падтрымкі. У першую чаргу маецца на ўвазе станочнае абсталяванне, а таксама вучэбнае абсталяванне кабінетаў фізікі, хіміі і інш. Прафкамы шукаюць розныя шляхі аздараўлення работнікаў і іх дзяцей, бо па сацыяльнаму страхаванню выдзяляецца мізэрная колькасць пуцёвак. Таму прадастаўляецца скідка ў памеры 15 працэнтаў. Гэтым правам у мінулым годзе скарысталіся 11 членаў прафсаюза і трое дзяцей. Функцыяніруюць групы здароўя, праводзяцца спаборніцтвы паміж навучэнцамі і педагогамі, дні турызму. У раённых спаборніцтвах па шашках і шахматах, настольнаму тэнісу і дартсу прынялі удзел 185 чалавек, што на 20 больш мінулагодняга. А лепшых вынікаў дабіліся спартсмены з Хваенскай сярэдняй школы-сада, сярэдніх школ №1, 2, 3 горада Жыткавічы, №1, 2 горада Турава, Юркевіцкай сярэдняй школы, гімназіі, Браніслаўскай базавай школы-сада.


Стала ўжо добрай традыцыяй правядзенне святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню настаўніка, з запрашэннем ветэранаў педагагічнай працы. Напярэдадні 65-годдзя Перамогі камітэты прафсаюза актыўна ўключыліся ў акцыю “Адзінокім ветэранам – наш клопат”. Старшыня райкама прафсаюза наведаў і павіншаваў са святам 17 ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, што працавалі ва ўстановах адукацыі раёна. Усім ветэранам у якасці падарунка былі ўручаны прадуктовыя наборы. Для гэтай мэты з прафсаюзнага бюджэта было выдзелена 773500 рублёў.


Райкам прафсаюза ажыццяўляе шэфства над прытулкам сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У рамках акцыі “Прафсаюзы – дзецям” штогод для хлопчыкаў і дзяўчынак прытулка праводзяцца навагоднія і калядныя ранішнікі, аказваецца дапамога цацкамі і абуткам. Школьныя прыналежнасці набыты і да пачатку новага навучальнага года. Па ініцыятыве цэнтральнага камітэта аказваецца матэрыяльная дапамога з прафбюдэжэта на вучэбныя прыналежнасці членам прафсаюза, дзеці якіх ідуць у першы клас. Усяго на гэтыя патрэбы было выдзелена каля 3 мільёнаў рублёў, 50 працэнтаў якіх – сродкі абкама прафсаюза, а астатнія – раённай прафсаюзнай арганізацыі.


Выкарыстоўваюцца розныя формы прафсаюзнай работы. Так, па ініцыятыве райкама прафсаюза быў праведзены міжраённы семінар у Калінкавіцкім раёне, дзе кіраўнікі і старшыні прафсаюзаў азнаёміліся з лепшымі ўстановамі, абмяняліся вопытам работы.


Не застаецца арганізацыя ў баку і ад палітычных падзей у раёне. Прадстаўнікі прафсаюза прымалі ўдзел у рабоце ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы, а таксама былі назіральнікі на выбарчых участках. Дарэчы, у раённы Савет дэпутатаў было выбрана 8 работнікаў устаноў адукацыі – членаў прафсаюза. Прысутныя на раённай нарадзе заслухалі таксама выступленні намесніка дырэктара САШ №3 горада Жыткавічы Марыны Яфімавай і дырэктара Тураўскага Дома творчасці Алены Паклонскай, пабачылі шматлікія цікавыя слайды педагагічнай хронікі, шчырымі апладысментамі віталі ветэранаў педагагічнай працы, якім былі ўручаны кветкі.


Не менш хвалюючая падзея чакала ўсіх наперадзе: начальнік аддзела адукацыі Ганна Лукашэвіч уручыла маладым педагогам,якія толькі распачынаюць сваю самастойную працу, адзін з важнейшых дакументаў – працоўныя кніжкі. Добрае слова ім на дарогу сказала адзін з вопытнейшых педагогаў раёна Людміла Касабуцкая. З цікавасцю прагледзелі ўсе і відэаролік з вынікамі бліц-апытання на тэму: “Якой я бачу сучасную школу”.


На сцэну была запрошана сям’я Рудніцкіх з вёскі Вільча, бацькі якой жывуць і працуюць пад дэвізам: “Пабачыць, пачуць, зразумець і дапамагчы”. Яна атрымала дыплом у намінацыі “Дом добрых сэрцаў”. Дыпломы таксама былі ўручаны ў намінацыях “Хутчэй! Вышэй! Мацней!”, “Натхненне”, “Сэрца аддаю дзецям”, “Творчасць. Пошук. Адкрыццё”, “Мудрасць настаўніка — перамогі дзяцей”, “Палітра майстэрства”, “Здаровае дзіцё — здаровая нацыя”. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч уручыла ганаровую грамату райсавета выхавальніцы яслі-сада №2 горада Жыткавічы Ірыне Кулакевіч за стварэнне спрыяльных умоў у групе, накіраваных на развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту.


Перад прысутнымі выступіла вядучы інспектар упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Сурава. Яна ўручыла граматы ўпраўлення адукацыі настаўніцы гісторыі Азяранскай сярэдняй школы Валянціне Швец, настаўніцы біялогіі гімназіі горада Жыткавічы Валянціне Мятавай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Пухавіцкай базавай школы Ірыне Конан, кіраўніку гуртка Жыткавіцкага раённага Дома творчасці Таццяне Хітраковай.


Начальнік аддзела адукацыі Ганна Лукашэвіч уручыла ганаровыя граматы аддзела адукацыі намесніку дырэктара сярэдняй школы №4 горада Жыткавічы Але Еўстратавай, метадысту раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ірыне Салей, дырэктару Старажавецкай базавай агульнаадукацыйнай школы Віталію Бакуновічу, дырэктару Дома дзіцячай творчасці горада Жыткавічы Святлане Друк.


Старшыня Жыткавіцкай раённай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Пётр Кальцоў уручыў Дыпломы Гомельскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі грамадскаму інспектару па ахове працы сярэдняй школы №4 горада Жыткавічы Наталлі Пяшэвіч, прафсаюзнаму камітэту сада-ясляў №5 горада Жыткавічы, а таксама Ганаровую грамату раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі старшыні пярвічнай арганізацыі аддзела адукацыі Святлане Пахомавай.


Было шмат прыгожых кветак і цудоўных нумароў мастацкай самадзейнасці, а ў фае цэнтра культуры можна было азнаёміцца з выставай “Нашы дасягненні”.


С. КУЛАКЕВІЧ.


НА ЗДЫМКАХ: у час правядзення жнівеньскай нарады. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.