Наш родны край – бацькоўская зямля

Так называлася свята вёскі, што прайшло ў Людзяневічах на цэнтральнай плошчы. Быў размешчаны плакат “Любі свой край і ўслаўляй”, аформлена выстава народнай творчасці. Перад пачаткам свята гучала фанаграма народных песень, а таксама песень беларускіх кампазітараў.


…Шэрай стужкай уецца праз сасновы бор асфальтаваная дарога, і раптам вачам адкрываецца прыгожы краявід вёскі, гасцінна сустракаюць вас буслы, якія быццам прыселі на ўказальніку – “вёска Людзяневічы”. Пабачыш яе і міжволі ўспамінаеца, што калісьці гэтую прыгожую вёску акружалі лясы і балоты.


На больш прыгодных землях размяшчаліся хутары, на гэтых месцах і па сягонняшні дзень растуць грушы.


Адкуль жа пайшла назва вёскі? Есць два паданні. Быццам тут, дзе жыла жорсткая і нелюдзімая памешчыца Кацэбу, высялялі з іншых паветаў неблаганадзейных людзей і нават злачынцаў, якіх называлі “людзьмі-невучамі”, ад чаго і пайшла назва – Людзяневічы. А вось другая версія. Вёска заснавана ў 16 стагоддзі перасяленцамі-украінцамі – маларосамі. Яны шукалі лепшай долі ў дрымучых лясах беларускага Палесся, вось і аселі тут. А праважатым перасяленцаў быў Людзін, яго нашчадкаў называлі Людзінамі, і месца дзе яны жылі, сталі называць Людзяневічы. Мяркуецца, што апошняе паданне больш праўдзівае, таму што такую чыстую і прыгожую, усю ў кветках вёску насяляюць людзі добрыя і працавітыя.


На свята вёскі былі запрошаны старшыня Людзяневіцкага сельсавета Юрый Волчык, упраўляючая справамі выканкама Савета Іна Якімцава, дырэктар КСУП “Людзяневічы” Віктар Ульяновіч, старшыня ветэранскай арганізацыі Іосіф Трахановіч, урач агульнай практыкі Людзяневіцкай амбулаторыі Эдуард Кацуба, дырэктар Людзяневіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Людміла Іванова і другія паважаныя госці. Па даўняй беларускай традыцыі іх сустрэлі хлебам-солью.


 Жывуць у Людзяневічах цудоўныя людзі, а мясцовая зямля можа па праву ганарыцца такімі імёнамі як прафесар медыцынскіх навук Піліп Ханеня, архітэктар Авель Брэгман, кандыдат тэхнічных навук Мікалай Ханеня, выкладчык ваена-інжынернай акадэміі Георгій Хацкевіч.


У гады вайны акупанты загубілі 64 мірныя жыхары, 98 аднавяскоўцаў не вярнуліся ў Людзяневічы. Тут помняць усіх загінуўшых, паважаюць і ганарацца сваімі ветэранамі, сярод якіх Пётр Гапанёнак, Сяргей Лагун, Павел Мартыноўскі, Рыгор Пупенка, Ганна Ханеня, Іосіф Трахановіч, Вольга Касцюк, Еўдакія Алексіевіч. Ветэраны былі запрошаны на сцэну і атрымалі сувеніры. Былі названы імёны ветэранаў працы.


Добрыя, шчырыя словы падзякі былі выказаны і на адрас тых, хто зараз працуе на зямлі, лепшых работнікаў КСУП “Людзяневічы”, названы іх здабыткі ў бягучым годзе. Гэта Сяргей Ахоценка, Аляксандр Шчур, Мікалай Татур, Уладзімір Сулкоўскі, Аляксандр Баран, Юрый Сулкоўскі, Алег Шырай.


Сям’я, як вядома – пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея, падтрымка ў горы і радасці. На сцэну былі запрошаны сярэбраныя юбіляры Анатоль і Ала Ранчынскія, Аляксандр і Ніна Ханені. Гэтыя сямейныя пары пражылі ў згодзе і шчасці разам 25 гадоў. А Ніна Піліпаўна і Аляксандр Іванавіч выгадавалі і вывучылі семярых дзяцей. Маці — найлепшае і найцудоўнейшае, што ёсць у прыродзе. Маці — гэта дом, адкуль мы выйшлі.


Маці — гэта цяпло і спакой. А ў мясцовым населенным пункце ёсць жанчыны, якія ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай — “Ордэнам маці”. Гэта Вольга Баліч, Галіна Ханеня, Надзея Таруціс, Таццяна Шырай. Так, у вёсцы жыве шмат сямей, якія выгадавалі траіх і болеей дзяцей. Толькі ў бягучым годзе тут нарадзілася 6 новых грамадзян. На сцэну былі запрошаны маладыя мамы, якія таксама атрымалі сувеніры.


Багата вёска і на тых людзей, пра якіх у народзе трапна гавараць: “Майстар – залатыя рукі”. І аб гэтым яшчэ раз пераканаўча засведчыла выстава, якую тут прадставілі – нават цяжка выбраць лепшага. Вышыўкі і дываны дзвюх Надзей – Зіновіч і Алексеевіч. Разьба па дрэве Уладзіміра Клімовіча і Мікалая Буцэнкі. Радавалі вока вырабы фларыстыкі майстра Вольгі Шчур, якая нават паказала, як нараджаюцца яе цудоўныя кампазіцыі. Сапраўды, рукі чалавека могуць тварыць цуды.


Нельга не заўважыць, як у апошні час папрыгажэлі, расквітнелі Людзяневічы. Усюды кветкі, чысціня. Дзякуючы намаганням работнікаў сельскага Савета, а таксама гаспадарам многіх дамоў радуе вока цэнтральная вуліца. Кветкамі і арыгінальнымі “малымі формамі” сустракае ўсіх, хто ўязжае ў сяло з боку райцэнтра, Людзяневіцкая амбулаторыя, работнікі якой праявілі выдумку, творчую фантазію пры афармлені сваёй тэрыторыі. А якімі прыгожымі сталі падворкі! Што і казаць, нялёгка было камісіі пры падвядзенні вынікаў конкурсу “Лепшы падворак – 2010”. Пільную ўвагу звярталі на тое, каб кветкі і малыя формы былі не толькі ў дварах, але і каля агароджы на вуліцы, на стан пабудоў, агароджаў. Спіс тых гаспадароў і гаспадынь, што дбаюць пра прыгажосць свайго падворка, тут немалы. А пераможцамі конкурса сталі Генадзь Васільевіч і Ніна Уладзіміраўна Шарабурак.


Безумоўна, свята вёскі ў Людзяневічах не было б святам у поўным сэнсе гэтага слова без удзелу ў ім калектываў мастацкай самадзейнасці Дзедаўскага сельскага клуба, ГДК Жыткавічы-1, народнага вакальнага ансамбля “Нядзеля”. А гульнявыя атракцыёны былі падрыхтаванеы Жыткавіцкім гарадскім цэнтрам культуры.


С. ВЕЧАРОВЫ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.