Настаўнікаў замежных моў не хапае!

Міністэрства адукацыі краіны з сёлетняга навучальнага года прапанавала агульнаадукацыйным установам падзяліць вучэбныя класы на 3 групы для правядзення ўрокаў замежнай мовы. Новаўвядзенне мае на мэце зрабіць больш плённым засваенне матэрыялу. Больш таго, узрасла колькасць гадзін на тыдзень – з дзвюх да трох. Безумоўна, сённяшні час ставіць свае ўмовы – валоданне англійскай, нямецкай ці іншай мовай адкрывае перад маладым чалавекам вялікія магчымасці. Аднак узнікае пытанне: ці гатова школа імгненна зрэагаваць на загад Міністэрства і забяспечыць якасную падрыхтоўку навучэнцаў? Каб паспрабаваць знайсці на яго адказ, я пагутарыў з дырэктарам сярэдняй школы №3 райцэнтра Ганнай Кірылаўнай ДРУК.


— Якая сітуацыя склалася з выкладаннем замежных моў у вашай школе з 1-га верасня?


— Сітуацыя наконт гэтага пытання адносная. На дадзены момант ва ўсіх класах замежная мова выкладаецца ў тым аб’ёме, які даведзены да нас Міністэрствам адукацыі. Класы падзелены на тры групы, і ў кожнай працуе настаўнік замежнай мовы. Канечне, нагрузка на іх вельмі высокая — да 33-х гадзін на тыдзень. Гэта вельмі цяжка для педагога, таму спадзявацца атрымаць ад яго высокую прадуктыўнасць складана. Але ў настаўнікаў ёсць вопыт, таму, спадзяемся, у іх нешта атрымаецца. У той жа час мы шукаем настаўнікаў. Пасля першай чвэрці адна з нашых настаўніц выходзіць у дэкрэтны водпуск, і мне трэба знайсці ёй замену.


— Гэта значыць, адпаведных настаўніцкіх кадраў не хапае?


— Канечне! Калі выдзяляць настаўнікам па адной стаўцы (як і павінна быць), то нам трэба як мінімум у два разы больш выкладчыкаў замежных моў. Просты разлік: у мінулым годзе кожны клас падзяляўся на дзве групы і ў кожнай групе было 2 гадзіны замежнай мовы штотыдзень – сёлета маем тры групы і 3 гадзіны адпаведна. Атрымліваецца, што з 4-х гадзін мы перайшлі на 9 – больш чым у два разы. Школа рыхтавалася толькі да таго, што вучэбныя класы трэба “разбіць” на 3 групы. Ніхто не чакаў павелічэння вучэбных гадзін!


— А як самі выкладчыкі аднесліся да гэтых новаўвядзенняў?


— Станоўча. Сённяшнім дзевятым класам праз тры гады трэба будзе здаваць абавязковы выпускны экзамен па замежнай мове, таму ў настаўнікаў дастаткова часу, каб на годным узроўні падрыхтаваць вучняў да гэтага іспыту.


Каб паспяхова вывучаць замежную мову, абавязкова патрэбна маўленчая практыка. Група павінна быць невялікая, каб кожны меў магчымасць прыняць удзел у маналогу ці палілогу. Натуральна, настаўнікі задаволены тым, што вучняў на ўроках стала значна менш. Але ёсць і свае праблемы. У сувязі з высокай нагрузкай педагогаў я не магу вызначыць ім факультатывы. Яны проста не “ўлазяць” у расклад! Да таго ж настаўніку могуць аплачвацца толькі 36 вучэбных гадзін.


А. ІЛЬЕНЯ, студэнт МДУ імя А.А. Куляшова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.