Перамагла не выпадкова

У чарговы раз тэхнік-асемянатар КСУП “Коленскае” Любоў Кароткая пацвердзіла сваё высокае прафесійнае майстэрства і стала пераможцам раённага конкурсу сярод гэтай катэгорыі спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны.


Гасцінна сустракалі на Руднянскай малочнатаварнай ферме КСУП “Коленскае” ўдзельнікаў раённага конкурсу тэхнікаў-асемянатараў з розных сельгаспрадпрыемстваў. Гаспадары пазнаёмілі гасцей з умовамі, у якіх яны працуюць. А ў пакоі адпачынку зладзілі для ўсіх салодкі стол. Сёлета мерапрыемства па колькасці ўдзельнікаў было даволі прадстаўнічым. Яно сабрала больш 20 спецыялістаў з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Адкрыўся конкурс прывітальным словам намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатоля Санюка і начальніка райплемстанцыі Адама Аліфяровіча. І Анатоль Васільевіч, Адам Раманавіч шчыра пажадалі кожнаму добрага выступлення, адзначылі наколькі важная роля тэхнікаў-асемянатараў у стабільнай рабоце жывёлагадоўчай галіны. А далей галоўнымі героямі мерапрыемства сталі самі спецыялісты, якія дэманстравалі членам журы свае практычныя навыкі і тэарэтычныя веды.


— Прафесійны ўзровень тэхнікаў-асемянатараў раёна ў параўнанні з ранейшым значна ўзрос, — каменціруе выступленні спецыялістаў Адам Раманавіч. – Таму саперніцтва за першынство будзе не жартоўным.


Галоўны заатэхнік-салекцыянер раёна як ў ваду глядзеў. Сапраўды, усё так і атрымалася. Членам журы раз за разам даводзілася выстаўляць самыя высокія балы канкурсантам. Ды што і казаць, калі некаторыя тэхнікі-асемянатарамі дасканала валодаюць некалькімі методыкамі асемянення і стараюцца яшчэ больш удасканаліць свае навыкі. У многіх з іх за плячыма па дзесятку гадоў стажу. Адзначым, што ў гаспадарках працуе нямала маладых спецыялістаў гэтай катэгорыі. І на конкурсе сярод больш вопытных калег яны не згубіліся, адказвалі ўпэўнена. А Ніна Маркевіч, якая ўсяго паўгода працуе тэхнікам-асемянатарам у ААТ “Тураўшчына” нават прызёрам стала.


І ўсё ж змаганне, хаця яно і працоўнае, але вымушае, каб былі пераможцы. Па выніках працы за мінулы год, а гэты паказчык улічваецца пры налічэнні балаў, і выступлення першае месца журы прысудзіла тэхнікам-асемянатарам КСУПа “Коленскае” Любові Кароткай (монацырыкальны спосаб асемянення) і Ніне Чарнушэвіч з КСУПа “Бялёў” (візацырыкальны спосаб асемянення).


Больш чым па дваццаць гадоў адпрацавалі па спецыяльнасці гэтыя жанчыны. Штогод яны маюць добрыя вытворчыя паказчыкі. Напрыклад, за мінулы год Любоў Пятроўна ў разліку на 100 кароў атрымала 102 цяляці. Як зазначыла жанчына, яна была ўпэўнена ў сваёй перамозе на конкурсе, хаця напачатку і хвалявалася.


— Любоў Пятроўна цудоўны чалавек і выдатны спецыяліст, — гаворыць пра тэхніка-асемянатара заатэхнік-селекцыянер КСУП “Коленскае” Таццяна Калініна. – Яшчэ яе характарызуюць добрасумленныя і адказныя адносіны да працы. Таму і дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў.


Прызёрамі ж конкурсу сталі тэхнікі-асемянатары Валянціна Чэркас з КСУП “Дзякавічы”, Нона Кірбай з КСУП “Коленскае”, Жанна Татур з КСУП “Людзяневічы”. Сярод звенняў гаспадарак па ўзнаўленню статка члены журы першае месца прысудзілі з КСУП “Коленскае”, другое — з КСУП “Бялёў”. Як зазначыў Адам Раманавіч. Раённы конкурс тэхнікаў-асемянатараў садзейнічае не толькі росту прафесіяналізму гэтых спецыялістаў, але з’яўляецца добрай пляцоўкай для вучобы і павышэння кваліфікацыі, што не менш важна. Ну а пераможцы раённага конкурсу тэхнікаў-асемянатараў Любові Кароткай у хуткім часе прыйдзецца даказваць, што яе перамога не выпадковая на абласным аналагічным мерапрыемстве.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.