Разлічваемся па картцы

Магазін “Радуга” Жыткавіцкага спажывецкага таварыства стаў пераможцам конкурсу сярод магазінаў раёна па павелічэнні долі безнаяўных разлікаў у агульнай суме тавараабарота, які праводзіўся АСБ “Беларусбанк”. Днямі кіраўнік Жыткавіцкага філіяла банка Тамара Катовіч і начальнік аддзела рознічнага бізнэсу гэтай установы Святлана Рубцова завіталі ў госці да кааператараў, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ўшанаваць пераможцаў.


У актавай зале праўлення райпа сабралася шмат работнікаў сістэмы кааперацыі. Усе яны прыйшлі раздзяліць радасць са сваімі калегамі. Стаць лепшым было няпроста. У конкурсе, які праводзіўся на працягу трох месяцаў, прымалі ўдзел гандлёвыя кропкі райпа і прыватных структур, а таксама аптэкі.


Як адзначылі кіраўнікі райпа і філіяла банка Надзея Мурашка і Тамара Катовіч, у павелічэнні безнаяўных разлікаў пры абслугоўванні пакупнікоў павінны быць зацікаўлены абодва бакі: і банк, і гандаль. Дабіцца гэтага можна толькі сумеснымі намаганнямі. Прайшоўшы конкурс менавіта і скіраваны на тое, каб прадаўцы прапаноўвалі сваім кліентам разлічвацца банкаўскай пластыкавай карткай. Далей былі віншаванні і ўручэнне падарункаў калектыву прадаўцоў магазіна “Радуга”. З рук Святланы Рубцовай іх атрымалі Ганна Іксанава, Анастасія Балобан, Марына Шышова. Менавіта гэты маленькі калектыў за час правядзення банкам мерапрыемства забяспечыў у сваім тавараабароце найбольшы тэмп росту безнаяўных разлікаў.


Жыццё сучаснага чалавека цяпер немагчыма ўявіць без пластыкавай карткі. Сферы разлікаў па ёй значна пашыраюцца, удасканальваецца і сам працэс безнаяўных разлікаў. Зараз уладальнік карткі можа аплаціць розныя плацяжы нават не выходзячы з дому, для чаго дастаткова толькі мець СМС–банкінг. Таму патрэбна прыкладваць усе намаганні, каб доля безнаяўных плацяжоў павялічвалася. Гэта выгадна і для чалавека (адпадае неабходнасць хадзіць у банк), і для дзяржавы (друкаванне наяўных грошай — справа вельмі затратная). Ды і прагрэс не стаіць на месцы, а значыць перад уладальнікамі пластыкавых банкаўскіх картак адкрываюцца вялікія перспектывы.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.