Шанаваць роднае

У першы тыдзень верасня на ўсёй Беларусі ўсталёўваецца ўрачыста-узнёслая атмасфера. Па ўсёй краіне адбываюцца сустрэчы з Кнігай і Мудрым Словам, ідзе духоўнае яднанне з Творчай Будучыняй — мы адзначаем свята беларускага пісьменства. У бібліятэках Жыткавіцкай цэнтралізаванай сістэмы ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай кнізе, роднай мове.


На працягу ўсяго 2010 года ў бібліятэках Жыткавіцкай ЦБС былі запланаваны і праводзіліся разнастайныя па формах масавыя мерапрыемствы па прапагандзе беларускага друкаванага слова: літаратурныя вечары, бібліяграфічныя агляды, музычныя паэтычныя імпрэзы, вандроўкі па кнігах, вечары-партрэты пісьменнікаў — землякоў, гадзіны цікавай кнігі. Шмат магчымасцей, каб данесці да чытачоў навінкі друку, адкрываюцца праз сістэму выстаў, традыцыйных і наватарскіх — да ўвагі карыстальнікаў сёння выставы-заклікі, выставы-меркаванні, выставы-сімвалы, інфарм-мазаікі, інфарм-калейдаскопы. А непаўторны і самабытны выгляд ім надаюць умелыя рукі і неабмежаваная фантазія мастака-афарміцеля, што працуе ў цэнтральнай бібліятэцы.


Так, 5 верасня цэнтральная бібліятэка гасцінна запрашае жадаючых на тэматычнае пасяджэнне літаратурнай гасцёўні, якое пройдзе ў форме вуснага часопіса “З глыбінь вякоў дайшло да нас СЛОВА”. Да гэтай даты таксама прымеркавана маляўнічая выстава: “Мова бацькоў — мудрасць вякоў”.


На тэматычнай выставе, што арганізавана ў аддзеле абслугоўвання “Прэса — люстэрка любой дзяржавы” — бенефіс беларускіх часопісаў і газет” для чытачоў прадстаўлена ўся беларуская перыёдыка, што трапляе ў цэнтральную бібліятэку. Дарэчы, сёння гэта 46 часопісаў і 26 газет.


Да ўвагі чытачоў прапанаваны літаратурна-мастацкія часопісы “Нёман”, “Маладосць”, “Полымя”, на старонках якіх чытачоў чакае сустрэча як з вядомымі сучаснымі беларускімі аўтарамі Андрэем Федарэнка, Евай Дударгай, Уладзімірам Гаўрыловічам, так і з маладымі аўтарамі.


У межах Тыдня беларускага друку падрыхтаваны таксама бібліяграфічны агляд “‘Кнігі Беларусі” па новых паступленнях з беларускіх выдавецтваў. За восем месяцаў бягучага года гэта 46 экземпляраў кніг.


Кнігі беларускіх выдавецтваў сёння маюць самую высокую паліграфічную якасць, могуць задаволіць самы вытанчаны чытацкі густ.


Для тых, каго цікавіць духоўнае адраджэнне — энцыклапедычны даведнік у двух частках “Праваслаўныя храмы Беларусі” і “Каталіцкія храмы Беларусі” (выдавецтва “Белэнцыклапедыя”.


Аб культурным сучасным жыцці можна даведацца са зборніка артыкулаў “Найноўшая спадчына новай зямлі. Беларусь культурная. Камандзіроўка ў 1000 дзён” (выдавецтва “Культура і мастацтва”).


Энцыклапедыя “Бульба” не пакіне абыякавым сапраўднага беларуса. У фотападарожжа запрашае фотамастак Анатоль Кляшчук (фотаальбом “Пад небам Беларусі”). Таццяна Падаляк не дае астудзіць нашы сэрцы і памяць — яе дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны з кнігі “Нашчадкі вогненных вёсак” вяртаюць чытачоў у палымяныя саракавыя.


 Аматарам “высокага складу” ў мастацкай літаратуры раім прачытаць новую кнігу А.Федарэнкі “Нічые”, Е.Дударгі “Наследница”, Ул.Гаўрыловіча “Вяртанне”.


Да юбілеяў гарадоў Жыткавіч і Турава шырокім попытам карыстаюцца кнігі Б.Д. Далгатовіча “Почетные граждане белорусских городов”, А.Ф. Рогалева “Географические названия в калейдаскопе времен” і “Назвы Бацькаўшчыны” (тапанімія Беларусі).


Дарэчы, сёлета да нас у бібліятэку завітаў беларускі пісьменнік Юрый Аркадзьевіч Татарынаў, аўтар мастацкіх кніг і кніг пра беларускія гарады. Мэта візіта — назапашванне матэрыялаў для кнігі аб Жыткавічах. Бібліятэка таксама атрымала ў дар кнігі з аўтографам пісьменніка.


Яна супрацоўнічае з шэрагам дзяржаўных і прыватных выдавецтваў: “Мастацкая літаратура”, “Беларуская навука”, “Беларусь”, выдавецтвам Беларускага Экзархата, ААА “Трал”, ПВУП “Ларко”.


У 2004 годзе з мэтай захавання гісторыка-культурнай спадчыны і духоўнага адраджэння пры Тураўскай гарадской бібліятэцы створаны духоўна-культурны цэнтр Кірылы Тураўскага. За час існавання тут адбыліся шматлікія цікавыя мерапрыемствы.


 У цэнтры наладжаны цесныя сувязі з навукоўцам, ураджэнцам вескі Пагост, адказным сакратаром Тураўскага навукова-асветніцкага Таварыства Міхаілам Аляксеевічам Саскевічам. Менавіта яму ўдзячныя наведвальнікі і стваральнікі цэнтра за змястоўныя гістарычныя альманахі: “Тураўшчына: мінулае, сучаснасць, будучыня”. Для краязнаўцаў, прафесіяналаў і аматараў тут сабраныя ўнікальныя матэрыялы па гісторыі, рэлігіі, этнаграфіі, літаратурнай спадчыне Тураўшчыны.


3 удзячнасцю да сваіх асветнікаў ставяцца ў старажытным Тураве. 4 верасня ў Тураўскай гарадской бібліятэцы адбылося мерапрыемства “У вяках прасветленыя твары”, прысвечанае Марціну Тураўскаму і Лаўрэнцію Тураўскаму. Дзеля чытачоў, дзяцей і падлеткаў у Тураўскай дзіцячай бібліятэцы пройдзе гістарычны экскурс “Шляхамі беларускіх асветнікаў”.


На працягу года знайшлі сваё адлюстраванне ў планах бібліятэк ЦБС самыя розныя мерапрыемствы. Так, выстава-меркаванне “Мова продкаў, мова нашчадкаў” адбылася ў лютым у цэнтральнай бібліятэцы.


Конкурс “Буклет лепшых чытачоў” быў аб’яўлены ў жніўні Тураўскай дзіцячай бібліятэкай. На літаратурную сустрэчу з мясцовым самадзейным паэтам К. Кашэвічам запрашае ў верасні дзіцячая бібліятэка. Гадзіна цікавых паведамленняў “В. Цяпінскі і С. Будны — прадаўжальнікі справы Скарынавай” адбудзецца ў кастрычніку ў Дзякавіцкай бібліятэцы, урок гісторыі да Дня беларускага пісьменства: “Кірыла Тураўскі — Залатавуст з Турава” адбудзецца ў верасні ў Азяранскай бібліятэцы.


У ліпені ў Чырвоненскай бібліятэцы адбылася сустрэча з мясцовай самадзейнай паэткай Галінай Лыкавай. А дзіцячы гарадскі філіял запрашае сваіх чытачоў наведаць выставу-рэкламу: “Чытай і здзіўляйся. Кнігі-юбіляры – 2010”!


У гістарычнае падарожжа “Нам кнігу падарыў Скарына” запрашаюцца і чытачы гарадской бібліятэкі-філіяла №60 (м-н Жыткавічы-1). А ў гарадской бібліятэцы мікрараёна Азёрны адбудзецца тэматычны вечар, прысвечаны Кірыле Тураўскаму і Ефрасінні Полацкай: “Слова — зерне на ніве духоўнасці”.


У Малешаўскай сельскай бібліятэцы пройдзе літаратурная кампазіцыя “Беларусь пісьменная”, у Перароўскай сельскай бібліятэцы пройдзе краязнаўчае свята “Чытаем родны кут, як кнігу”. Гістарычнай гадзінай адзначаецца гэта дата ў Рычоўскай сельскай бібліятэцы: “Неўміручыя мы вашай спадчынай…” Літаратурная кампазіцыя: “Натхняе вобраз Скарыны” адбудзецца ў Вятчынскай сельскай бібліятэцы. У аддзеле бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі сабраны ўнікальныя краязнаўчыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці вядомых людзей Жыткаўшчыны. Аб’яднаныя агульнай назвай “Таленты роднай зямлі” яны паведаюць цікавыя факты з біяграфій А. Алпеева, Ул. Гаўрыловіча, К. Паповай, В. Папка, Н. Перкіна, К. Кашэвіча, В. Феранца і многіх іншых. Дарэчы, у Вятчынскай сельскай бібліятэцы аформлена пастаянна дзеючая экспазіцыя у гонар пісьменніка-земляка Ул. Гаўрыловіча.


Словамі ўдзячнасці хочацца адзначыць працу нашых “няштатных” бібліятэчных карэспандэнтаў: Таццяны Іванаўны Чарнагаловай, бібліятэкара Чырвоненскай сельскай бібліятэкі; Алены Міхайлаўны Чэркас, бібліятэкара Дзякавіцкай сельскай бібліятэкі, Таццяны Міхайлаўны Струк, загадчыцы Тураўскай гарадской бібліятэкі.


Пажадаем калегам творчага росту, натхнення і лёгкага пяра.


…Словы ўдзячнасці беларускім асветнікам прагучаць у гэты светлы дзень амаль ва ўсіх бібліятэках раёна. Пры іх працуе шэраг аматарскіх аб’яднанняў па папулярызацыі беларускай культуры, мовы, друкаванага слова.


На гэтай ніве плённа працуюць клубы: “Адраджэнне” пры Людзяневіцкай бібліятэцы; “Беларускі гасцінец” пры дзіцячым гарадскім філіяле; “Спадчына” пры Марохараўскай бібліятэцы; “Натхненне” пры Хільчыцкай сельскай бібліятэцы.


Юбілею роднага горада прысвечана дзейнасць клуба “Беларускі гасцінец” пры дзіцячым гарадскім філіяле пад дэвізам: “Мой горад — любоў мая”. Удзельнікі клуба вывучаюць гісторыю ўзнікнення і развіцця нашага горада з дапамогай друкаваных крыніц. Выніковае пасяджэнне пад назвай: “Я — з Жыткавіч!” запланавана на лістапад.


Пяру класіка належыць выраз: “Нам не дано предугадать, как слово наше отзовётся…” Але менавіта словы Францыска Скарыны і Кірылы Тураўскага, Ефрасінні Полацкай і Сімяона Полацкага, Васіля Цяпінскага і Сымона Буднага адзавуцца ў нашых сэрцах шчырай удзячнасцю за “свет разумення кніжнага”, што падаравалі яны нам, нашчадкам сваім. Пакуль жыве ў душах памяць і падзяка да іх, мы — беларускі народ.


А. БУТ-ГУСАІМ, загадчыца аддзела маркетынга і рэкламы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.