Свята народнага духу

У Ляскавічах у мінулыя пятніцу і суботу прайшоў першы беларускі фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Гран-пры фестывалю і шэраг дыпломаў – у жыткаўчан! Нашы карэспандэнты назіралі за яго ходам і падрыхтавалі для чытачоў “Новага Палесся” фотасправаздачу з сапраўды вялікага свята нацыянальнай культуры. Расскажам пра ўсё па парадку…


“Покліч Палесся” — фэст унікальны Па сваёй, прынамсі, нават задумцы. Пра гэта ішла размова напярэдадні адкрыцця свята — у час прэс-канферэнцыі. На думку арганізатараў, такая падзея яшчэ і адзін з этапаў адраджэння Палесся. Гэтая маштабная праца, пачатая па ініцыятыве Прэзідэнта, уключае розныя накірункі — сацыяльны, эканамічны, культурны, экалагічны… Зразумела, што ўсё гэта звязана, выцякае адно з іншага.


 — Ідэя лунала ў паветры даўно, — падзяліўся на прэс-канферэнцыі старшыня аргкамітэта, намеснік прэм’ер-міністра Іван Бамбіза.


— А калі прыступілі да выканання Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады, стала тым больш зразумела, што адных толькі пераўтварэнняў па аздараўленні сельскіх тэрыторый будзе вельмі мала. Трэба абавязкова — у падтрымку гэтай дзяржпраграмы — прыцягнуць увагу суайчыннікаў і гасцей Беларусі яшчэ і да незвычайна самабытнай палескай народнай культуры, паколькі менавіта ў ёй хаваецца турыстычны патэнцыял гэтага рэгіёна. А заадно і не дазволіць загаснуць традыцыям, пераходзячым тут з пакалення ў пакаленне, не даць забыць старажытныя рамёствы і абрады. Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь падкрэсліў, што ўжо сёння зразумела будучыня фестывалю — яго трэба пашыраць. І яго геаграфію — запрасіць нашых суседзяў-паляшукоў. З такой пазіцыяй згодны і Сцяпан Бамбіза, генеральны дырэктар Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, а таксама першы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі. Арганізатары падкрэслілі, што ні ў чым не жадалі капіраваць сваё мерапрыемства з іншых фестываляў, проста прапанавалі жыхарам палескіх рэгіёнаў паказаць свае традыцыі. Што з гэтага атрымалася за такі кароткі час — за два месяцы падрыхтоўкі — яны прапанавалі журналістам зрабіць вывады самім. І напісаць — шчыра, пранікнёна — пра сапраўды народнае свята. Вядома, перад фестывалем ставіцца вялікая задача: сёння для ўсяго Палесся вельмі важна, каб як мага больш людзей пазнала пра наш куток з яго ўнікальнай прыродай, самабытнымі традыцыямі.


Першы “Покліч Палесся”, на думку генеральнага дырэктара нацыянальнага парка С. Бамбізы, тая аснова, якая з кожным годам будзе абрастаць новымі ідэямі, развівацца. Ён, дарэчы, адзначыў, што ў Ляскавічах паспрабавалі зрабіць гэтае свята насычаным падзеямі і пазнавальным, каб сюды захацелася вярнуцца. І, пажадана, не аднаму, а з сябрамі, сям’ёй.


— Відавочна, што Палессе — унікальны рэгіён рэспублікі, які асабліва цікавы для Еўропы, — выказаў сваё меркаванне намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі. — А чым мы можам завабіць еўрапейцаў, акрамя несумнеўнай прыроднай прыгажосцю? Нашымі народнымі традыцыямі, гісторыка-культурнай спадчынай! Фэст і задуманы ў падтрымку народнага, аматарскага мастацтва, а яшчэ — турызму. Усё ў комплексе, безумоўна, спрацуе на сацыяльна-эканамічнае развіццё раёнаў, якія — (жыццё ж прымусіць) — будуць большаць новымі аб’ектамі інфраструктуры.


Завяршаючы “уводзіны ў свята” для журналістаў СМІ, віцэ-прэм’ер І. Бамбіза адзначыў, што, на жаль, мы забываем свае самабытныя рамёствы, традыцыі, абрады. А фэстываль якраз і закліканы дапамагчы ўсё гэта багацце наша нацыянальнае захаваць. Гэтаксама на прэс-канферэнцыі было адзначана, што свята будзе штогоднім, будзе таксама зроблены акцэнт і на навуковую аснову: тут у перспектыве магчымы навукова-практычныя канферэнцыі па этнакультурнай тэматыцы. І ўжо ў наступным годзе з беларускага форум можа стаць міжнародным.


А Ляскавічы ж не пазнаць!


Так, хто не быў некалькі гадоў у гэтых мясцінах — не прызнае былую вёску, якая цяпер — цэнтр Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Аграгарадок сёння не можа не ўразіць: прыгожыя адміністрацыйныя будынкі, трохзоркавая гасцініца, узорны ва ўсіх сэнсах населены пункт. Які і беларуса, і іншаземца можа здзівіць не толькі ўнікальнымі прыроднымі ландшафтамі, але і развітой інфраструктурай. І не толькі. Добраўпарадкаваны рукатворны шырокі канал выводзіць да ўзбярэжжа Прыпяці драўляныя лодкі, маторкі, яхты, турыстычныя цеплаходы — гэта ўжо ізюмінка гэтай прыгожай мясціны, атуленай некранутай прыродай…


Вясковая сталіца фестывалю ўжо з дзесяці-адзінаццаці гадзін раніцы ўвачавідкі запаўнялася людзьмі. Іх ручайкі кіраваліся ў розныя бакі. Хто да гандлёвых радоў, што схаваліся за галоўнай сцэнай, у цэнтры аграгарадка, — хто да дзіцячай пляцоўкі, дзе шумна і весела бавіла час дзетвара, хто на імправізаваную плакат-выставу “СМІ Палесся” (дзе дастойна была прадстаўлена і наша газета), а хто кіраваўся да самага ўнікальнага — рэгіянальных падворкаў, дзе разгарнуліся са ўсім сваім неацэнным скарбам палескія раёны. Але мы не будзем спяшацца і завітаем туды пасля афіцыйнага адкрыцця свята…


“Мы не проста дэманструем багацце і ўнікальнасць краю…”


Здзіўляць па-добраму, зараджаць сваім цудоўным настроем фестываль пачаў з самага адкрыцця. Менавіта а чатырнаццатай гадзіне дня ля галоўнай сцэны сапраўды яблыку не было дзе ўпасці. Радавалі вока ўнікальныя самаробныя і стылізаваныя палескія гарнітуры, усмешкі людзей.


Сярод гасцей фестывалю — вядомыя дзяржаўныя дзеячы на чале з кіраўніком беларускага ўрада Сяргеем Сідорскім, кіраўніцтва Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта на чале са старшынёй аблвыканкама Аляксандрам Якабсонам, кіраўнікі і афіцыйныя дэлегацыі раёнаў Прыпяцкага Палесся.


— Фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” арганічна ўпішацца ў агульны ўздым і развіццё эканомікі Палесся, дэманструючы ўсё багацце і ўнікальнасць краю, яго самабытнасць і гісторыка-культурную спадчыну. Аб гэтым пранікнена гаварыў са сцэны прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, адкрываючы нацыянальнае свята. Прэм’ер-міністр адзначыў, што дзяржаўная праграма па развіцці Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады, ініцыяваная і зацверджаная Прэзідэнтам Беларусі, прадугледжвае затраціць на інвестыцыйныя праекты больш 3,8 трлн. беларускіх рублёў. Будзе праведзена маштабная праца, якая дазволіць павялічыць прамысловую і сельскагаспадарчую вытворчасць у 1,7-1,8 раза. Рэалізацыя гэтай праграмы дазволіць вывесці на новы ўзровень заробак, стварыць належныя ўмовы працы і новую якасць жыцця мясцовага насельніцтва.


Першы такі фестываль — гэта не толькі сведчанне вялікай павагі да традыцыйнай культуры беларусаў, але і пацверджанне нашага імкнення захаваць спадчыну Палесся ва ўсёй яе спрадвечнасці і шматаблічнасці, падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада і павіншаваў з культурным дзействам прысутных.


Урачыстае адкрыццё фестывалю спалучыла, дзякуючы таленавітай рэжысёрскай задумцы, лепшыя ўзоры абрадавай, песеннай і танцавальнай культуры Палесся. Гонар выпаў нашай любімай Жыткаўшчыне: ажно некалькі жыткавіцкіх мастацкіх калектываў былі задзейнічаны ва ўрачыстым адкрыцці. І як выступалі — душа радавалася! Трэба было бачыць, як дасціпна і хораша ладзіўся на сцэне ўнікальны старажытны абрад “Жаніцьба коміна” (задзейнічаны і “Міжрэчча”, і “Спасаўка”, і сямейны народны калектыў “Абібок”), як надзвычай таленавіта нашы самадзейныя артысты з “Жытніцы” і іншых калектываў раёна сумесна з Нацыянальным акадэмічным народным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча паказалі незвычайнае сцэнічнае песенна-танцавальна-музычнае дзейства, што на працягу дзесяці хвілін наўздзіў раскрыла багацце нашай глыбіннай каранёвай каляндарнай паэзіі (да пастаноўкі гэтага ўнікальнага прадстаўлення, як мы паведамлялі чытачам, спрычыніўся і наш зямляк, вядомы балетмайстар М.Котаў). Сцяўшы дыханне, назіралі мы за прыгожымі малюнкамі, якія стваралі нашы землякі, і радаваліся, што Жыткаўшчына —надзвычай багаты на таленты край. А калі ж выйшлі на галоўную фестывальную сцэну “Сваты” (а калектыў выступаў проста выключна!), стала зразумела без папярэдніх ацэнак журы — нашы дадому з пустымі рукамі не паедуць! Абавязкова будуць пераможцамі фестывальнага конкурсу. Здаецца, так як яны, ніхто і не здолеў спець. Ну хіба што “Песняры” ці спевакі выдатнага хору імя Цітовіча, якія статус, зразумела, не раённы маюць.


Прызнацца па шчырасці, сапраўды парадавала адкрыццё фестывалю таленавітасцю спевакоў і танцораў. І нашых, і гасцей. Годна, дарэчы, выступіў украінскі мужчынскі хор імя Вяроўкі, песняй і заліхвацкім танцам парадаваўшы палешукоў-суседзяў…


Добрым знакам для фестывалю стала пасадка маладога дубка кіраўніком беларускага ўрада. “Векавое дрэва” — адзначылі тут жа ўважлівыя палешукі. Значыць, кажуць, фестывалю быць доўга на нашай зямлі.


Паспяшаемся да падвор’яў


Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю на галоўнай сцэне ладзіўся канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, а затым канцэрт—творчая прэзентацыя творчых аматарскіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў Палескага рэгіёну. Мы ж скарыстаем гадзіну-другую, каб павандраваць па кожным падворку, пабачыць альбо чаму-небудзь навучыцца на сядзібах раёнаў.


Але ж спачатку адзначым, што афіцыйная дэлегацыя на чале з С. Сідорскім наведала выставу СМІ Палесся, пазнаёмілася з гандлёвымі радамі гомельскіх прадпрыемстваў і накіравалася ў “госці” да сапраўдных палешукоў — на рэгіянальныя падвор’і.


Божа, што ж тут можна было ўбачыць! Тут табе і народныя гарнітуры і абрады, тут і песні. Хочаш — паспрабуй юшку, прыгатаваную па адмысловым, вядомым толькі гаспадару, рэцэпце, альбо смажанінкі з блінцом. Хочаш — паспрабуй сябе ў ролі ткачыхі або майстра лазапляцення…


Вочы сапраўды разбягаліся. На кожным падворку — свая кулінарная традыцыя, свая асаблівая гамонка з мясцовым каларытам. Выстава вырабаў і дасягненняў народных майстроў расцягнулася на некалькі кіламетраў набярэжнай. Борці, якімі карысталіся нашы продкі, плеценыя кошыкі, лапці, ганчарныя вырабы — у турыстаў ад такой разнастайнасці вочы разбягаліся. Парадавала такое багацце, зразумела, і кіраўніцтва нашай рэспублікі. Прэм’ер-міністра і членаў урада, кіраўнікоў вобласці на падворках і частавалі, і падарункі дарылі. Як водзіцца — гасцям рады былі паўсюль.


Жыткавіцкі падворак — перадапошні разам з Петрыкаўскім і падворкам гаспадароў — Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Яго арганізатары пастараліся паказаць найбольш важныя моманты этнакультурных традыцый раёна: усе промыслы, што бытуюць у раёне, заняткі палешукоў. Немалы акцэнт быў зроблены, каб падкрэсліць, што менавіта ў нас самыя прафесійныя рыбаловы — нават “сваю сажалку” з сабой прывезлі, каб рыбку палавілі ўсе жадаючыя. А пасля юшкі пасёрбалі. Што ж, прыцягнулі ўвагу — нат рэспубліканскія журналісты забягалі і затрымліваліся падоўгу.


Калі ж сказаць, што сядзіба Жыткавіцкага раёна была самай наведваемай і масавай па весялосці — то нічога не сказаць. Тут табе былі і цыганскія матывы, і палескія прыпеўкі. Можна было і ткацтву навучыцца, і шмат якім промыслам — майстры былі тут на ўсе рукі. Нават моладзь магла навучыцца касу біць. І прысмакі таксама неблагія прапаноўвала Жыткавіцкае райпа.


Да слова сказаць, і чужыя сядзібы былі някепскія. Нам асабіста спадабаліся Столінская і Лельчыцкая — суседзі ж, радня лічы. Якія булкі пякуць — ого-го!


Што ж, агледзелі ўсё і вярнуліся да сядзібы раёна, пажадалі поспеху і — галоўнае — перамогі ў конкурснай праграме падворкаў і нацыянальнай рэгіянальнай кухні…


Гадзіны ўцехі і радасці


На фестывалі кожны мог знайсці сабе занятак — ці паўдзельнічаць у атракцыёнах, ці наведаць фотавыставу, ці палавіць рыбу ў сажалцы, ці проста павандраваць ад падворка да падворка, падсілкавацца, пагутарыць з майстрамі і нечаму навучыцца. Тут было шмат старажытных прылад, рэчаў, якія не ва ўсіх рэгіёнах маюць бытаванне, і тым цікавыя. Мы ж многа страцілі, і нашы дзеці мала чаго ведаюць наогул аб традыцыйнай паляшуцкай культуры. Фестываль хоць крыху мог далучыць маладое пакаленне да фальклорна-этнаграфічных традыцый. І гэта ўжо само па сабе важна.


Мы ж паспелі на канцэрт-прэзентацыю нашых “Сватоў”. Удзельнікі гэтага калектыву выступілі проста на біс. Падумалася зноў: заслугоўваюць артысты на чале з таленавітым Васілём Каральцом больш чым народнага звання…


Неўзабаве вечарэе. Спяваюць “Песняры”. Такія знаёмыя з дзяцінства мелодыі. Выступае і вядомы беларускі гурт “Палац”. Нараўне з прафесійнымі калектывамі выходзіць і наша дружная сям’я з Запясочча — сямейны фальклорны ансамбль“Абібок”. Выступаюць проста выдатна!


А першы дзень свята завяршаецца святочным вялікім феерверкам.


А на наступны дзень – феерверк узнагарод. Мы – лепшыя!


Суботні фестывальны дзень быў не менш яркі на падзеі. Зноў разгарнулі працу гандлёвыя рады, запрацавалі атракцыёны і рэгіянальныя падворкі. На працягу трох гадзін выступалі творчыя аматарскія калектывы Палесся. Ізноў тут вылучаліся “Сваты” і сямейны фальклорны ансамбль “Абібок”…


А палове другой адбылося ўзнагароджванне ўдзельнікаў фестывалю. Адразу адзначым: ён стаў, відавочна, самым зорным для Жыткаўшчыны. Народныя калектывы “Сваты”, “Міжрэчча”, “Абібок”, “Спасаўка”, “Жытніца” прызнаны лепшымі калектывамі Палескага рэгіёну і адзначаны дыпломамі фестывалю і прэміямі. Хоць і кулінарныя стравы нашы былі смачнымі, але перамогу ў гэтай намінацыі святкавалі Калінкавіцкае, Лельчыцкае і Лунінецкае спажыўтаварыствы. Наша, Жыткавіцкае райпа, разам з іншымі адзначана спецыяльным дыпломам фестывалю.


Але самая лепшая ўзнагарода чакала нас наперадзе, калі аб’явілі вынікі конкурсу рэгіянальных падворкаў — Жыткавіцкі раён тут прызнаны безумоўным лідарам і заваяваў Гран-пры фестывалю і спецыяльны прыз — ноутбук — ад рэспубліканскага выдання “Народная газета”. Дарагую ўзнагароду ад генеральнага дырэктара Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” С.Бамбізы атрымаў старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Кіраўнік раёна не хаваў радасці — са сцэны павіншаваў жыткаўчан з такой цудоўнай прэзентацыяй нашых традыцый.


Да слова, у лідарах гэтага конкурсу таксама Лельчыцкі раён, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, Пінскі, Столінскі і Калінкавіцкія раёны.


Уручыўшы апошнюю ўзнагароду С. М. Бамбіза ад імя прысутных выказаў падзяку кіраўніку дзяржавы А.Р. Лукашэнка за падтрымку правядзення фестывалю, падзякаваў усім, хто спрычыніўся да яго правядзення.


Завяршыўся фестываль гала-канцэртам пераможцаў фестывалю і выступленнем прафесійных калектываў — сотні людзей удзячна апладзіравалі талентам зямлі Палескай…


Дадому, дахаты…


Усё добрае калі-небудзь ды заканчваецца. Першы фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” завяршыў сваю працу. І ад гэтага крыху стала сумна. Ен прапанаваў займальную, насычаную праграму, мэта і сэнс якой — апець у самых розных жанрах культуру і побыт гэтага аднаго з самых маляўнічых рэгіёнаў Беларусі. Ну дзе яшчэ можна будзе ўбачыць арыгінальную “выставу дасягненняў” адразу ўсіх раёнаў Прыпяцкага Палесся, падзівіцца ўкладам жыцця нашых сёлаў, пачуць гаворку палешукоў і народныя “хіты” прыпяцкай глыбінкі? Дзе яшчэ адначасова парыбачыць і зварыць юшку або запякчы рыбку? А пры жаданні — паспаборнічаць у гонках на чоўнах, навучыцца плесці лапці з лазы і капялюшы з саломы, паспытаць нацыянальных страў, а потым пусціцца ў скокі з народнымі калектывамі… Толькі на такім фестывалі. У наступным годзе.


Вяртаючыся ў Жыткавічы, мы разважалі ўслых, што першы этнакультурны фэст, безумоўна, стаў паспяховай, знакавай, рэзананснай падзеяй у жыцці Беларусі. Прыемна, што нашы землякі сталі яго лаўрэатамі, а раён прызнаны самым каларытным на духоўную традыцыю і талент. Давайце ж цяпер з большай сілай цаніць і любіць усё роднае! Віншуем усіх нас!


За ходам фестывалю ўважліва сачылі і ўражаннямі падзяліліся: У.ГАЎРЫЛОВІЧ, Д. ІВАНОЎ. Фота В. КІЖНЕВА, У. ГАЎРЫЛОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.