Удзячнасць за працу і старанне

Візіт у наш раён старшыні Гомельскага абкама прафсаюза работнікаў лесу Віктара Крыўко-Красько ў гэтыя жнівеньскія дні азначае адно: у чарговы раз ён прыехаў, адклаўшы свае справы, каб адзначыць працу найбольш старанных механізатараў на жніве і на корманарыхтоўцы. Гэтай традыцыі ўжо гадоў з пяць, як Віктар Аляксеевіч сустракаецца з хлебаробамі раёна і віншуе іх з працоўнымі перамогамі.


Сёлета маршрут старшыні абкама прафсаюза работнікаў лесу пралёг па многіх гаспадарках раёна. І першым сельгаспрадпрыемствам, куды патрэбна было трапіць, стала КСУП “Людзяневічы”. Вядома, якая гэтая гаспадарка па велічыні. Ад мяжы да мяжы добрая сотня кіламетраў набярэцца. Таму, каб хутчэй знайсці патрэбных людзей, Віктар Аляксеевіч разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Дашкевічам адразу накіраваліся да адміністрацыйнага будынка за дапамогай да дырэктара Віктара Ульяновіча і старшыні прафкама мясцовай пярвічкі Тамары Баран. Гасцям пашанцавала, тыя былі на месцы і з вялікай ахвотай ўзяліся дапамагаць.


— Дзе сёння працуюць ваш вадзіцель Юрый Сулкоўскі і механізатар агратэхсервіса Сяргей Федаровіч? – запытаў у мясцовых кіраўнікоў Віктар Дашкевіч. — Зараз установім дакладна, але абавязкова патрэбна будзе ехаць на ленінскую зону, бо там яны працуюць,— з гэтымі словамі Віктар Несцеравіч Ульяновіч выняў мабільны тэлефон і пачаў некаму тэлефанаваць.


— Так, Сулкоўскі толькі што прыехаў у гараж за запчасткамі да камбайна.. Добра. Папрасіце яго пачакаць паўгадзінкі, а Федаровіч — у “Грычыне”. Зразумела.


— Марудзіць не будзем. Паедзем, да хлопцаў, — зазначыў Віктар Сцяпанавіч.


І вось ужо аўтамабіль, рассякаючы гарачыя хвалі паветра, імчыць па шашы да гаража ў вёсцы Ленін, дзе павінен чакаць перадавік жніва ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве вадзіцель Юрый Сулкоўскі. Толькі гасцей на месцы чакала расчараванне, Юрыя Мікалаевіча там не аказалася.


— Ды паехаў да камбайнаў, нават і хвіліны не затрымаўся. Пагрузіў запчасткі — і ў поле, — паведамілі прыбыўшаму кіраўніцтву і гасцям у гаражы. —Толькі і сказаў, няма часу, камбайн прастойвае.


— Такі чалавек наш Сулкоўскі, вельмі хварэе за агульную справу, — зазначыла старшыня прафкама гаспадаркі Тамара Баран. — Цяпер яшчэ столькі ж ехаць прыйдзецца, каб дабрацца да палетка, дзе працуюць камбайны.


— Значыць, давядзецца ехаць. Трэба ж аддаць належную пашану такому стараннаму працаўніку, — прамовіў Віктар Аляксеевіч.


Легкавік бярэ кірунак на Грабава. Менавіта ля гэтага населенага пункта працавалі камбайнеры і вадзіцелі гаспадаркі. Пакуль кіраваліся на палетак, абапал дарогі былі добра відаць вынікі працы мясцовых земляробаў. Паўсюль на зжатых палях са збажыной ляжалі абмалочаныя валкі саломы. На некаторых нават прыступілі да яе прасавання. Чырвоныя машыны ўбачылі на жытнёвым полі, як толькі пераехалі вёску. Непадалёку стаялі і вялікагрузныя МАЗы.


— А вось і Сулкоўскі, — прадставіў гасцям вадзіцеля Віктар Несцеравіч.


Далей дагаварыць кіраўніку не далі людзі, якія стаялі ля поля. Іх цікавіла адно пытанне, калі гаспадарка займецца абмалотам збажыны на іх сотках.


— У бліжэйшы дзень-другі абмалоцім і ваша зерне, — адказаў дырэктар. — Ніводнага загона не прамінём, бо камбайны ўжо сюды не прыйдуць, тут мы заканчваем жніво.


Людзі супакоіліся, пачалі з цікавасцю прыглядацца да прыезжых. Зразумела, кожнаму хацелася даведацца: чаго гэта вялікае начальства да іх завітала. Таму, калі Віктар Несцеравіч пачаў тлумачыць мэту візіту старшыні абкама прафсаюза работнікаў лесу, пацягнуліся бліжэй да яго.


— Нашага работніка прыехалі віншаваць аж з самога Гомеля, — сказаў дырэктар. — Калі ласка, Віктар Аляксеевіч, вам слова, а то наш вадзіцель вымусіў пакалясіць па гаспадарцы.


— Хоць паглядзелі, якое вялікае ў нас сельгаспрадпрыемства, — аджартаваўся Юрый Мікалаевіч.


Жарт быў падтрыманы, у многіх выклікаў усмешку. Але адразу ўсе пасур’ёзнелі, калі загаварыў старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу. Віктар Аляксеевіч быў нешматслоўным — моцна паціснуў мужчыне руку і шчыра падзякаваўшы вадзіцеля за працу і стараннасць, уручыў яму прыгатаваны падарунак — мабільны тэлефон, а таксама майку і кепку з эмблемай прафсаюзнага руху. Добра было відаць, як прыўзняўся настрой у Юрыя Мікалаевіча.


— Даўно такой пашаны мне не аказвалі і не ўручалі падарункі. Апошні раз гадоў дзесяць такое было, калі яшчэ на камбайне працаваў, — весела зазначыў Сулкоўскі. — Буду старацца і надалей так шчыраваць.


Пасля ўручэння падарункаў і слоў віншавання размова закруцілася вакол надзённых спраў на збожжавых палетках гаспадаркі. Крыўко-Красько найперш цікавіла, як вырашаны сацыяльныя і бытавыя пытанні, бяспека працы на жніве. Нараканняў у камбайнераў на гэта да кіраўніцтва не маецца. І абедамі забяспечаны, і падвоз наладжаны, нават ліманад і мінеральная вада выдаюцца. Адным словам, толькі працуй. І мясцовыя працаўнікі стараюцца. Той жа Юрый Мікалаевіч ужо перавёз ад камбайнаў больш сямісот тон зерня. Ды і падчас корманарыхтоўчай кампаніі ён пастараўся. На яго рахунку больш двух тысяч тон перавезенай зялёнай масы.


— Ніколі нараканняў на яго працу не было, — гаворыць старшыня мясцовай прафсаюзнай пярвічкі, — калі бярэцца за справу, то абавязкова давядзе яе да канца.


Развітанне з вадзіцелем атрымалася цёплым. Пажадаўшы яму плённай працы, прадстаўнікі прафсаюза і гаспадаркі накіраваліся ва ўрочышча “Грычын”, дзе працавалі корманарыхтоўшчыкі. Там Віктар Аляксеевіч віншаваў механізатара агратэхсервіса Сяргея Федаровіча. Ужо другі год плённа працуе на нарыхтоўцы кармоў Сяргей Сцяпанавіч. Ен заняты на перавозцы зялёнай масы. І атрымліваецца гэта ў яго выдатна. На цяперашні час ён перавёз больш чатырох тысяч тон травяной масы. Працаваў у многіх гаспадарках, зараз — у КСУПе “Людзяневічы”. Нягледзячы на маладосць, ужо не раз яго праца адзначалася, нават на ўзроўні вобласці. Гэта за тое, што Сяргей Сцяпанавіч заняў прызавое месца на перавозцы кармоў у абласным саперніцтве. І цяпер ён высока трымае марку. Бесперапынна снуе яго “Беларус” з сенакоса да сіласнай траншэі. Стараецца, бо хочацца яшчэ больш палепшыць свой працоўны здабытак. А магчымасці для гэтага маюцца, толькі не лянуйся. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена працай такога партнёра.


— Падчас такіх віншаванняў заўсёды ўзнімаецца настрой, бо бачыш, што людзі імкнуцца працаваць вынікова, нават у цяперашнюю спёку, абліваючыся потам, яны на сваіх рабочых месцах забяспечваюць выкананне пастаўленых задач. Таму хочацца зрабіць і ім прыемнае, парадаваць, натхніць, падтрымаць у такі гарачы час, — зазначае Віктар Аляксеевіч Крыўко-Красько. — Усё ж маральныя стымулы бываюць не менш важнымі, чым матэрыяльнае заахвочванне. Працаўнік бачыць, што яго працу цэняць і паважаюць.


Старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу ўручыў каштоўныя падарункі ў той дзень яшчэ тром механізатарам, якія вызначыліся на корманарыхтоўцы. Гэта Андрэй Сініла з КСУПа “Чырвоны Бор”, Аляксандр Макарэвіч з КСУПа “Бялёў” і Эдуард Ярмоліч з КСУПа “Коленскае”. І ўсюды падчас такіх мерапрыемстваў ад Віктара Аляксеевіча ў адрас хлебаробаў гучалі шчырыя словы падзякі за іх старанне і працавітасць.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.