Дабрыня — катэгорыя вечная

Нямала мерапрыемстваў праведзена супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва да Дня пажылога чалавека.


Практычна штодня ад установы ў розных кірунках раёна і горада адпраўляліся аўтамабілі з работнікамі цэнтра. Так пачыналася акцыя “Зялёная аптэка”. Далей маршрут пралягаў да сядзіб і кватэр адзінока пражываючых пажылых жыхароў раёна. Непасрэдна падчас гэтых візітаў дзядулям і бабулям уручалі пакеты лекавых раслін, а таксама сувеніры. Былі работнікі цэнтра і ў аддзяленнях сястрынскага догляду раённай бальніцы, дзе таксама адорвалі старых, ставілі для іх невялікія канцэрты. За гэтымі клопатамі ў цэнтры не забыліся і на сваіх работнікаў, якія даўно пайшлі на заслужаны адпачынак, а раней працавалі ў сістэме сацыяльнага абслугоўвання і абароны насельніцтва. Сумесна з упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва работнікі цэнтра падрыхтавалі святочнае мерапрыемства, якое адбылося ў гарадскім цэнтры культуры.


За салодкімі сталамі сабралася каля сарака гасцей. Гэта жанчыны, якія некалі вялі догляд за пажылымі людзьмі, налічвалі пенсіі, працаўладкоўвалі, адным словам, сваёй працай дапамагалі людзям, якія мелі ў гэтым пільную патрэбу. Цяпер яны сталі пажылымі і, канечне ж, ім самім хочацца ўвагі, якой яны так шчодра дзяліліся многія гады з іншымі. Вось такія людзі і былі запрошаны на мерапрыемства.


Вядучыя, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталля Макарэвіч, прадстаўнік аналагічнай абласной структуры Вольга Пракаповіч шчыра віталі цёплымі словамі запрошаных на мерапрыемства, выказвалі ім найлепшыя пажаданні, нагадвалі пра іх дабрыню і чуласць, стараннасць і працавітасць. Кожны на гэтым свяце быў названы пайменна ад простага сацработніка да намесніка начальніка ўпраўлення. Гэта і Алена Саўчыц, Ніна Матох, Галіна Літвінчук, Кацярына Курбан, Валянціна Пяшэвіч, Лілія Сазонава, Вера Горбат, Галіна Пракаповіч, Ніна Карповіч, Валянціна Марціноўская і многія іншыя. Яны ўсе такія розныя, але рабілі адну справу — дапамагалі людзям. Некаторыя з іх робяць гэтую высакародную справу і цяпер, бо незважаючы на ўзрост плённа працуюць ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ці ж не прызванне гэта? Канешне, працаўнікам на такім нялёгкім участку патрэбна мець асаблівыя якасці.


На мерапрыемстве ў гонар гэтых чулых і добрых жанчын было праспявана нямала цудоўных песень. Гэта з задавальненнем і вялікім майстэрствам зрабілі самадзейныя артысты ансамбля “Залатая пара”. Дарэчы, гэты калектыў таксама стварыўся і працуе на базе аднаго з гурткоў па інтарэсах тэрытарыяльнага цэнтра. Агеньчык, які прайшоў, стаў не толькі добрай нагодай для сустрэчы былых работнікаў сацыяльнай службы і цяперашніх, але і цудоўным адпачынкам, дзе панавалі радасць і весялосць.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.