У засені горада роднага

Шмат цікавых, запамінальных мерапрыемстваў арганізавалі і правялі напярэдадні дня горада Жыткавічы работніцы цэнтральнай бібліятэкі. Адно з іх, наладжанае па ініцыятыве кіраўніцтва ЦБС Людмілы Кронда ды аддзела абслугоўвання, адбылося ў малой зале раённага цэнтра культуры. Вечар-сустрэча, прымеркаваная да 510-годдзя заснавання нашага райцэнтра, так і называлася — «У засені горада роднага». Яе вядучымі былі былы вучань сярэдняй школы №4, а цяпер аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталій Кондраў і бібліятэкар чытальнай залы Валянціна Ахрамовіч, а слухачамі і гледачамі сталі як вучні школ райцэнтра, так і яго дарослыя жыхары.


…Жыткавічы для заезджых людзей — адзін са 118 гарадоў рэспублікі, што, вобразна кажучы, “ходзяць” у райцэнтрах, а для тых, хто нарадзіўся тут, вырас, вучыўся ў школе, ён — самы ўтульны і прыгожы, самы мілы куточак роднай Беларусі. Шмат таленавітых, творчых людзей выйшла адсюль, з гэтага некалі мястэчка, якое цяпер не пазнаць. Сярод іх вядомы пісьменнік М. Гамолка, кампазітар У. Буднік, доктар біялагічных навук А. Фралоў, чэмпіён рэспублікі С. Юзюк, палітычны і дзяржаўны дзеяч М. Дамашкевіч, чэмпіёнка былога СССР Т. Салко і многія другія. І варта ў сувязі з гэтым адзначыць, што не перарываецца повязь часу, шмат цікавых, адметных людзей і цяпер жыве і працуе ў Жыткавічах.


Не толькі ў нашым горадзе, але і далёка па-за яго межамі ведаюць людзі творчую сям’ю Ганны Лой. Ганна Пятроўна — сапраўдны энтузіяст культуры, салістка народнага гурта народнай песні «Сваты», душа гэтага калектыва. Да таго ж яна ўзначальвае раённы фальклорны цэнтр. Вось яна спявае разам з усімі, вось іграе ролю прытворна-хворай бабулі ў сцэнцы, а вось пад акампанемент Васіля Каральца заводзіць песню «Іграй, гармошка, гармошка мілая»… Ад яе песень становіцца вельмі цёпла, хораша, утульна на душы. Вось што робіць сапраўднае мастацтва — зала ўзрываецца апладысментамі і дзякуе за цудоўнае выканаўчае майстэрства.


Ганна Пятроўна была запрошана на сцэну: адказала на шматлікія пытанні. Да таго ж арганізатар клуба аматараў народнай творчасці «Вечарына» прыйшла на сустрэчу на адна, а разам са сваёй дачкой Надзеяй і ўнучкай Аляксандрай. Між іншым, у нашым горадзе Надзея больш вядомая, як рукадзельніца, якая вышывае крыжыкам. Пад час сустрэчы яна расказала, як выбірае сюжэты для сваёй творчасці, якія карціны запомніліся найболей, а таксама пра сваю дачушку Аляксандру, якая, нягледзячы на юны ўзрост, ужо з’яўляецца пераможцай многіх конкурсаў, вышывае, грае на баяне і добра вучыцца ў школе.


Наступнай на сцэну была запрошана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 Ірына Пінчук. Цікава было слухаць прысутным яе аповед пра школьныя гады, пра настаўнікаў, якія паслужылі жыццёвым прыкладам для абрання далейшай прафесіі, пра сваіх вучняў.


Не пакінула нікога раўнадушным і сустрэча з Васілём Нікановічам — старшынёй раённага Таварыства беларускай мовы, аднаго з членаў рэдкалегіі і аўтарскага калектыву складальнікаў кнігі «Памяць» аб Жыткавіцкім раёне. Васіль Васільевіч — былы студэнт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, гісторык па адукацыі, шчыры беларус, які размаўляе на роднай мове ў паўсядзённым побыце.


Сваімі ўласнымі рукамі не першы год з любоўю і захапленнем стварае міні-батанічны сад і ўпрыгожвае фасад Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2. Ірына Вянгура — госця вечара-сустрэчы. Ірына Георгіеўна — педагог па адукацыі, сваім прызваннем лічыць кветкаводства. Дом, што патанае ў кветкавых раслінах, бадай, адзін з самых дагледжаных у райцэнтры, а па вуліцы Савецкай з яе садам наўрад ці хто пераўнаецца. Робіць яна ўсё з любоўю, прызнаецца шчыра: «Гэта не абавязак, а так, для душы». Да таго ж цудоўна вяжа, вышывае. І цікава было пачуць, якія яе самыя любімыя кветкі, якім бачыцца ёй наш горад у будучым.


А ў завяршэнне сустрэчы перад прысутнымі выступіў былы намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Уладзімір Занкевіч. З 1964 па1970 гады ён працаваў першым сакратаром райкама камсамола. Сваімі цікавымі ўспамінамі Уладзімір Рыгоравіч вярнуўся ў 60 — 70-я гады мінулага стагоддзя. Адчувалася, што ён любіць свой родны горад, у якім прайшлі лепшыя гады яго жыцця.


Усё мерапрыемства суправаджалася музычнымі нумарамі ў выкананні народнага гурта «Сваты». Была наладжана выстава вырабаў рукадзельніц Надзеі Некрашэвіч і Ірыны Вянгуры.


С. ВІЛЬЧЫК.


Фота У. МІКАЛАЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.