“Яшчэ не ўсё мною спета…”

Есць такое выслоўе: “Кожны чалавек, як птушка, спявае песню свайго жыцця”. Вось і Кацярына Пятроўна Домніч усё жыццё спявае свае песні, вучыць гэтаму майстэрству другіх, прыносячы асалоду і задавальненне слухачам. І гэта сапраўды так. Днямі гэтая паважаная жанчына адзначыла двайны юбілей: сямідзесяцігоддзе свайго нараджэння і пяцідзесяцігоддзе творчай дзейнасці. З гэтай нагоды ў Дварэцкім доме культуры адбылося вялікае свята, якое зладзіў для Кацярыны Пятроўны народны клуб аматараў народнай творчасці “Вечарына” раённага цэнтра фальклору на чале з Ганнай Лой.


Пастараліся арганізатары вечарыны, каб свята ўдалося на славу. На сцэне арганізавалі выставу майстроў народнай творчасці, наладзілі адпаведнае музычнае суправаджэнне, падабралі для віншаванняў самыя цёплыя і пранікнёныя словы, запрасілі самадзейных артыстаў, з якімі ў розныя гады давялося працаваць Кацярэне Пятроўне. А поўная зала гледачоў яскрава засведчыла тую вялікую павагу людзей, што мае гэтая жанчына ў жыхароў Турава. Таму, калі вядучая свята запрасіла Кацярыну Пятроўну на сцэну, прысутныя на вечарыне сустракалі яе авацыяй.


Кацярына Пятроўна ўсё сваё жыццё аддала выхаванню ў дзяцей любові да народнай музыкі, развіццю і прапагандзе народнай творчасці. І зараз яе баян выводзіць дзівосныя мелодыі, а голас гучыць са сцэны, радуючы і цешачы гледачоў хараством народнай песні. Кожны музычны такт, кожны радок яе песні нясе ў сабе часцінку спадчыны бабуль, маці, душы народа.


Сваю працоўную дзейнасць Кацярына Пятроўна распачала ў гандлі. З самага дзяцінства яе вабіла музыка, асабліва падабалася, калі ігралі на гармоніку. І якой была вялікай радасць дзяўчыны, калі бацька падараваў ёй гармонік. Яна самастойна вучылася на ім іграць, падбіраючы мелодыі на слых. Першы выхад як музыкі да гледачоў адбыўся на танцах у мясцовым клубе. Гармонік быў яе спадарожнікам і падчас вучобы спачатку ў Пінску, а пасля ў Гродненскім вучылішчы культуры. Пасля заканчэння гэтай навучальнай установы яна выходзіць замуж і разам з мужам трапляе на паўночны Каўказ у горад Шахты. Не раз выводзіла на чужыне на сваім музычным інструменце матывы роднай зямлі. Так смуткавала па ёй, бо сэрца імкнула на Радзіму. Не вытрымаўшы разлукі, пераязджае з сям’ёй у Тураў, дзе ўладкоўваецца на працу настаўнікам па класу баяна. У творчага чалавека заўсёды шмат энергіі і выдумак. Любоў да роднай песні і музыкі не дае ёй спакою, яе душа спявае так, што Кацярына Пятроўна з галавой акунаецца ў творчае жыццё тураўскай зямлі. На ёй творчы шлях жанчыны даволі вялікі. Трыццаць гадоў ёю прысвечаны ансамблю народнай песні “Ярок” Тураўскага гарадскога Дома культуры. Менавіта пад яе кіраўніцтвам гэты калектыў атрымаў ганаровае званне “народны”. З 1981 года і па цяперашні час Кацярына Пятроўна з’яўляецца акампаніятарам народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Сцвіжанка” Сямурадскага сельскага клуба, акампаніятарам ансамбля “Азярына” Азяранскага маладзёжнага цэнтра культуры, акампаніятарам Дварэцкага гарадскога дома культуры. З 1997 года Домніч кіраўнік калектыву мастацкай самадзейнасці Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” “Маладзіцы маладыя”. Таксама яна плённа працуе ў агульнаадукацыйных школах Турава. І за яе талентам, розумам, добразычлівай і цёплай усмешкай заўсёды цягнуцца людзі, моладзь і дзеці. Яна ўсім сэрцам любіць тую справу, якой займаецца, вучыць дзяцей добраму, разумнаму, вечнаму, а ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці народнай песні. Разам з ансамблем “Ярок” Кацярына Пятроўна двойчы гастралявала ў Германіі, са “ Сцвіжанкай” выступала ў Маскве і Польшчы, на абласным і рэспубліканскім тэлебачанні. А колькі паставілі канцэртаў на розных сцэнічных пляцоўках, цяпер і падлічыць цяжка.


Усю сваю творчую дзейнасць у калектывах мастацкай самадзейнасці гэты таленавіты чалавек накіроўваў на ўзбагачэнне рэпертуару. Домніч займаецца яго падборам і прыносіць у калектывы. Напэўна, няма такой канцэртнай праграмы, дзе б не гучалі яе песні. Але як сцвярджае сама юбілярша, цяпер у яе найлепш выходзяць гумарэскі. Яны, як стрэл! Бах — і ўся зала падае са смеху. Бах — і хтосьці пачырванеў ад сораму.


Вялікі жыццёвы і творчы шлях прайшла гэтая жанчына. Аб гэтым сведчаць і шматлікія ўзнагароды: у 1989 годзе яна была ўзнагароджана знакам і прэміяй Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры за дасягненні ў самадзейнай мастацкай творчасці. Яшчэ ў яе шмат ганаровых дыпломаў, грамат, падзяк за шматгадовую добрасумленную працу.


Практычна без выхадных прыйшлося Домніч працаваць у 80-90 гадах. Так здарылася, што ёй давялося адной падымаць на ногі двух сыноў. Таму жанчына па выхадных іграла і спявала на вяселлях. Але і за гэтымі клопатамі Кацярына Пятроўна не забывала аб сваіх вучнях, заўсёды сустракалася з імі, дзялілася сваімі клопатамі, распытвала пра жыццё. Таму і невыпадкова, што так многа прыйшло на вечарыну гасцей, родных і блізкіх Кацярыне Пятроўне людзей, каб павіншаваць яе. І найлепшымі падарункамі для яе былі цёплыя словы ўдзячнасці і вялікая колькасць песень, што выканалі на святочным мерапрыемстве для Домніч самадзейныя артысты калектываў, з якімі многія гады працавала жанчына, якім прывіла любоў да народнай песні, навучыла адчуваць яе хараство і непаўторнасць. Ды і сама Кацярына Пятроўна парадавала сваёй творчасцю. Мяркуючы па тым запале, па той энергіі, што вылучае гэтая жанчына, можна сказаць так, што яшчэ не ўсе песні ёю праспяваны, і яшчэ не аднойчы яна парадуе нас сваім творчым майстэрствам. Вечарына ў яе гонар — чарговае прызнанне яе таленту.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.