АДКЛАД НЕ ІДЗЕ НА ЛАД

Сёлетняе восеньскае надвор’е як нельга лепш спрыяе аграрыям раёна. Яно дазволіла ім своечасова ўбраць вырашчаны ўраджай, пасеяць азімыя, а зараз рабіць і пэўны задзел на наступную вясну. У прыватнасці, унесці і заараць арганіку, калійныя ўгнаенні, ачысціць насенне яравых зерневых культур.


На жаль, як засведчыў галоўны аграном райсельгасхарчу Віктар Раковіч, такі дарунак прыроды скарыстоўваюць не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах.


— Вельмі дрэнна вядуць работы па ўнясенню арганічных угнаенняў у камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемствах “Бялёў”, “Дзякавічы”, адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”, — называе адрасы адстаючых Віктар Віктаравіч. – Прыкра, што ў ААТ “Тураўшчына”, пры такім магутным тэхнічным забеспячэнні, здолелі ўнесці толькі тры з паловай тысячы тон арганікі пад зяблівае ворыва. Хаця назапашана ў таварыстве такіх угнаенняў трыццаць тысяч тон. У КСУПе “Бялёў” пад зяблівае ворыва ўнесена ўсяго шэсцьсот тон арганічных угнаенняў, у КСУПе “Дзякавічы” – пяцьсот тон. Відавочна, што гэтым гаспадаркам з унясеннем арганікі патрэбна значна актывізавацца.


Чаму б не працаваць?.. Робяць жа гэтую справу ў КСУПе “Коленскае”, дзе ў гэтыя дні ўнясенню арганікі і яе заворванню надаецца вялікае значэнне. Амаль сем тысяч тон вывезена і ўнесена гэтых угнаенняў. Працуюць два механізаваныя атрады. І відавочна, што вясной застануцца, дзякуючы цяперашнім намаганням, у выйгрышы. Найперш, гэта адаб’ецца на тэмпах палявых работ, не будзе адчувацца дэфіцыту тэхнікі. Дастаткова будзе на такім полі правесці перадпасяўную апрацоўку глебы і запускаць пасяўныя агрэгаты. Па-другое, як выглядаюць палеткі пасля ўнясення арганічных угнаенняў вясной, многія бачылі. Глыбокія каляіны, “нарэзаныя” коламі трактароў і раскідвальнікаў. Тэхніка грузне на пераўвільготненай глебе. Працаваць у такіх умовах механізатарам надзвычай цяжка. Зразумела, належна правесці падрыхтоўку глебы на такім палетку намнога складаней. Перарасходу паліва пазбегнуць не ўдасца. А яшчэ веснавая арганіка – гэта найцудоўнешы расаднік пустазелля, вынішчыць якое, не прымяніўшы хімічных прэпаратаў, немагчыма. Вось, калі арганіка ўнесена з восені і заарана, вялікі эфект у барацьбе з пустазеллем дадуць механічныя аграпрыёмы, праведзеныя перад сяўбой. Яшчэ адной перавагай арганічных угнаенняў з’яўляецца тое, што іх прымяненне дазваляе кампенсаваць недахоп мінеральных тукаў. І хаця з кожным годам ён змяншаецца, але ж пакуль існуе.


І ўсё ж, нягледзячы на мноства пераваг асенняга ўнясення арганікі і яе заворвання, у гаспадарках марудзяць, праяўляюць неразваротлівасць. Прычынай таму, па словах спецыяліста райсельгасхарчу, служыць нізкая арганізаванасць на месцах.


— Для КСУПа “Бялёў”, гаспадаркі, якая з’яўляецца адным з асноўных вытворцаў бульбы, такая арганізацыя работ з арганікай проста недапушчальная, — зазначае Віктар Віктаравіч. — Ды і КСУПу “Дзякавічы” пакуль няма чым ганарыцца ў раслінаводчай галіне – 10-15 цэнтнераў збажыны з гектара, ці ж паказчык гэта на цяперашні час. Што перашкаджае ўносіць арганіку зараз пад будучую сяўбу? Асноўныя работы выкананы, запас угнаення маецца, паліва і тэхніка таксама ёсць…


Са слоў галоўнага агранома райсельгасхарчу складваецца такое меркаванне, што не павярнуліся яшчэ некаторыя кіраўнікі тварам да справы, не закасалі рукавы. Хаця час не проста ідзе, а бяжыць. Вось бы іх у савецкі час, калі на палеткі штогод у раёне ўносілася па 400-500 тысяч тон кампостаў. Як расказваюць механізатары той пары, што пакуль поле не ўгнояць, сяўбу на ім праводзіць забаранялі. Цяпер і са стасямідзесяцьмі тысячамі тон гною спраўляюцца з вялікімі праблемамі.


Так, зараз ніхто не ўхваляе гной, як ў старадаўнія часы, не лічыць яго асновай урадлівасці нашых палеткаў. Толькі такія адносіны прыносяць і адпаведны вынік – нізкую ўраджайнасць. Але ці толькі з абыякавасцю ставяцца ў гаспадарках да работы з арганікай? Дапускаецца ж пэўнае прамаруджванне і з ачысткай насення зерневых культур. У раёне з засыпанага насення зерневых і зернебабовых культур у аб’ёме 974 тон па чысціні кандыцыйнага маецца толькі 25 працэнтаў. Вось як вядуць ачыстку ў гаспадарках! Выключэнне складае адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўшчына”, дзе ачышчана 99 працэнтаў насення. Вельмі дрэнна арганізавана гэтая справа ў КСУПах “Дзякавічы”, “Марохараўскі”, “Людзяневічы”.


Канечне, справу гэтую можна адкласці і на больш позні час. Да вясны яшчэ далёка. Але вось ці падумалі ў гэтых гаспадарках пра людзей, што будуць заняты на ачыстцы насення ў маразы? Ці можна дабіцца добрай якасці работы пры такіх умовах? Складскія памяшканні – гэта не санаторныя карпусы, абагрэву там ніякага.


Кажуць, дарагая лыжка ў абед. Так і любая справа, калі яна зроблена своечасова. Бо адклад ніколі не даводзіў да ладу.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.