Аграрны патэнцыял – на ўсю моц

Чарговае мерапрыемства па падвядзенню вынікаў работы аграрнай галіны было даволі насычаным, і найперш, вялікай колькасцю пытанняў і тэм, што абмеркавалі яго ўдзельнікі. Пачаўся ж семінар з наведвання вытворчых аб’ектаў КСУПаў “Марохараўскі” і “Коленскае”.


На ферме Дуброва камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Марохараўскі” кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, райсельгасхарчу і іншых раённых службаў на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Какорам і начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандрам Наўныкам асноўная ўвага была скіравана на арганізацыю вытворчасці жывёлагадоўчай галіны ў зімова-стойлавы перыяд. Канструктыўная размова пачалася адразу, як толькі прысутныя на мерапрыемстве зайшлі ў адно з памяшканняў фермы, і тычылася яна арганізацыі кармлення дойнага статка. У “Марохараўскім” у гэтым плане сёлета ў параўнанні з мінулымі гадамі зроблены вялікі крок наперад. Сталася гэта таму, што гаспадарка набыла сучасны кормазмяшальнік, які дазваляе гатаваць паўнацэныя сумесі з наяўных кармоў, змешваючы адразу некалькі іх відаў: сілас, сянаж, канцэнтраты. Змяніўся і рэжым раздачы корму, яго дзённая норма падаецца ў кармушкі статку ў некалькі заходаў, парцыённа, таму ежа ў жывёлы маецца пастаянна на працягу сутак. Ды і баланс корму па спажыўных рэчывах з такім падыходам значна лягчэй вытрымаць, тым больш што рацыёны распрацаваны дзякуючы спецыяльнай камп’ютарнай праграме. З такім падыходам у кармленні жывёлы з большай аддачай можна выкарыстоўваць канцэнтраты. Далейшае абмеркаванне гэтага важнага пытання паказала, што не ва ўсіх гаспадарках яшчэ дайшлі да такой арганізацыі ў кармленні статка. Не выкарыстоўваюцца наяўныя кормазмяшальнікі, а жывёла корміцца па старому. Несумненна, цяпер рабіць так проста недапушчальна. Патрачаны немалыя грошы на набыццё дарагой тэхнікі, а аддачы ад яе няма. Такая неразваротлівасць характэрна, напрыклад, для КСУПаў “Дзякавічы” і “Бялёў”.


У малочным блоку гаспадаркі тэмай нумар адзін для абмеркавання стала арганізацыя работы па атрыманню малака высокімі гатункамі. Пытанне не другараднае, бо ад гэтага залежыць эканамічная эфектыўнасць галіны. Для КСУПа “Марохараўскі” гэта вельмі балючая праблема. Хаця захады спецыялістаў гаспадаркі даюць свой плён. Штомесяц па якасных паказчыках заліковая вага малака, якое рэалізуе сельгаспрадпрыемства, цяжэе на трыццаць тон, а значыць і выручка павялічваецца. Так, многія сельгаспрадпрыемствы раёна ў гэтым нікурунку дзейнасці дабіліся значных поспехаў. У тым жа КСУПе “Коленскае” цяпер прадаюць перапрацоўшчыкам малако толькі гатункам “экстра”. Але ёсць гаспадаркі, дзе яго не атрымана ніводнай тоны. Больш таго, ёсць і такія, што прадаюць малако перапрацоўшчыкам нават нізкімі гатункамі. А ўсё таму, як зазначалася старшынёй райвыканкама, што кіраўнікі і спецыялісты не займаюцца сур’ёзна гэтай праблемай, хаця выручка ад малака з’яўляецца асноўнай і стабільнай крыніцай даходаў. Вось толькі некаторыя гаспадарнікі зусім мала праяўляюць інтарэсу пра яе напаўненне. Вынік такой няўвагі — недаатрыманыя за дзесяць месяцаў больш ста мільёнаў выручкі ад рэалізацыі малака нізкімі гатункамі.


Яшчэ адна тэма, дзе таксама маецца нямала праблем, — вырошчванне цёлачнага пагалоўя і ўзнаўленне дойнага статка. У апошні час на гэты аспект у рабоце жывёлаводаў пачалі звяртаць усё большую ўвагу. Гэта невыпадкова, бо ад таго як вырошчваецца цялушка, у будучым будзе залежаць, наколькі прадуктыўнай выйдзе з яе карова. Таму ўдзельнікі семінара і наведаліся ў памяшканне, дзе ўтрымліваецца цёлачнае пагалоўе для папаўнення дойнага статка і гадуюцца цяляткі. Дзякуючы праведзенай рэканструкцыі тут створаны для гадаванцаў нядрэнны мікраклімат. Палепшылася і кармленне, што сведчыць: у гаспадарцы сур’ёзна ўзяліся за вырашэнне і гэтай праблемы. Прыемна ўсіх здзівіў і мясцовы дом жывёлавода, асабліва вышыванкі галоўнага заатэхніка Тамары Макарэвіч і іншых працаўніц фермы. Гэтымі рукатворнымі творамі мясцовых майстрых упрыгожаны ўсе сцены пакоя для адпачынку, што стварае ў ім дамашнюю абстаноўку і цеплыню. Аб належных умовах для работнікаў на працы ішла размова і ў рамонтнай майстэрні сельгаспрадпрыемства. Кіраўніцтва нямала зрабіла, каб іх палепшыць: у гаражы створаны пакой для адпачынку, клас для навучання, устаўлены вокны, адноўлена сістэма ацяплення. Стала больш парадку і на тэрыторыі машыннага двара. Адзінай значнай заўвагай было толькі тое, што работы ў гэтым накірунку весці патрэбна больш шпаркімі тэмпамі, бо працы, каб гараж выглядаў ідэальна, яшчэ неабходна прыкласці нямала. Кіраўнік КСУПа Іван Алесіч запэўніў, што работы па добраўпарадкаванні ў гаражы і стварэнні там належных умоў будуць працягвацца.


Немалаважнае значэнне мае не толькі стварэнне належных умоў на вытворчых аб’ектах, але і бяспечных. На гэта зрабіў акцэнт Анатоль Віцебскі, інжынер па тэхніцы бяспекі райсельгасхарчу. Як ім зазначалася, на цяперашні час у сельгаспрадпрыемствах маецца яшчэ нямала недахопаў у гэтай рабоце, але самае крыўднае, што для таго, каб ліквідаваць многія пралікі, не патрабуецца вялікіх затрат. Толькі па нейкіх невядомых прычынах кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і адказныя за тэхніку бяспекі спецыялісты практычна не звяртаюць на гэта патрэбнай увагі, таму і каэфіцыент карыснага дзеяння пакуль невялікі.


У чарговы раз здзівілі ўдзельнікаў семінара працаўнікі КСУПа «Коленскае”. У гэтыя дні яны на руднянскай ферме вядуць закладку сіласнай траншэі. Корм назапашваюць з рапсу, які пасеялі спецыяльна для гэтых мэт. Пагодныя ўмовы спрыялі росту культуры, таму зімой статак гаспадаркі атрымае дадатковую порцыю бялковага корму, які закладваецца зараз. Прапанавалі мясцовыя працаўнікі ўдзельнікам семінара азнаёміцца і з тым, як яны працуюць з канцэнтратамі. Большая частка іх скармліваецца жывёле дэферэнцыравана ў залежнасці ад надою, але вялікая порцыя паступае і ў кормазмяшальнік. Такі падыход дазваляе атрымліваць не толькі аддачу, але і выкараніць крадзеж камбікармоў.


Зноў жа на гэтым вытворчым аб’екце ўдзельнікі семінара звярнуліся да тэмы ўзнаўлення статка. На пункце штучнага асемянення мясцовыя спецыялісты падрабязна расказалі, як яны працуюць з каровамі, якія доўга не прыходзяць у ахвоту. Мэтанакіраваная работа ветэрынарнай службы, заатэхнічнай, тэхнікаў-асемянатараў дазволіла вырашыць гэтую праблему. Таму і няма чаго здзіўляцца, што выхад цялят у “Коленскім” адзін з самых вялікіх у раёне. А яшчэ была звернута ўвага на стан пункта асемянення. На жаль, не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах могуць пахваліцца і такім пунктам асемянення, і такімі паказчыкамі, бо працуюць бессістэмна, або зусім не прыкладваюць намаганняў.


Яшчэ адно пытанне, якое было закранута на руднянскай ферме, тычылася вырошчвання маладнячку халодным метадам у клетках-доміках. Дастатковай колькасці апошніх збудаванняў у многіх гаспадарках не маецца, але і не імкнуцца на месцах павялічваць іх колькасць. Гэтая праблема існуе не адзін год, таму вырашыць яе ў раёне дапамогуць абслугоўваючыя арганізацыі. Прысутных кіраўнікоў і спецыялістаў вельмі зацікавіў экземпляр цялячага доміка, які спецыяльна распрацавалі і вырабілі работнікі агратэхсервісу. У бліжэйшы час яны гатовы выканаць усе заяўкі сельгаспрадпрыемстваў. Несумненна, гэта дазволіць значна палепшыць стан работы па захаванасці маладнячку. Цеснае супрацоўніцтва спецыялістаў таварыства і аграрыяў дазволіць вырашыць і шэраг праблем, што маюцца на некаторых фермах раёна па наладцы работы малакаправодаў.


На пленарным пасяджэнні таксама было ўзнята шэраг праблем, вырашыць якія патрабуецца ў самыя сціслыя тэрміны. Гэта і пастаноўка тэхнікі на захоўванне, здача металалому, навядзенне парадку на вытворчых аб’ектах, ачыстка насення і іншыя.


Нездарма было зазначана, такія семінары з’яўляюцца менавіта тымі мерапрыемствамі, дзе сумеснымі намаганнямі не толькі абмяркоўваюцца найбольш значныя набалелыя праблемы, але і знаходзяцца канкрэтныя шляхі па іх вырашэнню, што спрыяе далейшаму паляпшэнню вытворчых працэсаў і нарошчванню вытворчасці прадукцыі. Тым больш што цяперашнія здабыткі жыткавіцкіх аграрыяў яшчэ не ў поўнай ступені адпавядаюць іх патэнцыяльным магчымасцям. Значыць, ёсць да чаго імкнуцца.


С. МІКАЛАЕЎ.


Фота У. МІКАЛАЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.