Дзейнасць на карысць людзей

Цесная сувязь з выбаршчыкамі, каб глыбей ведаць праблемы і клопаты людзей, зірнуць на сітуацыю сваімі вачыма — такі падыход у сваёй грамадскай дзейнасці выпрацаваў дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Сасноўскі. Днямі ён наведаў Тураўскую выбарчую акругу №30, дзе правёў шэраг сустрэч з выбаршчыкамі, прадстаўнікамі мясцовай улады і грамадскасці.


Галоўнае ў працы мясцовых Саветаў усіх узроўняў — імкнуцца дапамагчы чалавеку. Зыходзячы з гэтага пастулата Сяргей Віктаравіч найперш ажыццяўляў прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, а затым сустракаўся з жыхарамі населеных пунктаў. У Верасніцкім сельскім Савеце на прыём да дэпутата абласнога Савета дэпутатаў запісаліся 6 чалавек — усе яны прыйшлі з рознымі просьбамі, якія датычыліся альбо працаўладкавання альбо вырашэння прыватных жыццёвых сітуацый. Дэталёва занатаваўшы просьбы і прапановы людзей, дэпутат рэзюміраваў: калі пытанне адпавядае заканадаўчаму руслу, то яно абавязкова будзе вырашана на карысць канкрэтнага чалавека альбо адміністрацыйнай тэрыторыі.


У зале пасяджэнняў сельскага выканаўчага камітэта адбылася зацікаўленая гутарка, удзельнікамі якой сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, дэпутат аблсавета Сяргей Сасноўскі, старшыня сельвыканкама Рыгор Русы і прадстаўнікі грамадскасці аграгарадка Верасніца. Звяртаючыся да выбаршчыкаў, дэпутат Сасноўскі падкрэсліў, што па клічу сэрца, як і абяцаў падчас выбарнай кампаніі, на працягу лістапада наведае значную частку населеных пунктаў, якія ўваходзяць у склад выбарчай акругі. Яго праца будзе пабудавана такім чынам, каб сустрэць як мага больш людзей на сваім шляху: у вытворчых калектывах, на вуліцы, ля крамы і г.д. Менавіта тут, у выбарчай акрузе, трэба дэпутату дзейнічаць у інтарэсах канкрэтных людзей, сустракацца з імі, атрымліваць ад іх заявы і даводзіць іх думку, пазіцыю да мясцовых і абласных органаў улады. Асабліва тыя, якія маюць вельмі важнае грамадскае значэнне.


За такую пазіцыю і канкрэтную працу ў вырашэнні асабліва значных праблем раёна дэпутата падзякавала не толькі Н. Рамановіч, але і прысутныя выбаршчыкі. Так, Валянціна Казак, дырэктар Верасніцкай школы, не магла схаваць хваляванне, калі не выказвала словы падзякі за вялікую дапамогу ўстанове адукацыі, а па-сутнасці ўсім жыхарам не толькі Верасніцы. Мільярд беларускіх рублёў выдзелена па просьбе школы і раёна дзяржаўным прадпрыемствам “Гомельтранснафта “Дружба”, якім кіруе дэпутат абласнога Савета. Аказваецца дапамога і многім установам адукацыі, і не толькі.


— А ці змогуць жыткавіцкія будаўнікі асвоіць спонсарскія сродкі да Новага года? — пацікавіўся дэпутат. — Гэта ж вельмі важна, каб зрабілі спартыўную залу, у якой будуць займацца не толькі дзеці, але ў вячэрні час і ўсе жадаючыя жыхары вёскі, якая налічвае больш тысячы чалавек…


— Стараюцца працаваць актыўна апошнім часам.


— Калі справяцца, то ў наступным годзе дапаможам завяршыць аб’ект, — канстатаваў С. Сасноўскі. Да дыялогу падключаецца і старшыня райсавета Ніна Рамановіч:


— Возьмем на асаблівы кантроль, будаўнічая арганізацыя выканае запланаванае адназначна…


Словы падзякі, зразумела, прыемныя, бо яны — адказ на канкрэтныя запыты людзей, на якія сэрцам і душой адгукнуўся дэпутат. Не выпадкова давялося пачуць ад аднаго з выбаршчыкаў — Сасноўскі абы-што не абяцае, а калі абяцае — то слова трымае, яго слова золата.


Зразумела, пад час сустрэчы гучалі прапановы і просьбы ад жыхароў вёскі. Тут ёсць пытанні па падводу прыроднага газу да прыватных дамоў, ёсць неабходнасць рэканструкцыі залы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (вёска вялікая, шмат рэгіструецца шлюбаў, праводзіцца юбілейных урачыстасцяў). Есць неабходнасць і ў трэнажорным зале, якому месца ў новай спартыўнай зале школы, што будуецца, наспеў рамонт Запясоцкага дзіцячага садка… Дэпутат абяцаў уважліва вывучыць усе просьбы і па магчымасці падтрымаць выбаршчыкаў. Ен асабліва звярнуў увагу на прапаганду здаровага ладу жыцця на вёсцы. Прымаемыя ж меры мясцовымі ўладамі, кіраўніцтвам устаноў і простымі людзьмі з дапамогай прадпрыемства “Гомельтранснафта “Дружба”, абавязкова прынясуць усеагульную карысць.


Позна вечарам адбылася аналагічная сустрэча з выбаршчыкамі ў самым, бадай, аддаленым сельскім Савеце — Ленінскім. У памяшканні сельскага Савета размову з выбаршчыкамі пачала старшыня райсавета Ніна Рамановіч, якая падкрэсліла, што аддаленасць тэрыторыі ад цэнтра і адсутнасць базавай гаспадаркі нарадзілі кола праблем, якія патрэбна вырашаць сумесна ўладам і насельніцтву. Да таго ж павінна быць вялікая зацікаўленасць людзей, каб атрымаць у канкрэтнай справе станоўчы вынік.


Шмат гадоў тут існуе праблема рамонту маста праз раку Случ, якая злучае, як рака жыцця, з Ленінам некалькі навакольных населеных пунктаў, жыхарам якіх трэба дабірацца ў бальніцу, за даведкай ды ў краму. Мост, які шмат гадоў назад пабудаваны Мікашэвіцкім лясніцтвам, кажуць, не меў ніякіх праектных асноў. Але ён на сорак кіламетраў скарачае шлях людзей да вялікага населенага пункта — вёскі Ленін. Гэта праблема наспела, і людзі звярнуліся да дэпутата з просьбай дапамагчы ў вырашэнні такой праблемы.


Гучалі пытанні і аб вяртанні цэнтральнай сядзібы гаспадаркі і наяўнасці кадравага голада спецыялістаў ў АПК, аб існуючай праблеме занятасці насельніцтва, забеспячэнні жывёлы малаказдатчыкаў з навакольных малых населеных пунктаў кармамі (не заўсёды рэагуе на просьбы людзей КСУП “Людзяневічы), аднаўленні працы лесапілкі Жыткавіцкага лясгаса, дзе раней добра працавалі вяскоўцы. Мясцовы ўрач С. Мароз выказаў падзяку дэпутату за хуткі і своечасовы разгляд звароту аб рамонце дахавага пакрыцця ў Ленінскай участковай бальніцы. Выдзеленыя прадпрыемствам “Гомельнафта “Дружба” спонсарскія сродкі ў памеры 120 мільёнаў будаўнікамі паспяхова асвоены. Разам з тым, у той час не падумалі аб больш якаснай падшыўцы даху, каб замест дрэва быў выкарыстаны больш даўгавечны матэрыял. Ад імя жыхароў усёй дваццацікіламетровай зоны, якую абслугоўвае медыцынская ўстанова, галоўны ўрач папрасіў фінансавай дапамогі.


Адказваючы на пытанні ленінцаў, С. Сасноўскі падкрэсліў, што Ленін — не маленькі населены пункт, і разам з мясцовымі органамі кіравання неабходна весці размову аб яго перспектывах, занятасці насельніцтва. Бачачы вострую праблему ў будаўніцтве маста, дэпутат паабяцаў звярнуцца ў адпаведныя структуры адносна магчымага існавання праекта. А пакуль паабяцаў вырашыць пытанне аб выдзяленні сродкаў Ленінскаму сельскаму Савету на набыццё лесаматэрыялаў. Дасягнута дамоўленасць, што мост адрамантуюць дабраахвотнікі з ліку жыхароў вёскі талакой.


У сваю чаргу Н.Рамановіч падкрэсліла, што раённы Савет дэпутатаў бачыць праблемы, якія ставіць жыццё ў вёсцы Ленін, паабяцала іх рэгуляваць разам з кіраўніцтвам КСУП “Людяневічы” і раённымі структурамі.


Сустрэча завяршылася глыбокім вечарам, ад гутаркі з дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў і старшынёй райсавета ў людзей з’явілася надзея, што многія праблемы іх населенага пункта ў бліжэйшыя месяцы будуць вырашаны.


Як адзначыў карэспандэнту “НП” дэпутат абласнога Савета дэпутатаў С. Сасноўскі, вывучэнне грамадскай думкі дапамагае больш аператыўна і аб’ектыўна вырашаць многія праблемы людзей і своечасова карэкціраваць дзейнасць мясцовых органаў улады. Іншая справа, каб слова не разыходзілася са справай. Як дэпутат і як кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства, якое можа нейкім чынам дапамагчы ў вырашэнні асабліва значных праблем, мы знойдзем магчымасць зрабіць гэта, падкрэсліў С. Сасноўскі.


Так, дэпутацкая дзейнасць — справа грамадская. А таму вельмі важная. І ацэньваць яе, відавочна, патрэбна не па колькасці зваротаў выбаршчыкаў, хаця само па сабе гэта і вельмі важна, колькі па таму, як дэпутат разумее сваю місію і што робіць для сваіх выбаршчыкаў, каб ім лепей жылося, каб яны мелі выдатнае абслугоўванне і г.д. Ад праведзеных разам гадзін са старшынёй райсавета Ніны Рамановіч і дэпутата аблсавета Сяргея Сасноўскага складваецца ўражанне, што яны даражаць даверам народа.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ


Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.