Гасцініцу рыхтуюць да наваселля

Былы даўгабуд у нашым райцэнтры нібы нанова нараджаецца, вабіць вока свежы выгляд пяціпавярховага гмаха, які ў наступным месяцы бягучага года нарэшце павінен быць здадзены ў поўную эксплуатацыю. Работы на гэтым важным аб’екце прыкметна актывізаваліся з ліпеня 2010 года, калі пайшло пастаяннае і паўнакроўнае фінансаванне.


Генпадрадчыкам па-ранейшаму застаецца Жыткавіцкая ПМК-76. Як расказвае прараб калоны Сяргей Тарынскі, знешнія работы паспяхова завершаны, і цяпер усе намаганні сканцэнтраваны на ўнутранай аддзелцы гасцініцы. Акрамя нашай перасоўнай механізаванай калоны тут працуюць субпадрадчыкі з Мінска, Гомеля, Мазыра. Штукатуры і маляры, плітачнікі і сантэхнікі з ПМК-76 завіхаюцца на ўсіх паверхах будынка з 8 да 17 гадзін, рабочымі, як правіла, сталі і суботы, у якіх аплата працы падвоеная.


Пасля ўвядзення аб’екта ў строй дзеючых пад яго агромністым чырвоным дахам, акрамя адміністрацыі КУП “Жыткавіцкі камунальнік” ды цэнтральнай раённай бібліятэкі, да паслуг жадаючых будзе сорак нумароў гасцінічнага тыпу, душавыя кабіны, саўна, більярдная, іншыя выгоды сучаснай цывілізацыі.


А каб утульна тут усім жылося і працавалася, нямала зрабілі для гэтага брыгада Валянціны Краўчук, муляр Андрэй Малочка, вадзіцель ЗІЛа Васіль Масла, плітачнікі Аляксандр Шляхценка, Міхаіл Нажэеў, Мікалай Пузевіч, Леанід Валюшыцкі, цесляры Пётр Нажэеў, Міхаіл Пупенка, Андрэй Салко, машыніст пагрузчыка Васіль Палхоўскі і другія работнікі ПМК-76.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.