Гаспадыня фермы

Калі чалавек на сваім месцы, то там справы заўсёды ідуць на лад. На малочнатаварным комплексе “Азяраны” гэтае выслоўе ў значнай ступені тычыцца яго загадчыцы Таццяны Шруб.


Малочнатаварны комплекс “Азяраны” — буйнейшае вытворчае падраздзяленне жывёлагадоўчай галіны адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Толькі адных кароў тут утрымліваецца шэсць соцен, а ўсяго пагалоўя жывёлы налічваецца каля дзевяцьсот. Вось з такой немаленькай гаспадаркай і даводзіцца штодзённа ўпраўляцца калектыву комплексу на чале з Таццянай Іванаўнай.


Загадчык – гэта па-сутнасці гаспадар на ферме. Менавіта яго дзелавыя якасці ў многім уплываюць на тое, як будуць арганізаваны ўсе вытворчыя працэсы ў падраздзяленні. Гаспадарлівасці Таццяне Іванаўне не займаць. Гэта яна яскрава даказала, калі ўзначальвала знаменскую малочнатаварную ферму.


Кожны дзень можна было бачыць гэтую жанчыну на дарозе ад Азяран да Знаменкі. У любое надвор’е Т.І. Шруб больш дзесятка гадоў дабіралася на веласіпедзе ад свайго дому да месца працы. На знаменскай ферме ёй удалося дабіцца многага. Найперш, стварыла добры мікраклімат у калектыве, з’яднала людзей агульнымі мэтамі, а сумесна, як вядома, любую справу рабіць намнога лепей. Нездарма ўзначальваемае ёю вытворчае падраздзяленне лічылася адным з лепшых у гаспадарцы. Уклад загадчыка фермы адзначаны падзякамі і граматамі.


Некалькі месяцаў назад кіраўніцтва таварыства прапанавала ўзначаліць Таццяне Іванаўне малочнатаварны комплекс “Азяраны”. Згадзілася жанчына не адразу, не адзін дзень абдумвала прапанову. Гэта яшчэ адно сведчанне наколькі сур’ёзны і дзелавіты чалавек Шруб. Яна добра ўсведамляла, якую ношу прыйдзецца ўзваліць на свае плечы. На карысць рашэння ўзначаліць комплекс паўплывала толькі адна акалічнасць: дабірацца да працы стане значна прасцей.


— Усё ж комплекс побач знаходзіцца, і не патрэбна штодзённа дабірацца тры кіламетры да месца працы. Гады ж бяруць сваё, маладзейшай не станаўлюся, — зазначае Таццяна Іванаўна.


Пачатак сваёй дзейнасці на новым месцы супаў з даволі адказным перыядам для жывёлаводаў: падрыхтоўкай ферм да зімова-стойлавага ўтрымання. У гэтым накірунку справы Таццяна Іванаўна распачала даволі энергічна. Таму цяпер мае заканамерны вынік у гэтай працы – комплекс падрыхтаваны да работы ва ўмовах зімы. Памяшканні адрамантаваны, у кармушках жывёлы дастатак кармоў. Цяпер каровы толькі выганяюцца на прагулку на выпасы.


— Гэта вельмі нязручна, — расказвае загадчык. — Але ўжо хутка закончым работы па будаўніцтву кашар, што дазволіць намнога палепшыць умовы выгула жывёлы. Менавіта ў абавязкі загадчыка фермы ўваходзіць сачыць за тым, каб на давераным яму ўчастку строга выконваліся ўсе тэхналагічныя аперацыі. Таму Шруб на комплексе з самага рання. Найпершы яе клопат паглядзець, каб добра і правільна накармілі пагалоўе. Гэтая праца пачынаецца ў сем гадзін раніцы і праводзіцца механізавана.


Менавіта пры непасрэдным кіраўніцтве загадчыка гатуюцца кормасумесі. Таццяна Іванаўна не толькі вядзе строгі ўлік кармоў, але і сочыць за іх раздачай, бо справядліва лічыць, кожны іх кілаграм павінен трапіць у кармушку і даць належную аддачу. Кармленне ж жывёлы адбываецца яшчэ і вечарам. І ўвесь гэты час жанчына на рабочым месцы. Не пакідае яна кароўнікі і падчас даення. Пакуль не прыме і не здасць малако з фермы не пойдзе. Дзень – гэта час, калі загадчык найбольш заняты напісаннем справаздач, афармленнем іншай дакументацыі. Не праміне і па памяшканнях прайсціся, па прыфермскай тэрыторыі. Падчас такіх рэйдаў абавязкова звяртае ўвагу на тое, як наводзіцца парадак, мыецца абсталяванне і на іншыя вытворчыя моманты. Адным словам, клопатаў дастаткова. Не ўсе пакуль працаўнікі на належным узроўні выконваюць свае прафесійныя абавязкі. І за імі патрэбны кантроль. Па меркаванню Таццяны Іванаўны, без належнай дысцыпліны немагчыма выканаць тыя патрабаванні, што ставяцца перад калектывам.


— Калі не патрабаваць, то ніякай карысці не будзе, мае ж падначаленыя ведаюць добра, што мне ад іх патрэбна, і я не адступлюся, пакуль не выканаюць пастаўленую задачу, — адзначае спецыяліст. — Ды і абаперціся мне ёсць на каго, бо на комплексе шмат работнікаў, якія працуюць сумленна і старанна.


Канешне, Шруб хочацца стварыць дзеяздольны калектыў аднадумцаў, якому па сілах выканаць любую вытворчую задачу. Тым больш што ўмовы на комплексе для гэтага маюцца нядрэнныя як у тэхналагічным плане, так і бытавым. На цяперашні час азяранскі малочнатаварны комплекс з’яўляецца адным з асноўных вытворцаў малака ў таварыстве. Штодзённа адсюль на перапрацоўку паступае амаль чатыры тоны малака. Хаця, як справядліва лічыць загадчык, гэта пакуль не той паказчык, калі можна спачываць на лаўрах і ганарыцца. Ёсць нямала рэзерваў. Адзін з галоўных – гэта расцёлы кароў, зараз прыкладна пятая частка статка знаходзіцца ў запуску. Але і пры такой сітуацыі дояць на комплексе ад каровы больш чым на іншых фермах раёна. Загадчык настройвае сваіх падначаленых на яшчэ большыя вытворчыя здабыткі. І гэта заканамерна, бо толькі пастаянна рухаючыся наперад, можна дабівацца пастаўленай мэты.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.