МАГУТНЫ Талент

Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння А.Я.Макаёнка /1920-1982/, драматурга, народнага пісьменніка Беларусі.


Сярод айчынных драматургаў, якія раскрылі сацыяльнае прызначэнне камедыі, па праву можна назваць таленавітага беларускага драматурга Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Яго п’есы заўсёды выклікалі цікавасць тэатральных калектываў і гледачоў. Абапіраючыся на багацце беларускага фальклору, пісьменнік па-наватарску развіваў традыцыі драматургіі, праўдзіва і ярка адлюстроўваў жыццё народа.


Нарадзіўся А Макаёнак у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Журавіцкай школе, пасля заканчэння якой працаваў у Журавічах масавіком у Доме культуры. Восенню 1939 г. прызваны ў армію, служыў на Каўказе, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Быў у складзе Феадасіска-Керчанскага дэсанта, атрымаў цяжкае раненне, у выніку якога пагражала ампутацыя абедзвюх ног. Пяць месяцаў шпітальнага жыцця выратавалі яму і ногі, і жыццё. У 1942 г. А. Макаёнак быў прызнаны непрыгодным да вайсковай службы. Давялося выкладаць ваенную справу ў грузінскай школе.


Калі была вызвалена Гомельшчына, будучы драматург вярнуўся дадому. Андрэй Макаёнак адразу ўключыўся ў работу. Адукаванага хлопца, былога палітрука, неўзабаве прызначылі сакратаром Журавіцкага райкама камсамола. Пасля вучобы на курсах прапагандыстаў яго накіравалі ў Гродна, дзе стаў другім сакратаром гаркама ЛКСМБ. Скончыўшы ў 1949 г. Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, А.Макаёнак пачаў працаваць загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык». У 1966-1977гг. быў галоўным рэдактарам часопіса “Нёман”.


Яго актыўная літаратурная творчасць пачалася з ваенных дзённікаў, розных замалёвак, псіхалагічных абразкоў і эцюдаў, сцэнак і нататак, што пры жыцці пісьменніка не друкаваліся, а таксама з прызначаных для часопіса “Вожык» гумарэсак і фельетонаў. Упершыню выступіў у друку ў 1946 г. з аднаактавай п’есай «Добра, калі добра канчаецца». Твор быў адзначаны дыпломам І прэміяй на рэспубліканскім конкурсе. Да пачатку 1950-х гг. напісаў яшчэ некалькі аднаактавых п’ес, якія вызначаліся адметнай мастацкай выразнасцю, праблематычнасцю, актуальнасцю: “Перад сустрэчай”, «Жыццё патрабуе», “Крымінальная справа», «Першае пытанне», «Аксеніна цялушка”, а таксама шматактавыя: «Ворагі”, «Узыходы шчасця”, «Выйгрыш». У часопісе «Вожык» папулярнасцю карысталася рубрыка «Выбачайце, калі ласка», заснавальнікам і асноўным аўтарам якой быў А. Макаёнак. Вожыкаўскія публікацыі пісьменніка вызначаліся бескампраміснай вастрынёй выкрыцця розных прайдзісветаў, махляроў, нягоднікаў. Першай сур’ёзнай спробай А. Макаёнка ў драматургіі з’явілася п’еса “На досвітку” (1951), спектакль па якой быў пастаўлены рэжысёрам К. Саннікавым у 1952 г. у тэатры імя Я. Купалы. Твор апавядае пра барацьбу французскіх рабочых за свае правы. І хоць спектакль карыстаўся поспехам, драматург адчуваў, што павінен звярнуцца да беларускай рэчаіснасці, вясковага жыцця. Менавіта гэтае грамадскае адчуванне і дапамагло А. Макаёнку здзейсніць сапраўды творчы подзвіг – напісаць вострую, выкрывальную сатырычную камедыю “Выбачайце, калі ласка!” (1953). П’еса была пастаўлена беларускімі тэатрамі імя Я. Коласа (1953) і імя Я. Купалы (1954), больш як 200 тэатрамі па-за межамі Беларусі.


У новых сатырычных камедыях “Каб людзі не журыліся” (1958) і “Лявоніха на арбіце” (1961, Літаратурная прэмія імя Я. Купалы, 1962) драматург працягваў раскрываць праблемы вясковай рэчаіснасці, пытанні калгаснага будаўніцтва, паказваць людзей з абывацельскай псіхалогіяй, асэнсоўваць жыццёвыя клопаты вяскоўцаў. Амаль 10 гадоў А. Макаёнак не прапанаваў тэатрам новых п’ес, шукаў новыя сродкі сцэнічнай выразнасці. У выніку напружаных пошукаў узнікалі трагікамедыі “Зацюканы апостал” (1969) і “Трыбунал” (1970). Першая вызначаецца вялікай філасофскай насычанасцю, прытчавай шматзначнасцю і абагульненасцю персанажаў. Стваралася на матэрыяле замежнай рэчаіснасці і трактавалася як п’еса пра норавы буржуазнага грамадства. Другому твору аўтар даў падвойнае жанравае вызначэнне: трагікамедыя, народны лубок. Ён нязвыклы ўжо тым, што пра гераізм народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны драматург адважыўся пісаць у камедыйнай п’есе, шырока выкарыстўваючы анекдатычныя сітуацыі, шаржыраваныя сцэны з яўнымі прыкметамі фарса, высмейваннем няўдачлівых ваяк, дурных мужоў, іх жонак, розных махляроў і інш. Спектаклі доўгі час з поспехам ставіліся на сцэнах і замежных тэатраў. А ў 1974 годзе А. Макаёнак за п’сы “Трыбунал” і “Таблетку пад язык” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. У 1970-я гады з’явіліся сатырычная камедыя трагікамічнага плана “Кашмар” (сцэнічная назва “Святая прастата”, 1974), сентыментальны фельетон “Верачка” (1979), трагікамедыя “Дыхайце эканомна” (1982). У апошняй на поўны голас гучыць пісьменніцкі пратэст супраць шалёнай гонкі ўзбраенняў і пагрозы тэрмаядзернай вайны. Асобнае месца ў творчасці А. Макаёнка займае п’еса “Пагарэльцы” (1980). Гэта трагікамедыя, дзе ўзнімаюцца балючыя сацыяльна-маральныя праблемы жыцця, і па сённяшні дзень гучыць актуальна. Усе п’есы драматурга вызначаюцца арыгінальнасцю формы і зместу. Над кожным творам пісьменнік працаваў доўга, старанна асэнсоўваў і аналізаваў убачанае. Пяру А. Макаёнка належаць пераклады многіх п’ес: “Дабракі” Л. Зорына, “Блакада” У. Іванова, “Чацвёрты” К. Сіманава і інш. Па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы “У адзінай сям’і” (1957), “Шчасце трэба берагчы” (1958), “Кандрат Крапіва” (1961), “Пасля кірмашу” (1973) і інш.


А. Макаёнак – мастак яркага, непаўторнага таленту. Ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, ўзняў узровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. Імем драматурга названы Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка, сярэдняя школа ў Журавічах, дзе створаны літаратурны музей, вуліцы ў Гомелі і Мінску.


Падрыхтавалі па старонках беларускага друку Ж. ПУЗЕВІЧ, Т. КАЛАБІНА,


бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі Жыткавіцкай цэнтральнай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.