ПАШАНЫ працай дамагліся

Старанне і працавітасць механізатараў адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі райагратэхсервіс” Вячаслава Бандзюка і Сяргея Федаровіча на кармавых угоддзях сельгаспрадпрыемстваў раёна дазволілі ім дабіцца высокіх вытворчых здабыткаў і стаць лепшымі сярод корманарыхтоўшчыкаў Гомельскай вобласці.


Што на вёсцы летні дзень год корміць, для Сяргея Федаровіча навіной не з’яўлялася. Бацькі ў яго з сельскай мясцовасці, таму не раз даводзілі пра гэта. Хаця Сяргей Сцяпанавіч і вырас у горадзе, але асабіста сам пераканаўся ў тым, калі перайшоў на ўласны хлеб, тым больш што абраў спецыяльнасць самую хлебаробскую – механізатара. Ды і на працу ўладкаваўся ў арганізацыю, якая вельмі цесна супрацоўнічае з сельгаспрадпрыемствамі.


Пачынаў сваю працоўную дзейнасць у агратэхсервісе Сяргей Сцяпанавіч простым слесарам. Рамантаваў тэхніку, якая паступала з гаспадарак. Кіраўніцтва хутка заўважыла наколькі добра Федаровіч разбіраецца ў тэхніцы, што здатны і больш складаныя задачы выконваць, таму праз год яму прапануюць перайсці ў механізатары. Вядома, што такая навіна не магла не ўзрадаваць. Як ні кажы, а марыў аб гэтым, таму і на вучобу падаўся ў Жыткавіцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Вось ужо сем гадоў Сяргей Сцяпанавіч працуе механізатарам у таварыстве. За гэты час набыў пэўны вопыт і адпаведныя навыкі. З імі прыйшлі і першыя працоўныя перамогі. Летась Федаровіч заняў трэцяе месца ў вобласці сярод механізатараў, якія былі задзейнічаны на адвозцы травяністай масы.


— У гэтым годзе падчас корманарыхтоўчай кампаніі стараўся, каб палепшыць свой паказчык, і вельмі рады, што мне гэта ўдалося, — адзначае механізатар.


Працаваць Сяргею Сцяпанавічу давялося на кармавых угоддзях практычна ўсіх гаспадарак раёна. З вясны да позняй восені перавозіў масу да сіласных траншэй, напачатку травяную, а потым і кукурузную. Нялёгка даводзілася, улічваючы, якая спякота стаяла гэтым летам. Толькі не засяроджвае механізатар увагі на складанасцях сваёй працы, больш успамінаюцца прыемныя моманты. Падчас корманарыхтоўчай кампаніі такіх было нямала. Адзін з іх, калі прама ля сіласнай траншэі КСУПа “Людзяневічы” старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу Віктар Крыўко-Красько віншаваў за плённую працу Сяргея Сцяпанавіча і адарыў яго каштоўным падарункам. А колькі слоў падзякі было выказана кіраўнікамі гаспадарак за дзейсную дапамогу падчас нарыхтоўкі кармоў.


І зараз хапае клопатаў у Федаровіча. Цяпер кіраўніцтва таварыства даверыла яму новы пагрузчык, а гэта новыя ўчасткі работ для механізатара. Як зазначыў дырэктар райагратэхсервісу Анатоль Ляшкевіч, такімі працаўнікамі як Сяргей Сцяпанавіч у таварыстве ганарацца і робяць усё магчымае, каб яны дабіваліся самых высокіх здабыткаў.


… Праходзячы ў гэтыя дні па тэрыторыі ААТ “Жыткавічыагратэхсервіс”, механізатар Вячаслаў Бандзюк ніколі не абміне пляцоўку, дзе размясціўся замацаваны за ім кормаздабываючы комплекс. Менавіта на гэтай машыне ён сёлета яскрава даказаў сваё прафесійнае майстэрства.


І да гэтага часу Вячаславу Рыгоравічу здаецца, што металічны корпус і рухавік комплекса яшчэ вылучаюць гарачыню мінулага лета. Яно сёлета было вельмі шчодрым на сонечныя праменні. Менавіта першыя з іх замянілі Вячаславу на гэты перыяд і званок будзільніка, і гадзіннік. Сонейка толькі краечкам пакажацца ў акне спальні, а хлопец ужо на нагах. Уставаць з ложка стараўся як мага цішэй, каб не разбудзіць маленькую дачку і жонку. Але ў сваёй большасці гэта не ўдавалася, тыя абавязкова прачыналіся, калі Вячаслаў збіраўся на працу, каб у чарговы раз пажадаць яму плёну. Разумелі, што нялёгка іх галаве сям’і, што справа ў яго адказная. Гэтая цёплая і адчувальная падтрымка грэла душу, і адразу настройвала на дзелавы лад. Для родных Вячаслава апошнія промні заходзячага сонца з’яўляліся знакам, што ў хуткім часе вернецца з работы іх бацька. І сям’я чакала гэтага моманту з нецярпеннем, бо вельмі цікавіла, ці ўдалым выдаўся для гаспадара чарговы дзень.


Вячаславу Рыгоравічу ў гэтым годзе прапанавалі папрацаваць на кормаздабываючым комплексе. Разумеў, якія надзеі ўскладвае на яго кіраўніцтва таварыства, таму імкнуўся іх апраўдаць выніковай працай. Пакуль разам з калегамі дабіраліся на сенакосныя ўгоддзі сельгаспрадпрыемстваў, а працаваць давялося ў многіх з іх, у думках правяраў спраўнасць свайго кормаздабываючага комплекса, што патрэбна яшчэ зрабіць, каб машына і сёння працавала бездакорна. Ужо ля камбайна ўсё, што намячаў праверыць, пераўтвараў у рэальнасць. Турбаваўся пра тэхніку недарэмна, камбайну чацвёрты сезон і клопату пра яго стан намнога больш трэба праявіць чым да новых машын. Канешне, ведаў, што калі нейкая паломка і надарыцца, спецыялісты таварыства ў бядзе не пакінуць, але хацелася, каб такіх пазаштатных сітуацый пазбягаць. Таму перад выездам на сенажаць правяраў КЗР дэталёва. І комплекс не падводзіў механізатара. Пра гэта сведчаць і паказчыкі. Вячаслаў Рыгоравіч здрабніў за сезон сем тысяч тон травяной і кукурузнай масы, што дазволіла яму ў абласным працоўным саперніцтве заняць трэцяе месца.


— Для мяне гэта важная працоўная перамога, — гаворыць механізатар, — у будучым годзе буду старацца, каб дабіцца яшчэ большага. Стаць прызёрам у абласным спаборніцтве напачатку сваёй працоўнай дзейнасці – даволі важны стымул для прафесійнага росту.


Аснову сваіх поспехаў на корманарыхтоўцы Бандзюк бачыць у той адчувальнай падтрымцы, што падчас сезону яму аказалі і сям’я, і калектыў таварыства, і кіраўніцтва тых гаспадарак, дзе працаваў.


— Асабліва падабалася працаваць у КСУПе “Чырвоны Бор”. Дырэктар гаспадаркі паважліва адносіўся да механізатараў нашага атрада, стараўся аператыўна вырашаць усе праблемы. Увогуле, ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, дзе працаваў наш атрад, адносіліся вельмі прыхільна. Таму заўсёды працавалася толькі з адным жаданнем, каб твая дапамога была максімальна адчувальнай, — расказвае Вячаслаў Рыгоравіч.


Працуе Бандзюк механізатарам у агратэхсервісе другі год. Прыйшоў сюды таму, што тут ужо шчыраваў брат. Як зазначыў Вячаслаў Рыгоравіч, выбар такі быў абумоўлены тым, што брат дапаможа хутчэй асвоіцца ў калектыве. Гэтыя надзеі апраўдаліся.


У хуткім часе Вячаслаў Рыгоравіч прыступіць да рамонту свайго кормаздабываючага комплексу, каб у наступным годзе дабіцца на ім яшчэ большага.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.