ПРАЦАВАЦЬ З ІСКРЫНКАЙ, НА КАРЫСЦЬ ЛЮДЗЕЙ

У Марохараўскім сельскім Савеце прайшоў Дзень Савета, які высветліў станоўчыя напрацоўкі і пэўныя недахопы, на якія трэба звярнуць увагу мясцовай уладзе ў бліжэйшы час.


Марохараўскі сельскі Савет – не маленькі. Звыш двух тысяч жыхароў жывуць і працуюць тут. У іх – свае клопаты і праблемы, вяскоўцы гадуюць дзяцей, працуюць у розных галінах і сферах дзейнасці, адным словам, жывуць тым укладам, які заведзены ў традыцыйнай вёсцы. У сваю чаргу мясцовая ўлада – той какрэтны орган народаўладдзя, які забяспечвае і абараняе жыццёвыя інтарэсы грамадзян на сваёй тэрыторыі. Як, якія формы і метады дзеля гэтага прымяняюцца на практыцы сельвыканкамам і яго актывістамі – такую задачу мае на мэце правядзенне такога мерапрыемства, як дня Савета. Зразумела, гэта зыходзіць з глыбокіх традыцый палешукоў: гаспадары, калі чакаюць гасцей, наводзяць парадак на сваіх сядзібах. Рыхтаваліся да такога мерапрыемства і ў Марохараўскім Савеце…


З “парога”, якім у дадзеным выпадку з’яўляецца ўезд на тэрыторыю адміністрацыйнай адзінкі, заўважныя перамены. Новы прыгожы драўляны ўяздны знак (такія пастаўлены дзякуючы руплівасці сельвыканкама), дзе кіраўніцтва райвыканкама на чале са старшынёй М. Какорам і райсавета Н. Рамановіч, службаў раёна віталі хлебам-соллю і песняй удзельнікі бялёўскага самадзейнага калектыву, — прыклад распачатых перамен да лепшага.


Добрыя ўражанні замацоўваюцца ў гасцей ад наведвання прадуктовай крамы, дзе зроблены ўнутры сучасны рамонт, мясцовай бібліятэкі, СДК, дзе такія рамонты знаходзяцца на завяршальнай стадыі. Ды і прыватны ларок, нарыхтоўчы магазін пакідаюць даволі неблагое ўражанне аб створаных для людзей умовах аказання паслуг, добраўпарадкаванні.


Праўда, адразу ж выяўлены і агрэхі. Райпа не падумала пра вонкавы выгляд сваіх аб’ектаў, мясцовая ўлада марудзіць са зносам дамоў, якія пакінуты людзьмі альбо іх жыхары даўно сышлі з жыцця. Прыкра, што якраз з такога дома, як заўважыў кіраўнік раёна, і пачалася невялікая экскурсія па вёсцы Бялёў. А што перамены прыйшлі ў навядзенні парадку на сацыяльных аб’ектах – не дзіва. Так і павінна быць: выдзелены на тое дзяржаўныя сродкі, бо вёска, дзе жыве больш тысячы чалавек, змяняе свой статус, падвышае яго да ўзроўню аграгарадка. Але тут, зразумела, не толькі адным рупіцца ўладам трэба прыцягваць да навядзення парадку саміх жыхароў. І агульнымі намаганнямі зрабіць населены пункт самым прыгожым, камфартабельным у плане пражывання. Пакуль жа – ёсць у Бялёве праблемы: там-сям пахілены плот, не ўсюды вычышчана ад смецця. Але, і гэта канстатавалася, парадку апошнім часам стала значна болей.


Для задавальнення запытаў насельніцтва на тэрыторыі сельсавета створана даволі шырокая сетка ўстаноў, арганізацый: дзве сярэднія школы з дзіцячымі комплексамі, тры фельчарска-акушэрскія пункты, столькі ж аддзяленняў сувязі і комплексна-прыёмных пунктаў, два дамы культуры і сельскі клуб, 3 прыватныя гандлёвыя кропкі, два кафетэрыі, 9 крам райспажыўтаварыства, 2 сельгаспрадпрыемствы, якія, дарэчы, няблага працуюць, два лясніцтвы ЭЛОХ “Ляскавічы”, участак ААТ “Жыткавічыхімсервіс”. Малыя населеныя пункты двойчы на тыдзень абслугоўвае аўталаўка райпа. Гэта, заўважым, даволі моцны па сацыяльным патэнцыяле сельскі Савет, кампактны, даволі паспяхова тут рэалізуецца дзяржаўная праграма развіцця вёскі.


Прынамсі, дзяржава паклапацілася, каб два населеныя пункты ў сельсавеце (такі прыклад у раёне адзінкавы) змянілі якасна ўзровень жыцця і быту разам з сучасным статусам.


Невыпадкова, была вельмі вялікая цікавасць да функцыянавання ўсіх аб’ектаў і ў Марохарава, і ў Дуброве.Дэлегацыя кіраўнікоў з раёна цікавілася попытам насельніцтва на розную прадукцыю, цікавіліся якасцю медыцынскіх і бытавых паслуг, іх разнастайнасцю, а таксама як вырашаюцца іншыя запыты насельніцтва, як камунальныя, так і звычайныя, жыццёвыя, як выконваюцца прагнозы сацыяльнага развіцця, які ўзровень аплаты працы.


Дарэчы, гаворачы пра аплату працы, то занепакоенасць кіраўніцтва раёна выклікаў яе не вельмі высокі ўзровень у загадчыкаў комплексна-прыёмных пунктаў. Таму звернута ўвага спецыялістаў КБА на перагляд працоўных адносін, насычанасці працоўнага дня, рознавідавых характарыстык паслуг, якія, зразумела, будуць аказвацца насельніцтву. Што ж, вобразна кажучы, пад ляжачы камень вада не пацячэ, калі яго, як і любую справу, не зрушыць з месца. Камбінату бытавога абслугоўвання час кранаць гэты “камень”…


Добрыя ўражанні пакінула ў членаў дэлегацыі наведванне Дуброўскай агульнаадукацыйнай школы. Трэба падкрэсліць, што педагогі і работнікі навучальнай установы сёлета самастойна зрабілі высокаякасны касметычны рамонт. І гэта дазволіла школе стаць лепшай навучальнай установай па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Што тут скажаш: добрая школа ў Дуброве, даволі высокі мае навучальны і выхаваўчы патэнцыял, бо працуюць тут прафесіяналы сваёй справы, з душой. Лепш сталі наладжвацца справы і з эстэтычным развіццём дзяцей: тут стала працуе філіял музычнай школы (па класу баяна і фартэпіяна), і спартыўным – праводзіць у выдатна абсталяванай спартыўнай зале заняткі філіял ДЮСШ. У адукацыйным плане змена статуса вёскі ў аграгарадок прынёс сапраўды добрыя і значныя перамены, якія адбываюцца на выніках творчасці, развіцці спартыўных дасягненняў мясцовых падлеткаў і моладзі. Ці так гэта ўжо і мала?!


Цудоўна ідуць справы ў гуртковай дзейнасці Дуброўскага сельскага Дома культуры – шмат гадоў тут функцыяніруе ўзорны дзіцячы клуб “Васілінка”, якім апантана кіруе Святлана Зубкоўская. Юныя выхаванцы і дарослыя наведвальнікі клуба прапанавалі гасцям ўзоры сваёй творчасці і нават невялікія майстар-класы. Уразіла!


Добрая праца з насельніцтвам вядзецца і ў бібліятэцы – Анжэла Краўцова паведаміла пра ажыццёўленыя праекты. Тут аказваюцца і камп’ютэрныя паслугі – якраз на новай тэхніцы працавалі мясцовыя вучні.


Кіраўніцтва раёна не вельмі задаволілі ўмовы арганізацыі працы ў паштовым аддзяленні в. Дуброва. Былі заўвагі па паляпшэнню вонкавага выгляду аб’ектаў райпа, добраўпарадкаванню населеных пунктаў.


Не абышлося без крытыкі і на падвядзенні вынікаў Дня Савета. На нарадзе выступілі кіраўнікі розных службаў і распавялі пра ўзаемадзеянне з мясцовай уладай аб паляпшэнні жыцця і быту насельніцтва, іх санітарнай абароны і аховы здароўя.


Асноўная ж увага была прыцягнута да выступлення старшыні Марохараўскага сельвыканкама Генадзя Лясько, які зрабіў справаздачу па пайбольш акутальных пытаннях, што вырашаліся на тэрыторыі сельсавета на карысць мясцовых жыхароў.


Так, значная ўвага сельвыканкамам ўдзялялася арганізацыя закупу лішкаў сельгаспрадукцыі з прыватных падвокаў. 831 прыватная гаспадарка маецца ў сельсавеце, вяскоўцы трымаюць 375 кароў і іншую жыўнасць. Сельвыканкам на пачатку года ажыццявіў падворны абход, у выніку чаго былі заключаны трохбаковыя дагаворы на закуп малака, маладняку і забеспячэнню прыватных гаспадарак кармамі. Былі і другія падворныя абходы, каб мець пэўныя звесткі аб вырашчанай прадукцыі і г.д. Вынікі такой працы атрыманы неблагія – малака з прыватнага сектару закуплена сёлета звыш 500 тон, 86 галоў маладняку, шмат другой прадукцыі з сялянскіх падворкаў. Закуп малака вядуць індывідуальны прадпрымальнік і сялянская гаспадарка “Вясёлы млынар”. Паўторныя абходы выявілі рост прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства ў прыватных гаспадарках, многа вырошчваецца птушкі, свіней, цялят. Гэтаму спрыяе і вырашэнне праблем па паляпшэнню кармавой базы прыватніка. Карацей, адносіны да выканання заключаных дагавораў тут станоўчыя.


Ёсць і іншыя добрыя вынікі. Ёсць станоўчыя прыклады партнёрства – тры праекты рэалізавана ў сельсавеце, дзякуючы ініцыятывам ЕС/ПРААН на суму 82 мільёны рублёў, што няблага.


Сельвыканкам сур’ёзную ўвагу надае: вырашэнню пытання па ўпарадкаванню і скарачэнню колькасці пустуючых і ветхіх пабудоў, замацаванню вызваленых зямельных надзелаў, ліквідацыі аварыйных дрэў. Рашэннем сельвыканкама вуліцы і паркі былі замацаваны за ўстановамі, якія клапоцяцца пра належны парадак. Нямала дапамагаюць сельвыканкаму ў навядзенні парадку на зямлі адказныя раённыя структуры.


Аднак засталіся нявырашаныя праблемы па вывазцы смецця з прыватных падворкаў – нягледзячы на складзеныя дагаворы з насельніцтвам, якія і перададзены камунальнай службе раёна, аднак вырашэнне актуальнага пытання «завісла» ў паветры. А яго, як канстатаваў старшыня райвыканкама, трэба тэрмінова “ажывіць”. Пытанне пастаўлена на кантроль, і набудзе жыццёвасць.


Шмат яшчэ працы ў сельвыканкама і па рэгуляванню дзейнасці дабравольных дружын, каардынацыі працы і ўсіх зацікаўленых службаў па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам.


Як адзначалася, ёсць недапрацоўкі ў сельвыканкаме па актывізацыідзейнасці дэпутатацкага корпусу (ён змяніўся на 60 працэнтаў пасля апошніх мясцовых выбараў). Недастаткова пастаўлена інфармацыйная праца дэпутатаў з насельніцтвам. Пры вырашэнні дадзенай праблемы яшчэ шмат фармальных падыходаў, таму тут і ўзнікаюць пытанні. Пра гэта гаварылася начальнікам аддзела ідэалагічнай працы райвыканкама Л. Валатоўскім. Вынікі праведзенага анкетавання засведчылі, што пры даволі высокай ацэнцы дзейнасці сельвыканкама людзьмі, ёсць аднак і праблемы, якія трэба вырашаць праз непасрэдныя і рэгулярныя сустрэчы з людзьмі, правядзенне інфармацыйна-прапагандысцкіх груп сельвыканкама, канкрэтную працу.


Пры наяўнасці станоўчых падыходаў, на падвядзенні вынікаў дзейнасць сельвыканкама і яе кіраўніка, які займае гэтую адказную пасаду толькі паўтара года, адзначана як недастатковая па многіх накірунках. Існуючыя праблемы рознага характару рэкамендавана актыўна вырашаць з дапамогай КСУПаў, розных службаў раёна, асабліва з тымі, хто афіцыйна замацаваны за сельвыканкамам. Плячо падтрымкі ёсць каму мясцовай уладзе падставіць. Асабліва па тэме навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкаванню. Але ж патрэбны тут і немалыя высілкі самаго актыву сельвыканкама, шчырае жаданне дэпутацкага корпусу і актывістаў працаваць на добрыя змены, а яшчэ зацікаўленасць у паляпшэнні жыццёвага тонусу самім жыхарам аграгарадкоў і вёсак. Толькі разам можна пазбавіцца ад недахопаў і выйсці на новы ўзровень развіцця. Думаецца, усё ў мясцовых уладаў і людзей атрымаецца.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.