Усё пачынаецца з дарогі

Тураўскае дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне №111 – філіял камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблдарбуд” -– адзін са старэйшых дарожна-эксплуатацыйных калектываў на Жыткаўшчыне: ён бярэ свой пачатак у 1957 годзе. Тады ў адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама з мэтай паляпшэння стану мясцовых дарог вобласці было арганізавана шэсць дарожна-эксплуатацыйных участкаў, у тым ліку і ДЭУ-111 у горадзе Тураве.


У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб удзеле калгасаў, саўгасаў, прамысловых, транспартных, будаўнічых і іншых прадпрыемстваў і арганізацый у будаўніцтве і рамонце мясцовых аўтамабільных дарог” сельгаспрадпрыемствы, прамысловыя, транспартныя, будаўнічыя і іншыя прадпрыемствы штогод павінны выконваць сваімі сіламі і сродкамі дарожныя работы па будаўніцтву, рамонту і ўтрыманню на мясцовых аўтамабільных дарогах. Ім прадпісвалася ўкладваць у гэта 0,2 працэнта ад кошту валавой прадукцыі. Сітуацыя змянілася ў 1963 годзе. У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР у ліпені гэтага года было арганізавана восем ДЭУ для рамонту і ўтрымання абласных і важнейшых мясцовых дарог. Абслугоўванне дарог мясцовага значэння было даручана і Тураўскаму ДЭУ-111.


Галоўнай задачай арганізацыі застаецца рацыянальнае развіццё сеткі замацаваных за ўпраўленнем дарог, забеспячэнне якаснага ўзроўню будаўніцтва, рамонту і ўтрымання іх, стварэнне бяспечных умоў для руху транспарту па тэрыторыі Жыткавіцкага раёна. Амаль трыццаць гадоў калектывам кіраваў Васіль Жылан.


За гэты немалы перыяд сваёй дзейнасці работнікі ДЭУ-111 добрасумленна выконвалі ўскладзеныя на іх абавязкі. Асабліва цяжка было ў першыя гады станаўлення. Амаль усе работы даводзілася выконваць уручную. Неабходна было падтрымліваць у належным стане больш паўсотні дарог і мастоў на замацаванай тэрыторыі. Нямала праблем дабаўляла і паромная пераправа цераз раку Прыпяць. Апошнія два гады калектыў узначальвае Мікалай Штукар. І ў тым, што ДЭУ-111 можа паспяхова вырашаць вялікія і складаныя задачы, безумоўна, немалая заслуга кіраўніка.


— Сёлетні год для нас склаўся ўдала, — адзначыў у час нашага візіту да дарожнікаў напярэдадні іх прафесійнага свята галоўны інжынер упраўлення, выконваючы абавязкі начальніка Васіль Кот. — Есць аб’ёмы работ, ёсць заказы, вырасла зарплата. Значна абноўлена дарожна-будаўнічая тэхніка. Набыты тры аўтамабілі МАЗ-5551, пагрузчык “Амкадор”, асфальтаўкладчык, самаходны каток, аўтагрэйдэр. З мэтай паляпшэння ўтрымання дарог былі закуплены сродкі малой механізацыі: кампрэсары, нарэзчыкі швоў, кустарэзы, вібрапляцоўка. А гэта дазваляе ўкараняць новыя тэхналогіі і пры ўкладцы дарожнага палатна, паляпшае якасць выконваемых работ, скарачае ручную працу пры ліквідацыі ямачнасці дарожнага пакрыцця і скошванні расліннасці.


На сённяшні дзень дарожнікі забяспечваюць бесперашкодны праезд на 460 кіламетрах дарог нашага раёна, сочаць за станам 27 мастоў і 201 трубы для пропуску вады. Асноўнымі дарогамі з’яўляюцца Жыткавічы — Поўчын, Пціч — Петрыкаў — Жыткавічы, Азяраны — Хлупін — Мардвін — Маісеевічы і іншыя.


Па ўзроўню прафесійнага майстэрства, жаданню працаваць творча, дзелавіта калектыў ДЭУ-111 не саступае вядучым упраўленням Гомельшчыны. Гэта яскрава даказана ў ходзе выканання будаўнічых работ на шматлікіх аб’ектах як Жыткавіцкага раёна, так і па-за яго межамі. Так, запланаваныя работы па ўстаноўцы бартавога каменю пры рэканструкцыі вуліц, абуладкаванні тратуарных дарожак тут выкананы ў тэрмін і з высокай якасцю. Часам даводзіцца задзейнічаць і выхадныя дні, калі для гэтага ёсць вытворчая неабходнасць. А найбольш значнымі аб’ектамі і работамі ў бягучым годзе былі добраўпарадкаванне вуліц у горадзе Хойнікі ў сувязі з падрыхтоўкай да Дня пісьменства, выкананне земляных работ на аб’екце “Малочны камбінат у горадзе Тураў”, добраўпарадкаванне аграгарадкоў, а таксама вуліц і мікрараёнаў райцэнтра.


Пра эфектыўнасць і зладжаную работу калектыву гавораць і фінансавыя паказчыкі 9 месяцаў 2010 года. Напрыклад, агульны аб’ём капіталаўкладанняў склаў 4673,6 мільёна рублёў, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года дасягнула 128,7 працэнта. Павялічана прадукцыйнасць працы, рост яе склаў 28 працэнтаў. Працягваецца рэканструкцыя вытворчай базы.


Набліжаецца адзін з самых адказных сезонаў у круглагадовым цыкле работ дарожнікаў — зімовы. Да яго ва ўпраўленні рыхтуюцца з усёй адказнасцю: запасаюць солева-пясчаныя сумесі, пераглядаюць тэхніку і інвентар. А добрым экзаменатарам для ўсяго калектыву была мінулая зіма з яе нечаканымі моцнымі маразамі ды снежнымі мяцеліцамі. Тут скрупулёзна прааналізавалі ўсе “плюсы” і “мінусы” мінулагодняй зімовай сітуацыі на дарогах раёна, зрабілі належныя высновы.


Па-ранейшаму не могуць не выклікаць законнае абурэнне неадэкватныя адносіны да дарог з боку нашых асобных грамадзян-вандалаў, якія крадуць і нішчаць на сваім шляху ўсё, што могуць. А дарогі – гэта ж найперш набытак усяго народа і да іх трэба адносіцца беражліва. Бо добрыя дарогі патрэбны не толькі тым, хто штодзённа на іх працуе, а ўсім людзям.


— У нашым калектыве нямала цудоўных працаўнікоў, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі і гэтымі прыкладамі аказваюць станоўчае ўздзеянне на астатніх работнікаў, — гаворыць спецыяліст па ідэалогіі ДЭУ-111 Васіль Леўкавец. — Напрыклад, машыніст пагрузчыка Валерый Лучанок, прозвішча якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару. Есць у калектыве ветэраны, якімі ўпраўленне ганарыцца і з якіх бяруць прыклад іншыя. Гэта вадзіцелі Ігар Чарнушэвіч, Рыгор Аўдзейчык, трактарыст Мікалай Пашэвіч, токар Мікалай Быхан і другія. Есць у нас і моладзь, якая часам у рабоце не саступае ветэранам. Сярод іх дарожныя рабочыя Андрэй Кот, Сяргей Жыткавец, Мікалай Козел і многія другія. Што і казаць, усё сведчыць на карысць таго, што калектыў ДЭУ-111 з гонарам сустракае сваё прафесійнае свята -– Дзень аўтамабіліста і дарожніка.


С. КУЛАКЕВІЧ.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.