Дзяржаўная ўзнагарода — лепшаму жывёлаводу Жыткаўшчыны

Прыемныя і радасныя імгненні давялося днямі перажыць аператару машыннага даення кароў адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Мікалаю Іванавічу Якубоўскаму. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Мінску гэтаму старэйшаму жывёлаводу раёна прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі ўручыў медаль “За працоўныя заслугі”.


— Вельмі хваляваўся, як усё атрымаецца, —дзеліцца сваімі ўражаннямі ад урачыстасці Мікалай Іванавіч. – Хаця гэта мая не першая ўзнагарода за працу, але на такім высокім узроўні ўручаюць яе ўпершыню. Там, у зале, падумалася, што на ферме намнога лягчэй, чым медалі атрымліваць. Напал станоўчых эмоцый спаў толькі па дарозе дадому. Але ненадоўга. Яны набягалі, нібы хвалі, зноў і зноў. Каб крыху супакоіцца, Мікалай Іванавіч пачаў аглядаць навакольныя краявіды, што праплывалі за акном аўтамабіля. Але гэта не ратавала. У вачах узнаўляліся малюнкі з толькі што прайшоўшай урачыстасці: вось прэм’ер-міністр уручае яму скрыначку з медалём, а вось ужо распытвае яго пра жыццё, а потым і з тэлебачання пытанні задавалі.


“Шкада, што не пагляджу. Дойка вячэрняя пачнецца, але жонка паглядзіць, раскажа, як выступаў”, — супакоіў сябе Мікалай Іванавіч. Далей думкі пераключыліся на надзённыя турботы. Усё ж на цэлы дзень пакінуў ферму, сваю групу каровак. Сын абяцаў дагледзець і падаіць, але ці зробіць усё належным чынам. Хаця і навык мае ў гэтым добры, але даўно ўжо даеннем не займаецца – у тэхнікі-асемянатары перакваліфікаваўся. “Нічога, справіцца, а там пад’еду, дапамагу, ужо і не так шмат ехаць засталося”, — разважаў Якубоўскі.


Мужчына ў чарговы раз пакратаў кішэню гарнітура, якую прыемна адцягвала скрынка з узнагародай. “Вось і беларускую медаль заслужыў, не толькі савецкія ўзнагароды, — і ад гэтага стала прыемней на душы, — значыць, яшчэ папрацуем”.


Не часта даводзіцца Якубоўскаму апранаць святочны касцюм, ды яшчэ з гальштукам. Праца такая, што спецвопратку не здымеш ні на адзін дзень. Карова не трактар, яе не паставіш на прыкол і пойдзеш на выхадны. За жывёлай пастаянны догляд патрэбны: накарміць, напаіць, падаіць. І ўсё у строга адведзены час. Вось таму і прападае з рання да позняга вечара на ферме Мікалай Іванавіч. На іх чэрніцкай ферме працаваць нялёгка, усё больш на свае рукі спадзявацца прыходзіцца жывёлаводам. Старая ферма ў Чэрнічах, вытворчыя паказчыкі, якіх тут дабіваюцца аператары, толькі на іх старанні і трымаюцца. Першымі ў раёне тут пачалі атрымліваць малако гатункам “экстра”. Ды і надоі таксама адны з самых высокіх. Той жа Мікалай Іванавіч ад сваёй групы штомесяц па дваццаць і болей тон надойвае малака. Як адзначае аператар, чаму і не даіць, калі кармоў дастаткова. Чэрніцкія жывёлаводы выконваюць самую адказную работу ў тэхналагічным ланцугу вытворчасці малака. Яны заняты на раздоі цялушак, а гэта нялёгкі хлеб. Нездарма ў перадавых гаспадарках такім аператарам нават расцэнку за надоены кілаграм павялічваюць у параўнанні з тымі, што працуюць на асноўных дойных статках.


Больш сарака гадоў адпрацаваў Мікалай Іванавіч на чэрніцкай ферме. І заўсёды ў яго паказчыкі былі самымі высокімі не толькі ў гаспадарцы, але і раёне. Два гады ўжо жывёлавод на заслужаным адпачынку, але справы не пакідае. Больш таго спадзяецца: працаваць і далей. Толькі б здароўе дазволіла.


У акцыянерным таварыстве, як зазначаюць мясцовыя спецыялісты, ганарацца такімі працаўнікамі як Якубоўскі. Усяляк імкнуцца іх падтрымліваць, каб яны плённа працавалі і добра жылі. Гэта таксама спрыяе поспехам аператара машыннага даення.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.