КІРАЎНІКІ ВЫБІРАЮЦЬ СПОРТ

У поўным сэнсе спартыўнай, насычанай рознымі відамі спартыўных паядынкаў выдалася мінулая субота для кіраўнікоў працоўных калектываў Жыткаўшчыны. У першай палавіне дня, калі толькі набіраў разбег новы снежаньскі дзень з калючым, сіверным ветрыкам, ішлі і ехалі кіраўнікі, спецыялісты арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна да Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №3, дзе і меўся адбыцца старт спартыўнага мерапрыемства. У вестыбюлі школы кіраўнікоў калектываў адразу і не пазнаеш, бо кожны з іх змяніў свае касцюмы і гальштукі на нязвыклую на першы погляд для вока спартыўную вопратку. Прывітанні, жарты, смех, сяброўскія розыгрышы і бяскрыўдныя падколкі… Словам, настрой што ні на ёсць самы аптымістычны і баявы. І гэта настройвае на бадзёры лад. Тым больш што спартыўны форум такога маштабу праходзіць у нашым раёне, можна сказаць, упершыню.


Дзесяць гадзін раніцы. Усе ўдзельнікі выстройваюцца ў спартыўнай зале ўздоўж сцяны ў дзве шарэнгі.


— Станавіся, раўняйся, смірна! Раўненне на сярэдзіну! – галоўны суддзя спартакіяды кіруючых работнікаў раёна, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” Леанід Макарэвіч робіць даклад старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Мікалаю Какора. Мікалай Міхайлавіч віншуе ўсіх прысутных з гэтым спартыўным форумам, жадае захоўваць тэхніку бяспекі, дасягнуць поспехаў, перамог, адзначае, што мерапрыемства гэтае праводзіцца з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця. Яго ўдзельнікі павінны вызначыцца, у якія канкрэтна дні яны змогуць ці пасля рабочага дня, ці ў выхадныя дні займацца тым ці іншым відам спорту. Пры гэтым трэба ўлічыць і занятасць жанчын-кіраўнікоў. Выступоўца напаўсур’ёз і напаўжарт дадае, што менавіта спаборніцтвы такога кшталту, такога размаху і дазволяць зрабіць вывад, ці варта ў нашым райцэнтры будаваць культурна-аздараўленчы комплекс…


Спартакіяда лічыцца адкрытай. Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь. Начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Саўчыц прадстаўляе грамадскасці суддзяў. А ўсіх відаў спорту шэсць і чатыры будуць праводзіцца тут, у сценах Жыткавіцкай сярэдняй школы №3. Гэта валейбол і настольны тэніс, плаванне і дартс. Спаборніцтвы па більярду будуць праходзіць у кінатэатры “Узыход” райцэнтра, а па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – у Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №2.


Пасля некаторай размінкі спартыўныя змаганні распачынаюцца. На другім і трэцім паверхах школы адначасова ідуць спаборніцтвы адпаведна па дартсу і настольнаму тэнісу. Пачуцці ў спрачальнікаў разгараюцца штохвілінна не на жарт. Адразу відаць, адныя аддаюць перавагу проста ўдзелу ў спартакіядзе, па прынцыпу: галоўнае – удзел, а не перамога, другім жа трэба перамога, не хочуць яны апынуцца ў хвасце спісу.


Першымі ў дартсе выйшлі пазмагацца жанчыны. Ах, якія непаслухмяныя, якія капрызныя гэтыя самыя дроцікі! Ляцяць не туды, куды хочацца… Хоць ты каравул крычы. Ды не, вось усё бліжэй і бліжэй да цэнтра мішэні. Пасля напружаных, хвалюючых момантаў час і вынікі падводзіць, лічыць балы і вызначаць пераможцаў. Першае месца тут заняла загадчыца дзіцячага садка “Верасок” райцэнтра Святлана Мініч, другое – яе калега з яслі-сада горада Тураў Ніна Кот, а трэцяе – галоўны бухгалтар Белаграпрамбанка Алена Сарока.


Затым жанчыны саступілі месца ля кантрольнай рыскі мужчынам. Найбольш дакладнымі і паспяховымі ў гэтым відзе спорту былі Пётр Кальцоў – старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Дзяніс Гаўрылаў – начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама і Алег Савосценка – дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Жыткавіцкі камунальнік”, якія адпаведна і занялі першае, другое і трэцяе месцы.


Зацятае змаганне ішло адначасова на некалькіх сталах паміж прыхільнікамі малой ракеткі. Дасталося бедным шарыкам, якія, быццам шалёныя, насіліся над сеткамі тэнісных сталоў. Асобныя спартсмены нават распрануліся да майкі – такім высокім было тут напружанне… А лідарам па канчатковай суме балаў стаў галоўны спецыяліст Гомельскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортнаму лячэнню па Жыткавіцкаму раёну Уладзімір Кустаў. На другое і трэцяе месца выйшлі адпаведна дырэктары Браніслаўскай і Рычоўскай школ Леанід Цупік і Мікалай Каляда. А сярод жанчын на першую прыступку ў гэтым відзе спорту паднялася намеснік дырэктара Верасніцкай сярэдняй школы Іна Падалянчук, на другую – дырэктар Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Таццяна Кузьміч.


Асабліва відовішчнымі, што і казаць, былі баталіі па валейболу. Тут кіпелі неймаверныя страсці, гучалі заахвочвальныя апладысменты з аднаго і другога бакоў пляцоўкі. Былі цудоўныя перапасоўкі, гарматныя ўдары над сеткаю, быў сапраўдны азарт, была воля да перамогі. У прынцыповай, бескампраміснай барацьбе на валейбольнай пляцоўцы сышліся тры колеры: каманды райвыканкама, зборная аграпрамысловага комплексу і сацыяльнай сферы і каманда кіраўнікоў прамысловых арганізацый Жыткаўшчыны – белы, чырвоны і блакітны. Хораша глядзелася сярод мужчын спрытная, мэтанакіраваная валейбалістка Вольга Аксёнава – дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба “Ніва”. Прыемна было назіраць і за грацыёзнай, поўнай азарту гульнёй дырэктара раённага камбіната бытавога абслугоўвання Таццяны Кучынскай. Не старэюць душой і ветэраны спорта дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод” Міхаіл Малочка, якому ўжо сёмы дзесятак гадоў, дырэктар Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода Віктар Кур’яновіч і другія.


А лідарамі па валейболу стала каманда райвыканкама. На другім месцы – зборная дружына АПК і сацыяльнай сферы, на трэцім – каманда кіраўнікоў прамысловых арганізацый раёна.


Лепшыя акрэсліліся і на плавальных дарожках басейна. Сярод мужчын першае месца заняў дырэктар ЖМЗ Віктар Кур’яновіч, другое – начальнік аддзела па справах моладзі Дзяніс Гаўрылаў, трэцяе – намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч. Лідарам па плаванні стала і загадчыца дзіцячага сада-ясляў №2 горада Жыткавічы Валянціна Паўлюк.


Арганізавана наладзіла і правяла спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнагай вінтоўкі раённая арганізацыйная структура “Дабрачыннае таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту” ў Жыткавіцкай сярэдняй школе №2. Сярод мужчын першае месца заняў дырэктар Бялёўскай сярэдняй школы Алег Уваркоў, другое – намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Быстрэнка, трэцяе – дырэктар Мілевіцкай сярэдняй школы Міхаіл Хаміцэвіч. Найбольш трапнай у стральбе сярод жанчын была начальнік аддзела землеўпарадкавальнай службы Святлана Панкратава, узнагароджаная падзякай Жыткавіцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Другое месца ў дырэктара дзяржаўнай установы адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці” Наталлі Чашэйка, трэцяе – у дырэктара Людзяневіцкай сярэдняй школы Людмілы Івановай.


За більярднымі сталамі ў кінатэатры “Узыход” завіхаліся толькі мужчыны. Пераможцам стаў дырэктар Жыткавіцкага ПТВ-182 Аляксандр Жогла. На другім месцы пракурор раёна Сяргей Зайцаў, на трэцім — упраўляючы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Анатоль Занкевіч.


Так, важна ўсім нам перамагаць у барацьбе за здароўе. Бо яно ўчора, сёння і заўтра было і будзе асноўнай жыццёвай каштоўнасцю. Згадзіцеся, кожны з нас адчувае пачуццё гонару за нашу краіну, калі на буйнейшых міжнародных спаборніцтвах выконваецца беларускі гімн і ўзнімаецца наш нацыянальны сцяг. І, акрамя таго, разумны, выхаваны, культурны чалавек заўсёды імкнецца весці актыўны і здаровы лад жыцця. Усім нам не перашкаджае засвоіць адну разумную рэч: пра сябе трэба клапаціцца, сябе трэба любіць і не чакаць пакуль гэтым займецца нехта іншы. І гэта нельга лічыць эгаізмам, бо здароўе – гэта каштоўнасць, якая належыць не толькі кожнаму з нас, але і складае агульны нацыянальны дастатак.


— Упэўнены, што такія спартыўныя мерапрыемствы толькі на карысць нам, кіраўнікам, — лічыць дырэктар Жыткавіцкага лясгаса Міхаіл Ляўковіч. – Гэта добры зарад на ўвесь рабочы тыдзень, і справы пасля гэтага павінны толькі паляпшацца.


Яго думку раздзяляюць і другія кіраўнікі.


… У палове трэцяй гадзіны ў Жыткавіцкай сярэдняй школе №3 былі падведзены вынікі спартакіяды, якой была дадзена станоўчая ацэнка. Старшыня райвыканкама Мікалай Какора ўручыў пераможцам граматы і каштоўныя падарункі. У наступны раз кіраўнікі раёна сустрэнуцца, хутчэй за ўсё, на зімовай лыжні.


С. ВЕЧАРОВЫ.


НА ЗДЫМКАХ: у час спартакіяды кіруючых работнікаў раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.