Любіць свой край

Сваю новую кнігу выбраных твораў, якая аб’яднала ў сабе напісанае на працягу чвэрці стагоддзя, прэзентаваў на творчай сустрэчы з педагогамі і вучнямі самай буйной агульнаадукацыйнай установы Жыткавічаў – сярэдняй школы №3 Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ.


У цёплай, зацікаўленай атмасферы прайшла творчая сустрэча. Пісьменнік і чытачы вялі размову пра вядомыя літаратурныя працы вядомага аўтара — раман “Плата за каханне”, аповесці “Глыбокія карані”, апавяданні, гістарычную драму “Маленькая каралева Еўдакія Тураўская”. Прыцягнулі ўвагу і новыя творы таленавітага палешука: раман “Цяпло маладзіка”, які быў да гэтага надрукаваны ў часопісе “Полымя”, аповесць “Анёлы не вяртаюцца”, апавяданне “Сястрычка”. Атрымалася своеасаблівая справаздача аўтара перад землякамі-прататыпамі ягоных твораў за перыяд творчай дзейнасці на працягу апошняй чвэрці стагоддзя.


Пісьменнік адказаў на шматлікія пытанні сваіх чытачоў, якія датычыліся як яго творчасці, так і развіцця сучаснай беларускай літаратуры, стану моўнага і літаратуразнаўчага працэсу ў краіне на сённяшнім этапе развіцця. Аўтар заклікаў найперш юных чытачоў любіць свой край, сваю зямлю, вывучаць яе гісторыю, цікавіцца мінулым, берагчы памяць пра герояў мінулай вайны, шмат чытаць, бо толькі дзякуючы гэтаму можна стаць высокаадукаваным і духоўна багатым чалавекам.


На развітанне Уладзімір Гаўрыловіч падараваў школе першы том сваіх выбраных твораў, які, дарэчы выдадзены тысячным накладам, дзякуючы падтрымцы дзяржаўнага прадпрыемства “Гомельтранснафта “Дружба” і цалкам перададзены бібліятэчнай сістэме вобласці, а таксама кнігі, якія выдадзены апошнім часам абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пад кіраўніцтвам нашага земляка. Другі том, як падкрэсліў пісьменнік, будзе прысвечаны яго першым спробам у публіцыстыцы, журналісцкай дзейнасці і выйдзе да 80-годдзя раённай газеты “Новае Палессе”. Амаль усе творы другога тома – пра родны край пісьменніка і публіцыста.


Д. ІВАНОЎ.


НА ЗДЫМКУ: у час прэзентацыі новай кнігі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.