ПАСІЎНАСЦЬ — НЕ ДА ТВАРУ

На сустрэчу з інфармацыйна-прапагандысцкай групай райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, жыхары вёскі і пасёлка Хваенск, а таксама аграгарадка Азяраны ішлі ахвотна і дружна. Падставай для такой актыўнасці было не толькі жаданне паслухаць прадстаўнікоў раённай улады, але і агучыць перад імі тыя праблемы, што на цяперашні час турбуюць вяскоўцаў вышэйназваных населеных пунктаў.


Што ж набалела ў людзей? Напрыклад, у аграгарадку Азяраны ажыццявілі пракладку камунікацый водазабеспячэння. Спецыялісты КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, якія выконваюць гэтыя работы, «калодзежы» ўстанавілі, але не пазакрывалі іх. Ды і добраўпарадкаванне пакуль не зроблена. Людзі турбуюцца — пры сёлетніх снегападах уваліцца ў такую адтуліну могуць і дзеці, і дарослыя. Дапушчаныя недахопы прадстаўнік камунальнай службы раёна растлумачыў тым, што хацелі выканаць большы аб’ём работ па пракладцы камунікацый, цяпер звяртаецца ўвага на недапрацоўкі. Тыя ж «калодзежы» будуць закрыты шчытамі, выраўняецца і вуліца ў бліжэйшы час. Відавочна іншае, што ў населеным пункце вырашаецца станоўча вялікая праблема па забеспячэнні людзей якаснай пітной вадой.


Вырашаецца ў Азяранах і пытанне па будаўніцтву маста праз раку Бычок. Зараз пачалі разбіраць стары, і ў хуткім часе пачнуць устанаўліваць новы. У планах — зняць з парадку дня і пытанне лазневага абслугоўвання. І на ўсё гэта выдаткоўваюцца значныя сродкі дзяржавай.


Дарэчы, з лазнямі стаіць востра праблема не толькі ў аграгарадку, але і ў іншых населеных пунктах сельсавета. Вялася размова на гэтую тэму і ў пасёлку Хваенск. Каб аднавіць мясцовую лазню, забяспечыць яе неабходным інвентаром вялікіх сродкаў не патрабуецца, больш трэба жадання кіраўніцтва леспрамгаса.


Кажуць, для ўлады няма праблем другарадных. У пасёлку Хваенск паўстала пытанне з ацяпленнем жылога дома і школы. Прычына — людскі фактар. Камунальная служба раёна ўжо які год не можа падабраць надзейныя кадры ў кацельную. А з другога боку, як падабраць, каго, калі самі пасялкоўцы не маюць жадання ісці працаваць у кацельню. Але ж п’яніцу альбо абібока на такі важны аб’ект не возьмеш. Ніна Рамановіч даручыла разабрацца ў гэтай праблеме як мага хутчэй.


Мы ўсе чакаем ад улады дапамогі. І, зразумела, можам на яе разлічваць. Толькі і самім патрэбна крыху варушыцца. А вось з апошнім па прычыне свайго завышанага спажывецкага менталітэту ў нас, на жаль, праблемы. Вось і ў Хваенску паскардзіліся людзі на тое, што вось ужо больш дваццаці гадоў ніхто не можа адрамантаваць у іх калодзежы. Безумоўна, намёк у адрас старшыні мясцовага сельвыканкама. Маўляў, яго гэта справа.


На практыцы атрымліваецца вельмі непрыглядна, старшыня дамовіўся з кіраўніцтвам жыткавіцкага леспрамгаса аб выдзяленні на рамонт калодзежаў будаўнічых матэрыялаў. Усяго і засталося людзям, узяць тую дошку ці брусок і замяніць яе ўласнымі сіламі. Але ж не паспяшаліся скарыстацца такім цудоўным момантам…


Такая інертнасць людзей — непакоіць. Але яшчэ страшней, што многія жыхары спецыяльна наносяць шкоду. Дзякуючы мясцовым вандалам і зладзеям засталіся пасялковыя могілкі без агароджы, бо нехта скраў слупы. Цяпер людзі задаюць пытанне мясцовай уладзе: што рабіць, каб паправіць сітуацыю?


Канечне, праблема вырашыцца, але намаганнямі сельсавета. Толькі ніхто не думае з людзей, што небагатыя фінансы сельская ўлада магла б патраціць на больш пільныя справы, а на заклік: “сабрацца ўсім светам на добрую справу” адказваюць людзі маўчаннем. Хаця самаабкладанне даволі дзейсны сродак пры вырашэнні многіх надзённых пытанняў. Пачысціць пасля снегападаў аператыўна вуліцы – дзе ўзяць грошы? Вось і выхад са становішча…


Па словах і выступленнях людзей на сустрэчах, ёсць недахопы ў многіх сферах. Непакоіць стан вулічнага асвятлення — вуліц і дарог, якія патрабуюць падсыпкі і рамонту, недастатковае транспартнае абслугоўванне, правядзенне медаглядаў у школах урачамі, патравы на прыватных надзелах дзікімі жывёлінамі, і іншыя.


Старшыня райсавета цвёрда запэўніла вяскоўцаў, што ўсе недапрацоўкі будуць выпраўляцца. Галоўнае, каб у сельсавеце склалася дзеяздольнае ядро дэпутатаў, якія ва ўсіх пачынаннях акажуць дзейсную падтрымку кіраўніку сельсавета. У вырашэнні ўсіх жыццёвых пытанняў павінен прымаць удзел не толькі сельскі актыў. Разам з насельніцтвам, прадпрыемствамі — толькі так цяпер і можна паспяхова вырашаць такія пытанні. Грамадою заўсёды ўсё робіцца намнога хутчэй і спрытней.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.