ПЛЁН СТАРАННАСЦІ І ПРАЦАВІТАСЦІ

Найлепшым вытворчым дасягненнем для працаўнікоў камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Бялёў” у прайшоўшым годзе з’яўляюцца здабыткі ў малочнай галіне. Пра іх расказвае намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Лідзія КАРАЛЕЦ:


— Вытворчасць малака для нашага сельгаспрадпрыемства заўсёды адыгрывала вялікае значэнне. Найперш гэта тычыцца эканомікі гаспадаркі. Толькі ў гэтым годзе за адзінаццаць месяцаў ад прадажы малака паступіла на наш банкаўскі рахунак адзін мільярд чатырыста мільёнаў рублёў. Доля “малочных” грошай складае 56 працэнтаў у агульнагаспадарчай выручцы. Увогуле займацца вытворчасцю малочнай прадукцыі даволі прыбыткова для сельгаспрадпрыемства. Яе рэнтабельнасць па выніках дзевяці месяцаў склала 26 працэнтаў, а па канцу года чакаецца ў памеры 30 працэнтаў. Чыстага прыбытку плануем атрымаць 320 мільёнаў рублёў.


Важным здабыткам працаўнікоў ферм гаспадаркі мы лічым і тое, што за ўсю яе гісторыю ў нас маецца рэальная магчымасць надаіць ад кожнай каровы па пяць тысяч кілаграмаў малака. За адзінаццаць месяцаў сярэдні надой на грамадскіх фермах склаў 4620 кілаграмаў ад каровы. Надоі ў апошнім месяцы года надаюць упэўненасці на станоўчы вынік.


Каб мець такі паказчык, увесь калектыў гаспадаркі нямала працаваў даволі доўгі час. Значныя капіталаўкладанні выдаткоўваліся на рэканструкцыю фермскіх памяшканняў і на набыццё сучаснага даільнага і халадзільнага абсталявання. Устаноўлены на ферме камп’ютар дазваляе заатэхнічнай службе на больш высокім узроўні весці разлікі па многіх тэхналагічных працэсах. Гэта таксама станоўча адбіваецца на вытворчасці малака. Як і тое, што з набыццём кормазмяшальніка мы намнога палепшылі арганізацыю кармлення жывёлы, здолелі збалансаваць рацыёны па спажыўных рэчывах.


Канечне, тэхнічнае пераўзбраенне, што праведзена на малочнатаварнай ферме, гэта даволі важкі фактар, які аказаў уплыў на работу малочнай галіны. Але падаецца мне, ці дабіліся б мы цяперашніх паказчыкаў, калі б не змяніліся адносіны жывёлаводаў да выканання сваіх абавязкаў. Гэта адбылося дзякуючы прадуманым разлікам па аплаце працы даярак. Адзначу, што ў нас працуе шмат старанных працаўніц, аператараў машыннага даення. Гэта і Галіна Рагалевіч, і Жана Матох, і Ірына Рубіс, і Марыя Бялько, і многія іншыя. Названыя мной рупліўцы па канцу года адназначна надояць ад кожнай кароўкі сваёй групы больш чым па пяць тысяч кілаграмаў малака.


Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства пастаралася стварыць для жывёлаводаў не толькі добрыя ўмовы для працы, але і бытавыя. Пэўныя змены адбыліся і ў падыходах на вытворчасці. Напрыклад, цяпер аператары машыннага даення не клапоцяцца пра цялят, якія расцяліліся ад кароў у іх групах. Зараз гэты абавязак ускладзены на даглядчыкаў.


Неацэнны ўклад у вытворчасць малака аказала і работа гаспадарчага звяна па ўзнаўленню статка. Тэхнік-асемянатар Ніна Чарнушэвіч лічыцца адным з лепшых спецыялістаў у сваёй справе па раёну. Аб тым сведчаць і сёлетнія яе паказчыкі. У разліку на сто кароў яна атрымала ўжо 92 цяляці, а ў разліку на сто матак – 106. Стабільнасць і выніковасць яе працы ствараюць спрыяльную глебу для вытворчасці малака. Як і стараннасць у прайшоўшым годзе нашых корманарыхтоўшчыкаў. Аляксандр Макарэвіч на сваім кормаздабываючым комплексе здрабніў больш 12 тысяч тон травяністай і кукурузнай масы, з якой закладзены сілас і сянаж на корм жывёле зімой. Дарэчы, яго назапашана значна болей чым у мінулыя гады. Адзначу працу і Уладзіміра Шульгі, які ўсё лета быў заняты забеспячэннем ферм зялёнай падкормкай. Менавіта яго працавітасць дазволіла нам не знізіць надоі летам, калі стаяла невыносная спякота. Дойныя статкі на гэты час былі з палявых умоў пераведзены на фермы, дзе ў стацыянарных умовах вялося даенне і кармленне жывёлы. Ажыццявіць гэта дапамагло ў такі складаны перыяд і тое, што ў гаспадарцы паклапаціліся пра стварэнне паблізу ферм добрых выпасаў.


Так, нашымі жывёлаводамі ў вытворчасці малака зроблены значны крок наперад. Але і гэта не мяжа. Таму хочацца, каб у новым годзе на грамадскіх фермах былі яшчэ больш важкія надоі, і каб нарэшце мы пачалі прадаваць малако гатункам “экстра”. Мінулы год паказаў, што і над якасцю прадукцыі мы таксама навучыліся працаваць нядрэнна. 97 працэнтаў малака прададзена перапрацоўшчыкам вышэйшым гатункам.. Таму жадаю усім здароўя і плёну ў працы, каб нашы здабыткі і ў гэтым годзе сталі такімі ж выніковымі, як і ў мінулым.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.